Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі-2013 у Нью-Ёрку і Нью-Джэрзі


Сьвяткаваньне ў Брукліне. Фота Дзмітрыя Шчыгельскага

Сьвяткаваньне ў Брукліне. Фота Дзмітрыя Шчыгельскага

Больш за 60 чалавек узяло ўдзел у сьвяткаваньні 95-х угодак зь дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое было арганізавана Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА) і парафіяй сьв.Кірылы Тураўскага. Сьвяткаваньне адбылося ў грамадзкай залі Сабору сьв.Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў ню-ёркскім раёне Брукліне.

Прагучалі віншаваньні ад Прэзыдэнта Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы, Згуртаваньня Беларусаў Сусьвету «Бацькаўшчына», Таварыства Беларускай Мовы, кіраўніка руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, а таксама ад 17 арганізацыяў беларусаў з усяго сьвету, выступы старшыні БАЗА Ганны Сурмач, былых кіраўнікоў арганізацыі Антона Шукелойця і Вячкі Станкевіча ды інш.

Пасьля заканчэньня афіцыйнай часткі адбыўся сьвяточны канцэрт, у якім узялі ўдзел як беларусы зь Ню-Ёрку, так і госьці з Канады — сьвяткаваньне наведаў музычны дуэт «Кантабіле» ў складзе Ўлады Шамецькі і Міхася Рыкава, а таксама беларускага паэта Юрася Шамецькі.

Фотаздымкі можна пабачыць тут.

У Нью-Джэрсі сьвяточны дзень распачаўся ў царкве Жыровіцкай Іконы Маці Божай у Гайлэнд Парку. Сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Царквы айцец Зінові адправіў малебен за Беларусь ды ўвесь беларускі народ. Сьвяткаваньне працягнулася ў гатэлі Hyatt у Нью-Брансуіку. Віншаваньні беларусам даслалі кангрэсмэн Крыс Сьміт, сэнатары Франк Лаўтэнбэрг і Робэрт Мэнэндэс ды губэрнатар Крыс Крысьці.

Фота і відэарэпартаж тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG