Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Несьцерка» у экспартным варыянце

абноўлена

Прэм’ера Несьцеркі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00
Наўпроставы лінк

Кінастудыя «Беларусьфільм» прэзэнтуе поўнамэтражны анімацыйны фільм «Прыгоды Несьцеркі».

Гэта першы нацыянальны прадукт такога кшталту за многія гады: за савецкім часам мульцікаў па-беларуску амаль не выпускалі. Стваральнікі кажуць, што працавалі над стужкай амаль дзесяцігодзьдзе і цяпер спадзяюцца на пасьпяховае фэстывальнае жыцьцё карціны. Праўда, беларускія гледачы пакуль што пастаўленыя ў чаргу на прагляд: з камэрцыйных меркаваньняў народнага героя Несьцерку, хутчэй за ўсё, спачатку выправяць зарабляць грошы ў Расею.

Канчатковую вэрсію мультфільма «Прыгоды Несьцеркі» рэжысэр Ігар Воўчак, сцэнарыст Дзьмітрый Якутовіч, мастакі-пастаноўшчыкі Ала Мацюшэўская, Ірына Тарасава ды іншыя прадставяць у менскім Доме кіно. Каб не сурочыць, да прэм’еры непасрэдныя стваральнікі карціны ад інтэрвію ўстрымліваюцца. Некаторыя падрабязнасьці закулісься расказаў дырэктар студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільму» Ігар Галіноўскі:

«Гэтая поўнамэтражная карціна адпачатку была задуманая як сэрыял,
Сёньня на прэм’еры, спадзяюся, будуць акторы, рэжысэр Ігар Воўчак паспрабуе зрабіць своеасаблівае шоў

было нават зроблена 8 сэрый. Потым зьявілася ідэя аб’яднаць сэрыі, якія рабіліся ў розныя гады і паміж якімі ўтварыўся вялікі часавы прамежак. І сёньняшняя прэм’ера „поўнага мэтра“ — гэта фільм, зроблены з сэрыялу зь некаторымі дадаткамі, устаўкамі. Увайшло яшчэ больш за 3,5 хвіліны дадатковага мэтражу стужкі, цяпер яго глядзіш як поўнамэтражны мультфільм. Сёньня на прэм’еры, спадзяюся, будуць акторы, рэжысэр Ігар Воўчак паспрабуе зрабіць своеасаблівае шоў. У тым сэнсе, што будзе выклікаць на сцэну дзяцей, якія разам з акторамі паспрабуюць нейкія фрагмэнты агучыць. Можа, гэта ягоны сакрэт і я дарэмна расказваю, але калі ўсё атрымаецца, то павінна быць цікава. Сэнс у тым, каб даць загучаць простым дзецям. Не прафэсійна, а чыста паспрабаваць сябе на сцэне, паспрабаваць агучыць Несьцерку. А гледачы хоць крыху пабачаць, як выглядае наша кухня знутры».

Стваральнікі спадзяюцца, што з дапамогай беларускага героя Несьцеркі здолеюць пазнаёміць замежных гледачоў з культурай, традыцыямі і адметнасьцямі Беларусі. І ўсё ж, як мяркуе Ігар Галіноўскі, у сучасным сьвеце наўрад ці мультфільм будзе прыняты абсалютна ўсімі:

«Вядома ж, асноўная наша мэта ў тым, што мы прапагандуем беларускае анімацыйнае кіно. Гэта ў першую чаргу. Яно, натуральна, крыху адрозьніваецца ад расейскага, ад заходняга. Дый што казаць — розьніца вялікая. Наша кіно праходзіць больш складаны фільтар, таму яно, напэўна, больш стрыманае, няма таго, як кажуць, калі ўсё балянсуе на мяжы фолу. Таму прадукцыя адрозьніваецца. Не выключаю, што для нейкай катэгорыі дзяцей гэта будзе менш цікава, але такія фільмы ў большай ступені вучаць добраму, чым мультфільмы з мачалкамі, яшчэ нечым. Хоць месцамі нядрэнныя і гэтыя мульцікі. Гледзячы якая культура. Часта ў рэкляме паказваюць нейкіх трохмерных пудзілаў — яны пукаюць, адрыгваюць, нібыта павінна быць прыкольна і сьмешна. Але наша культура ўсё ж крыху іншая. Добра гэта ці дрэнна — гэта ўжо меркаваць, зыходзячы з пэўнай мэнтальнасьці».

