Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць на Берасьцейшчыне ўжо зьявіліся першыя буслы, большасьць пералётных птушак чакае, калі ў Беларусь прыйдзе вясна.

Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» перакананая, што маразы і завірухі не пагражаюць буслам, якія ўжо прыляцелі на Берасьцейшчыну. Гэтыя птушкі добра пераносяць нізкія тэмпэратуры — дзякуючы хуткаму абмену рэчываў яны ўмеюць сагравацца.

"Але для большасьці тэрыторыі Беларусі прылёт птушак з выраю затрымліваецца. Першыя прадстаўнікі пералётных птушак зьявіліся толькі на паўднёвым захадзе краіны. Там ужо адзначаныя белыя буслы, шэрыя жураўлі, кнігаўкі, палявыя жаўранкі. Але цяпер рух птушак на поўнач і ўсход краіны прыпынены з-за халоднага і сьнежнага надвор’я, якое абмяжоўвае іх доступ да корму«,— распавёў карэспандэнту «Свабоды» спэцыяліст «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Сямён Левы.

Тыя ж птушкі, якія раней прыбылі ў Беларусь, мусілі вярнуцца ў цяплейшыя рэгіёны, дзе ёсьць корм.

«Таму цяпер мы чакаем, што як толькі пацяплее, яны падцягнуцца на нашую тэрыторыю. Птушкі — дастаткова мабільныя істоты, за некалькі гадзін яны могуць апынуцца ў цяплейшых месцах, у паўднёвых і заходніх рэгіёнах, дзе могуць перачакаць суровае надвор’е. Таму масавай пагібелі птушак ад марозу не назіраецца».

Больш, чым мароз, птушкам можа пагражаць чалавек, у прыватнасьці — вадаплаўным птушкам. «Ахова птушак Бацькаўшчыны» цяпер фіксуе шмат фактаў паляваньня на шэрых гусей.

Шэрыя гусі калісьці значыліся ў Чырвонай кнізе, але ў 2005 годзе ўказам Аляксандра Лукашэнкі былі зь яе выкрасьленыя, нягледзячы на тое, што іх у Беларусі ўсяго некалькі соцень пар. Вясновае паляваньне на шэрую гусь афіцыйна дазволена з 12 сакавіка па 13 траўня.

«Іншыя віды пералётных гусей, якія стала жывуць у тундры, пакуль масава не ляцяць празь Беларусь. Таму шэрыя гусі, які гняздуюцца ў нас, найбольш церпяць ад паляваньня», — кажа спадар Левы.
XS
SM
MD
LG