Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журы кінафэстывалю ў Празе пра фільм «Жыве Беларусь!»


Кадр з фільму "Жыве Беларусь"
Кадр з фільму "Жыве Беларусь"

У Празе падведзены вынікі конкурснай часткі Міжнароднага кінафэстывалю FEBIOFEST, які праходзіў 14-21 сакавіка. Фільм «Жыве Беларусь!» заняў другое месца.

Ляўрэатам гран-пры стала драма брытанскага рэжысэра Руфуса Норыса «Broken» («Развалены сьвет») з удзелам вядомага актора Ціма Рота. Гэта гісторыя маладой дзяўчыны ў Паўночным Лёндане, жыцьцё якой мяняецца пасьля таго, як яна стала сьведкам гвалтоўнага нападу. Фільм ужо атрымаў 6 узнагародаў на Стакгольмскім, Цюрыхскім, Лёнданскім ды іншых эўрапейскіх кінафэстывалях. Карціна Руфуса Норыса упэўнена перамагла зь 92 пунктамі па выніках галасаваньня міжнароднага журы ў Празе.

Другое месца атрымаў фільм «Жыве Беларусь!» з 50 баламі, трэцяе — Miss Blue Jeans (38 балаў). Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 14 карцінаў ад эўрапейскіх кінарэжысэраў.

У склад журы ўваходзілі 33 асобы: як прызнаныя людзі кіно, так і кінааматары, вызначаныя аргкамітэтам кінафэстывалю.

Фільм паказалі 19 сакавіка ў Празе пры поўнай залі. Сябра журы Йітка Ганушава распавяла ў інтэрвію Радыё Свабода пра свае ўражаньні:

«Я сапраўды зьдзівілася, наколькі прафэсіянальна зроблены гэты фільм. Ён вельмі эмацыйны. Думаю, уся аўдыторыя гэта адчула. Пасьля ніводнага іншага фільму ў залі не было аплядысмэнтаў, а пасьля „Жыве Беларусь“ людзі пляскалі і амаль паўставалі са сваіх месцаў. Быў адзін чалавек зь беларускім сьцягам. Выдатная атмасфэра. І фільм вельмі кранае».

Іншая сябра журы Владка Войцішкава лічыць, што вельмі важна, што фільм уздымае тэму Беларусі:

«Я думаю, што фільм „Жыве Беларусь!“ — вельмі добры фільм. Гэта фільм пра важную тэму. І вельмі добра, што ён паказвае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі. І будзе добра, калі больш людзей пабачаць гэты фільм і калі яго пакажуць у кінатэатрах».



Кінастужка пабудаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае пра змаганьне беларускае моладзі супраць дыктатуры. Гэта першы фільм па-беларуску, прэзэнтаваны на фэстывалі такога ўзроўню. У фільме зьняліся рэпэр Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандар Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.

Галоўны герой фільма — рок-музыка Мірон, гурт якога трапляе ў «чорны спіс», а сам ён — у войска. Яго допісы ў інтэрнэт-блогу, дзе ён раскрывае цёмныя бакі жыцьця ў казарме, выклікаюць «вэб-рэвалюцыю».

На прэм’еру прыехаў рэжысэр Кшыштаф Лукашэвіч, фільм прадстаўляў ён і суаўтар сцэнару Франак Вячорка, а таксама выканаўца галоўнай ролі Зьміцер Папко (Вінсэнт).

Febiofest зьяўляецца найбуйнейшым міжнародным кінафэстывалем у Чэхіі, другім паводле прэстыжнасьці пасьля фэстывалю ў Карлавых Варах. Фэстываль паказвае шырокі спэктар сучасных і рэтраспэктыўных фільмаў з усяго сьвету. Фэстываль быў заснаваны ў сьнежні 1993 году, сёлета ён адбываецца ў дваццаты раз.

Фільмы былі паказаныя ў Празе, пасьля фэстываль працягнецца ў іншых гарадах Чэхіі. Закончыцца 12 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG