Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве згадалі БНР


Зьміцер Салаўёў тлумачыць чаму сёлета згадваюць БНР ля школы, а не ля музэю. Побач з актывістам ягоная дачка Ялінка

Зьміцер Салаўёў тлумачыць чаму сёлета згадваюць БНР ля школы, а не ля музэю. Побач з актывістам ягоная дачка Ялінка

25 сакавіка ў Магілёве два дзясяткі актывістаў апазыцыйных арганізацый прыйшлі да будынка мясцовай 1-й школы, каб згадаць сход, на якім у 1918 годзе магілёўцы прызналі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ад 2007 году апазыцыянэры згадвалі падзею 95-гадовай даўніны ля будынка абласнога краязнаўчага музэя. Як паведаміў на акцыі кіраўнік абласной структуры партыі БНФ Зьміцер Салаўёў, у будынку, дзе цяпер школа, і адбыўся сход грамадзкасьці:

«Нашы гісторыкі нядаўна адшукалі ў Віленскіх архивахдакумэнты пра мінулае Магілёва. Высьветлілася, што да 1918 году ўсе будынкі, якія месьціліся на Губэрнатарскай плошчы, былой Гандлёвай, былі забраныя пад патрэбы стаўкі расейскага імпэратара Мікалая ІІ. Высьветлілася, што, будынак Акруговага суду, дзе адбываўся сход, на якім была прызнаная ўлада БНР, быў у жаночай Марыінскай гімназіі — цяпер гэта школа № 1. У тагачасным судзе быў і штаб таго сходу».

Да будынка школы, якая непадалёк ад гарвыканкаму, грамаду апазыцыянэраў суправаджалі сямёра міліцыянтаў у форме і цывільным. Трое міліцыянтаў былі ў званьні падпалкоўнікаў. Адзін зь іх нёс мэгафон. Інцыдэнтаў зь міліцыяй за час акцыі не было. На яе пачатку міліцыянты пацікавіліся ў апазыцыянэраў, ці будуць яны праводзіць мітынг з сымболікай. Актывісты адказалі, што не. Апазыцыйная акцыя была нядоўгай. На падваконьне актывісты ўсклалі кветкі.

Факт сходу прадстаўнікоў грамадзкасьці Магілёва й прызнаньне імі ўлады БНР у гістарычнай літаратуры выявіў мясцовы гісторык Ігар Пушкін. Паводле яго, сход адбыўся 12 ліпеня 1918 году з ініцыятывы Беларускага камітэту, якім кіраваў Міхаіл Кахановіч. У сходзе ўдзельнічала каля чатырохсот магілёўцаў. Яны, як сьцьвярджае гісторык, бальшынёй галасоў прызналі стварэньне БНР і ўладу БНР у Магілёве.

Ігар Пушкін пацьвярджае словы Зьмітра Салаўёва наконт месца, дзе адбыўся суд. Гісторык заяўляе, што ў Віленскім гістарычным музэі знаёміўся з дакумэнтамі пра мінулае Магілёва. Спадар Пушкін настойвае, што сход аб прызнаньні ўлады БНР адбыўся ў акруговым судзе, які месьціўся ў жаночай гімназіі. Да 1914 году суд разьмяшчаўся на Губэрнатарскай плошчы, кажа гісторык, а пасьля зьяўленьня стаўкі расейскага імпэратара яго адсялілі ў будынак гімназіі. Цяпер у будынку гімназіі — сярэдняя школа № 1.
XS
SM
MD
LG