Кіраўніцтва «Беларусьфільму» разьлічвае на пасьпяховае фэстывальнае жыцьцё «Несьцеркі». Аднак кінакрытык Ала Бабкова лічыць, што традыцыі савецкай школы, якой трымаюцца беларускія аніматары, наўрад ці дазволяць стваральнікам «Несьцеркі» прагрымець на міжнародных форумах. Хоць зварот да знаёмага зь дзяцінства пэрсанажа, падача матэрыялу па-беларуску — моманты, вартыя пахвалы:

«Тыя асобныя сэрыі, што я глядзела, — яны, скажам так, дзесьці
трэба ўсе спробы падтрымліваць, хваліць. Як бы там ні было, гэта зьвяртаньне да нашага героя, і не прыдуманага, а ўзятага зь мінуўшчыны

пасярэдзіне: паміж ня вельмі і паміж слушным. Прынамсі, на падставе ўбачанага пра падзею казаць не выпадала. Трэба, вядома, глядзець матэрыял цалкам, можа, у выніку нешта і склалася. Але не рэкамэндую ўпадаць у асаблівую эйфарыю. Вось „Будзьма“ — гэта была падзея ў мультыплікацыі. А гэта — ну, так, без сэнсацый. Усё ж такі Ігар Воўчак, як мне падаецца, ідзе за некалькімі нашымі значнымі анімацыйнымі фігурамі. Перадусім Міхаілам Тумелем, Аленай і Ўладзімерам Пяткевічамі. Вось гэтыя людзі якраз усясьветнага ўзроўню, а Ігар — ужо пасьля іх. Гэта першае. Па-другое, вельмі бракуе драматургічнага матэрыялу. Няма добрых анімацыйных драматургаў, з чаго ўсе нашы пакуты. Вядома, трэба ўсе спробы падтрымліваць, хваліць. Як бы там ні было, гэта зьвяртаньне да нашага героя, і не прыдуманага, а ўзятага зь мінуўшчыны».

У агучваньні пэрсанажаў «Прыгодаў Несьцеркі» задзейнічаныя многія папулярныя акторы тэатру і кіно. Гэта Генадзь Аўсяньнікаў, Віктар Манаеў, Аляксандар Ткачонак, Уладзімер Мішчанчук, Аляксандар Кашпераў, Іван Мацкевіч, Тамара Мужэнка, Сьвятлана Сухавей ды іншыя. Пры гэтым, як расказвае народны артыст СССР Генадзь Аўсяньнікаў, цалкам зьведзены матэрыял артысты ўпершыню таксама ўбачаць толькі сёньня:

«Удзельнічаў у агучваньні, так. Але цалкам мультфільм дагэтуль яшчэ не глядзеў, ня бачыў. Толькі кавалачкамі — тое, што трэба было агучваць. Таму, пакуль ня ўбачу, вельмі цяжка ацэньваць — удалася праца ці не ўдалася? Вось сёньня будзе прэзэнтацыя, калі пасьпею з рэпэтыцыі, то абавязкова прыеду. Тады ацаню, можна будзе больш прадметна пра нешта пагаварыць. Бо, яшчэ раз кажу, падчас працы бачыў толькі свае асобныя кавалачкі фільму».

Карэспандэнт: «Увогуле з задавальненьнем прынялі прапанову паспрабаваць сябе ў новай якасьці?»

«Ну, пакуль ня ўбачу, што атрымалася, не магу нават сказаць — з задавальненьнем ці зь нейкім іншым пачуцьцём? Сваю справу зрабіў, астатняе ўжо ад мяне не залежыць».

Сёньняшняя прэм’ера мультфільма яшчэ не азначае, што беларускія гледачы неўзабаве ўбачаць яго на вялікіх экранах. Прадстаўнік «Беларусьфільма» Ігар Галіноўскі кажа, што цяпер важна здабыць камэрцыйную выгаду, таму ня выключана, што беларусаў давядзецца паставіць у чаргу чаканьня:

«Я думаю, што пасьля афіцыйнай прэм’еры і пасьля таго, як мы вызначымся, на якія фэстывалі будзем падаваць гэты анімацыйны фільм, далей ужо будзем разглядаць ягоны камэрцыйны складнік. Калі мы будзем, напрыклад, спрабаваць прадаць яго ў Расею (а ў нас ёсьць і расейскамоўная вэрсія, і субтытры ангельскія), там часам глядзяць, ці быў ужо паказ. Гэта вельмі важна, бо пакупнікі, вядома, прэтэндуюць на першы пракат. Асабліва гэта тычыцца расейцаў. І нам гэта цікава, таму што пойдзе валюта ў краіну, мы проста вымушаныя з гэтым лічыцца. Нават насуперак таму, што наш беларускі глядач можа ня першым паглядзець гэты фільм, але затое ў рэспубліканскі бюджэт прыйдуць грашовыя сродкі».

Вобраз вясёлага, кемлівага і дасьціпнага Несьцеркі — зборнага героя беларускіх народных казак і паданьняў — быў сыстэматызаваны ў аднайменнай п’есе драматурга Віталя Вольскага. У Беларусі пэрсанаж атрымаў вялізную папулярнасьць і вось ужо сем дзясяткаў гадоў культывуецца як прафэсійнымі тэатрамі, так і на самадзейным узроўні. Дзякуючы амаль гадзіннаму паўнамэтражнаму мультфільму Ігара Воўчака «Несьцерка» выходзіць на міжнародную арбіту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG