Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца: Полудзень выйдзе на волю ўжо ўлетку


 Яўген Полудзень

Яўген Полудзень

Былы намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень прызнаны вінаватым у службовых злоўжываньнях і перавышэньні ўлады, і адначасова вызвалены ад адказнасьці паводле артыкула аб хабары.

25 сакавіка ў Беларускім вайсковым судзе быў абвешчаны прысуд былому намесьніку міністра ўнутраных спраў Яўгену Полудню, якога затрымалі яшчэ ў сьнежні 2011 году, а судзіць пачалі ў студзені 2013 году за зачыненымі дзьвярыма. Суд прызнаў Яўгена Полудня вінаватым паводле артыкулаў аб злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі ды аб перавышэньні ўлады ці службовых паўнамоцтваў. Абвінавачваньне ў атрыманьні хабару, якое падтрымлівала пракуратура, у судзе не пацьвердзілася і было з Полудня зьнятае. Вось якім будзе, паводле судзьдзі Аляксандра Лупіновіча, канчатковае пакараньне для былога намесьніка міністра МУС:

«Канчатковае пакараньне для Полудня прызначыць шляхам паглынаньня менш строгага пакараньня больш строгім у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з адбыцьцём у папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. З канфіскацыяй усёй маёмасьці, з пазбаўленьнем права займаць пасады, якія зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў на 5 гадоў, з пазбаўленьнем адмысловага званьня палкоўнік міліцыі ў запасе».



Паколькі суд быў закрыты, засталося таямніцай, якія канкрэтна злачынствы зьдзейсьніў Яўген Полудзень на пасадзе намесьніка міністра МУС, якую ён займаў са жніўня 2009 па сьнежань 2011 году. Пэўныя высновы назіральнікі могуць зрабіць са сьпісу таго, што падлягае канфіскацыі ў Яўгена Полудня ды сьпісу рэчавых доказаў зь ягонай справы. У былога намесьніка міністра будуць канфіскаваныя ноўтбук і аўтамабіль «Опэль Вэктра» ды 9,5 мільёна рублёў грошай, а вось загарадны дом і кватэра, якія фігуравалі ў справе, вернутыя іншым уласьнікам. Забяруць у Полудня на карысьць дзяржавы бутэльку францускага каньяку «Курвуазье» і торт, назва якога ў прысудзе не прагучала, а таксама 9 каністраў з-пад паліва. У сьпісе рэчавых доказаў у справе фігуравалі 100 літраў дызэльнага паліва, нібыта атрыманых намесьнікам міністра ў якасьці хабару, але паводле гэтага эпізоду абвінавачаньня міліцыянт быў апраўданы.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксандар Мірончык пасьля абвяшчэньня прысуду адмовіўся яго камэнтаваць для журналістаў, спаслаўшыся на тое, што ня мае на руках усяго тэксту прысуду. Адвакат Шумскі, які абараняў Яўгена Полудня, да журналістаў так і ня выйшаў. Тацяна Полудзень, жонка асуджанага, сказала, што «наўрад ці яны будуць падаваць касацыйную скаргу на прысуд». Прысуд ваеннай калегіі Вярхоўнага суду лічыцца канчатковым, і паводле закону на яго можна падаць толькі наглядную скаргу. Вось што «Свабодзе» сказаў брат асуджанага, Георгій Полудзень, адносна прызнаных злачынстваў ягонага брата:

«Вы вазьміце любога кіраўніка, абсалютна любога, і заўваг ці парушэньняў будзе нават больш, чым прызналі ў намесьніка міністра».

Карэспандэнт: «А што ён сам пісаў падчас сьледзтва? Ці прызнаваў сваю віну?»

«Не, вядома, не прызнаваў».

Карэспандэнт: «А чаму, як вы мяркуеце, быў абвешчаны закрытым гэты працэс?»

«Магчыма, тыя, хто даваў паказаньні пра гэтыя каністры ды пра іншае, ім нельга было сьвяціцца ў судзе. Таму і закрылі працэс. Я гэтак мяркую».

Раней у мэдыях гучалі вэрсіі, што Яўген Полудзень нібыта адрамантаваў за кошт дзяржаўнай установы аўтамабіль, атрымліваў каштоўныя падарункі, меў за кошт службовага становішча нейкія выгоды. Што з гэтага праўда, засталося невядома. Дагэтуль няма зьвестак і пра тое, каб за ўдзел у злоўжываньнях Яўгена Полудня прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці кагосьці зь ягоных былых калегаў.

Дзе будзе адбываць пакараньне Яўген Полудзень? У прысудзе сказана толькі пра калёнію з узмоцненым рэжымам, але якую канкрэтна — зьвестак яшчэ няма. Як мяркуе Андрэй Бандарэнка, кіраўнік установы «Плятформа», якая абараняе правы вязьняў, былога намесьніка міністра МУС «разьмяркуюць» у калёнію «Віцьба-3»:

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

«Гэта адназначна калёнія „Віцьба-3“, якая і стваралася для такога кантынгенту. Наўрад ці да месца нейкія сумненьні, куды яго накіруюць».

Карэспандэнт: «Амаль год і 4 месяцы Полудзень адбыў за кратамі, і яшчэ яму засталося сядзець крыху больш за 2 гады. Калі, як вы думаеце, ён выйдзе на волю?»

«Паводле досьведу, тры з паловай месяцы трэба прабыць у калёніі, каб разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Тры месяцы патрабуецца на тое, каб вязень „цьвёрда стаў на шлях выпраўленьня“, а пасьля гэтага яшчэ нейкі час зойме працэдура ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Не сумняваюся, што гэтак і адбудзецца адносна Яўгена Полудня».

Карэспандэнт: «А чаму вы гэтак мяркуеце?»

«Па-першае, вельмі малы тэрмін даў суд. Відавочна, такі тэрмін падганяўся менавіта пад умоўна-датэрміновае вызваленьне. Звычайна за злачынствы паводле гэткіх артыкулаў людзі атрымліваюць тэрміны ад 5 гадоў, а тут — такі малы тэрмін. Гэта невыпадкова. Гэта відавочна мяккае пакараньне, калі ён насамрэч вінаваты. Паколькі суд быў закрыты, мы можам толькі здагадвацца, да якой ступені ён быў вінаваты і ўвогуле ці быў вінаваты. Бо ня выключана, што гэта разборкі ўнутраныя ў сыстэме МУС. Мог стаць камусьці не даспадобы. Шмат што можна меркаваць».

За датычнасьць да перасьледу актывістаў апазыцыі і разгону акцыяў пратэсту Яўген Полудзень быў уключаны ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША.
XS
SM
MD
LG