Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 26 сакавіка: Праская вясна ў Менску, пачатак Шэнгену


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Менску ў 10.00 пачнецца пасяджэньне прэзыдыюму Савету міністраў РБ.

У Менску адбудзецца прэзэнтацыя эскізнага праекту аднаўленьня жылой і грамадзкай забудовы тэрыторыі Нізкага і Мяснога рынкаў на тэрыторыі гістарычнага цэнтру Менску. У рамках прэзэнтацыі адбудзецца прэс-канфэрэнцыя старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Бацькаўшчына» Антона Астаповіча. Пачатак у 13.00. Адрас: вул. Мяснікова, 35 (уваход з вул. Берсана). Больш падрабязна тут.

Літаратурны вечар «Праская вясна ў Менску» пройдзе ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў». У праграме — прэзэнтацыя твораў чэскай літаратуры — як сусьветна вядомых клясыкаў, так і сучасных папулярных аўтараў у беларускіх перакладах. Пачатак у 19.00.

У Жодзіне моладзевая зборная Беларусі ў адборачным турніры маладзёвага (U-21) чэмпіянату Эўропы-2013/15 згуляе з Ісьляндыяй. Матч пройдзе на стадыёне «Тарпэда». Пачатак у 16.00. Уваход на гульню вольны.

У Вільні ў рамках сьвяточных мерапрыемстваў «Беларускі тыдзень» у Сойме Літоўскай Рэспублікі пройдзе канфэрэнцыя «Чаго чакаць Беларусі ад старшынёўства Літвы ў Эўрапейскім зьвязе?» Час і месца: 13:00 — 15:00, Сойм Літоўскай Рэспублікі (Gedimino pr. 53), заля Канстытуцыі. Больш падрабязна пра Беларускі тыдзень тут.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1944 — у Менску пад нямецкай акупацыяй у гарадзкім тэатры адбылася прэм’ера опэры «Ўсяслаў Чарадзей» кампазытара Міколы Шчаглова-Куліковіча на вершы Натальлі Арсеньневай.

1971 — Усходні Пакістан абвясьціў незалежнасьць ад Пакістану, пачалася вайна за вызваленьне Бангладэшу.

1988 — у Беластоку падчас тайнага сьвяткаваньня ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі сфармаваны заснавальніцкі камітэт Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў (БАС).

1995 — пачало дзейнічаць Шэнгенскае пагадненьне.

У гэты дзень нарадзіліся:

1932 — Мікалай Мікулік, беларускі матэматык.

1937 — Ян Сычэўскі, дзяяч беларускае дыяспары ў Польшчы.

1940 — Міхаіл Касьцюк, беларускі гісторык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

1988 — Францішак Вячорка, беларускі маладзёвы актывіст.

У гэты дзень памерлі:

1827 — Людвіг ван Бэтховэн, нямецкі кампазытар.



1892 — амэрыканскі паэт Ўолт Ўітман.

1923 — француская акторка Сара Бэрнар.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Музыка — большае Боскае адкрыцьцё, чым уся мудрасьць і філязофія.

Людвіг ван Бэтховэн
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG