Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў ратуецца ад сьнегу


Сьнегапад, які накрыў на выходных палову Ўкраіны, скончыцца ўжо днямі, кажуць у Гідраметцэнтры краіны. Аднак пацяпленьня варта чакаць не раней, чым праз тыдзень.

Непагадзь дала падставу і для палітычных заяваў: апазыцыя ў Кіеве загаварыла пра тое, што чыноўнікі, якія ня справіліся з уборкай сьнегу, павінны падаць у адстаўку. Улады Кіева ў адказ кажуць, што робяць усё магчымае.

Цыклён, які вярнуў зіму, цалкам пакіне тэрыторыю Ўкраіны ўжо праз тыдзень, – паведаміў Радыё Свабода дырэктар Гідраметцэнтру Мікалай Кульбіда.

«Кіяўлянам асабліва турбавацца ня трэба, паколькі асноўны сьнег ужо выпаў, і тыя вельмі нязначныя ападкі, якія яшчэ пройдуць да канца сёньняшняга дня і заўтра, істотна на сытуацыю ўжо не паўплываюць. Невялікія ападкі яшчэ чакаюцца на паўночным усходзе і ўсходзе Ўкраіны.

Непагадзь за два дні абясточыла ва Ўкраіне да паўтысячы населеных пунктаў. Ратавальнікі Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый усе выходныя рапартавалі аб зробленым: на сайце можна знайсьці шматлікія фота- і відэаматэрыялы аб іх працы ў розных рэгіёнах Украіны. Для таго, каб адкапаць Украіну з-пад сьнегу, нават прыцягнулі спэцыяльную тэхніку Міністэрства абароны.

У Кіеве, каб палегчыць працу камунальнікам (і кіяўлянам, якія вымушаныя неяк дабрацца на працу), панядзелак абвясьцілі выходным днём.

Кіраўнік гарадзкой камунальнай гаспадаркі Аляксандар Папоў заявіў, што сталічная ўлада падчас непагадзі «працавала кругласутачна». «Створаны гарадзкія і раённыя штабы. Яны таксама працуюць кругласутачна. Зьвяртаюся да ўсіх аўтамабілістаў. Зразумейце, нам вельмі неабходна вызваліць нашы вуліцы ад прыпаркаваных аўто. Мы праводзім эвакуацыі для таго, каб забясьпечыць стабільную працу нашага грамадзкага транспарту. Таксама прашу: без неадкладных патрэбаў не выкарыстоўвайце свае ўласныя аўтамабілі», – зьвярнуўся да кіяўлянаў Папоў.

Апазыцыя заявам Папова аб актыўнай працы ня верыць. Больш за тое – патрабуе яго адстаўкі. Народны дэпутат ад «Бацьківшчыны» Аляксандар Брыгінец заявіў Радыё Свабода:

«За ўсю гісторыю Кіева не было такога, каб больш за двое сутак не працаваў грамадзкі транспарт. Хутчэй за ўсё, уся тэхніка была кінутая на расчыстку дарог для прэзыдэнта, які ў пятніцу вечарам вяртаўся з Польшчы і трэба было яму забясьпечыць трасу Барыспаль-Межыгор’е. Фактычна ня горад, не мясцовая ўлада выконвае функцыі, якія яна павінна выконваць за нашы з вамі бюджэтныя грошы, а прыватныя людзі», – адзначыў парлямэнтар.

Каб прыбраць сьнег з украінскіх дарог, ратавальнікі задзейнічалі больш за 400 адзінак тэхнікі. Аднак, напрыклад, у Кіеве вызваляць свае машыны з-пад сумётаў шматлікім кіроўцам давялося самастойна. Дапамагаць ім узяліся неабыякавыя. У сацыяльных сетках зьявіліся групы, дзе людзі прапаноўвалі сваю дапамогу: прыйсьці з рыдлёўкамі, гарачай гарбатай і бутэрбродамі ці выехаць на ўласным аўто і ўжо разам выцягнуць таго, хто затрымаўся.

Ачышчалі сьнег з дарог і тратуараў і актывісты партый УДАР і «Свабода». Свае дзеяньні яны назвалі «бэстэрміновай акцыяй па выратаваньні кіяўлян ад непагадзі».

Знайшліся ў Кіеве і людзі, якія, улічваючы адсутнасьць грамадзкага транспарту, прапаноўвалі падвезьці за астранамічныя для такіх паслуг сумы.

Надзвычайнае становішча, абвешчанае ў Кіеве ў суботу, будзе доўжыцца яшчэ каля тыдня. Урад ужо прыняў рашэньне даць Кіеву фінансавую дапамогу – для аплаты паслуг некамунальных прадпрыемстваў, якія далучыліся да ліквідацыі наступстваў непагадзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG