Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦАР: Прэзыдэнт уцёк, Канстытуцыя прыпыненая


Франсуа Базізэ, зрынуты прэзыдэнт ЦАР, які ўцёк у Камэрун.

Франсуа Базізэ, зрынуты прэзыдэнт ЦАР, які ўцёк у Камэрун.

Лідэр паўстанцаў, якія захапілі сталіцу Цэнтральнай Афрыканскай Рэспублікі, Мішэль Джотадзія, заявіў, што прыпыняе дзеяньне Канстытуцыі і распускае парлямэнт.

Ён зазначыў таксама, што ў краіне наступіць «пераходны пэрыяд» да моманту правядзеньня «сумленных і адкрытых выбараў». За гэты час ён будзе самастойна кіраваць краінай.

Ён пакінуў у сіле мірнае пагадненьне, згодна зь якім на працягу трох гадоў у краіне павінны прайсьці выбары. Паводле афіцыйных дадзеных, зрынуты прэзыдэнт ЦАР Франсуа Базізэ зьбег у суседні Камэрун.

Пасьля перавароту, Афрыканскі саюз прыпыніў сяброўства ЦАР і наклаў санкцыі на лідэраў паўстанцаў. Каля 5 тысяч байцоў мяцежнай кааліцыі «Сэлека» ўзялі сталіцу Банга ў нядзелю пасьля таго, як прадстаўнікі кааліцыі выйшлі з ураду.

«Я лічу неабходным прыпыніць дзеяньне Канстытуцыі 27 лістапада 2004 года, распусьціць парлямэнт і ўрад», — заявіў у звароце Мішэль Джатадзія. Як перадае агенцтва Ройтэрз, зварот не змаглі паказаць па тэлебачаньні з-за перабояў з электрычнасьцю. Запіс перадалі журналістам.

«За час пераходнага пэрыяду, які прывядзе нас да свабодных, сумленных і адкрытых выбараў, я буду кіраваць краінай, выдаючы дэкрэты».

Паводле апошніх зьвестак, у сталіцы ЦАР цяпер дзейнічаюць марадзёры. Дзясяткі тысяч людзей вымушаныя былі зьбегчы з краіны ў суседнія Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Камэрун.

З часу атрыманьня незалежнасьці ад Францыі ў 1960 годзе Цэнтральная Афрыканская Рэспубліка так і не змагла дасягнуць стабільнасьці і застаецца адной з найменш разьвітых у эканамічным пляне краін у сьвеце, паведамляе ВВС.
XS
SM
MD
LG