Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 сакавіка — Усясьветны дзень барацьбы з сухотамі


Адна траціна насельніцтва Зямлі інфікаваная палачкай Коха. Летась у сьвеце ад сухотаў памерла больш за паўтара мільёна чалавек.

Найбольш высокая захворвальнасьць на сухоты адзначаецца цяпер у Афрыцы — 130 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. У краінах Эўропы сярэдні паказьнік — 50 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Як выглядае сытуацыя з сухотамі ў Беларусі?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні паказьнік захворвальнасьці на сухоты ў 2012 годзе — 39,6 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта амаль на 4% менш, чым летась. Каля 10 тысяч беларусаў пакутуюць на актыўную форму тубэркулёзу.

Лекар навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі, кандыдат мэдычных навук Аляксандар Скрагін кажа, што Беларусь знаходзіцца ў рэчышчы ўсясьветных тэндэнцый:

«Так званая праблема лекавай устойлівасьці — тыя лекі, якія прымяняліся ўвесь час, перастаюць дзейнічаць. То бок да іх разьвілася ўстойлівасьць мікабактэрыяў тубэркулёзу. Другая праблема — гэта ВІЧ-асацыяваны тубэркулёз. Усе ВІЧ-інфікаваныя маюць большую верагоднасьць захварэць і менш шанцаў вылечыцца ад тубэркулёзу».

Паводле міжнароднай клясыфікацыі, Беларусь уваходзіць у лік 27 краінаў з высокай доляй так званага мультырэзыстэнтнага тубэркулёзу, устойлівага да сур’ёзных супрацьсухотных лекавых сродкаў. Краінавы каардынатар праграмы барацьбы з сухотамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Валянцін Русовіч кажа:

«Парадку 32% (а гэта лічыцца высокім узроўнем сярод наноў выяўленых пацыентаў з тубэркулёзам) маюць мультырэзыстэнтны штам, які лечыцца больш складана і працягла»

Да таго, навукоўцы ўсяго сьвету ніяк ня могуць распрацаваць новыя эфэктыўныя прэпараты для лячэньня тубэркулёзу, кажа Аляксндар Скрагін:

«За апошнія 40 гадоў адмысловых лекаў ад тубэркулёзу ў клінічную практыку не было ўведзена. Цяпер распрацаваныя новыя лекі, амэрыканскай асацыяцыі Food and Drug Administration, — адмыслова ад тубэркулёзу. Але пакуль яшчэ Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя не рэкамэндуе выкарыстоўваць прэпарат у руцінным парадку. Магчыма, будуць яшчэ дадатковыя клінічныя выпрабаваньні».

З 2005 году ў Беларусі працуе дзяржпраграма «Тубэркулёз». Гранты краіне на барацьбу з сухотамі выдаткоўваюць Усясьветная арганізацыя аховы здароўя і Глябальны фонд. Цяпер дзейнічае праект на 2011–2015 гады Глябальнага фонду «Ўкараненьне стратэгіі „Стоп ТБ“ у Беларусі». Агульны аб’ём фінансаваньня — 27 мільёнаў 800 тысяч даляраў. З гэтай сумы 2 мільёны даляраў прадугледжана на пэнітэнцыярную сыстэму.

У турмах і калёніях сытуацыя з тубэркулёзам застаецца складанай, хоць у апошнія гады ёсьць пэўныя зрухі, дзякуючы праграмам Глябальнага фонду і Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Сярод зьняволеных захворвальнасьць у 3,5 раза большая, чым сярод звычайнага насельніцтва.

Прадстаўнікі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, каардынатары праекту ААН, — бадай, адзіныя, каго часам дапускаюць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь у Воршы, дзе лечацца зьняволеныя. Апошні раз яны былі там у кастрычніку 2012 году, кажа Валянцін Русовіч:
Раней была надзея на рэканструкцыю Рэспубліканскага турэмнага шпіталя, а цяпер прынялі рашэньне, што ня будуць ні рэканструяваць, ні будаваць


«Будынак шпіталя непрыстасаваны і стары, 1960-х гадоў, і пабудаваны без выкананьня асаблівых стандартаў інфэкцыйнага кантролю. Там асноўная праблема — вялікая скучанасьць. І зараз адмовіліся ад рэканструкцыі гэтага шпіталя з-за недахопу сродкаў. Раней была надзея на рэканструкцыю Рэспубліканскага турэмнага шпіталя, а цяпер прынялі рашэньне, што ня будуць ні рэканструяваць, ні будаваць новы шпіталь. У найлепшым выпадку будуць толькі рамонтныя працы».

У месцах пазбаўленьня волі прыкладна 2 тысячы вязьняў пакутуюць на сухоты.

Цяпер сухоты не зьяўляюцца хваробай, на якую хварэюць так званыя асацыяльныя элемэнты, кажа лекар навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі й фтызіятрыі, кандыдат мэдычных навук Аляксандар Скрагін:

«Ёсьць пэўныя групы рызыкі, якія часьцей хварэюць, у тым ліку, эмігранты, сацыяльна не адаптаваныя людзі, алькаголікі, наркаманы. Але гэта так званыя групы рызыкі. Хварэюць розныя людзі. Часта хварэюць дактары, асабліва паталягаанатамы, мэдсёстры. То бок нармальныя людзі часта хварэюць на сухоты».
XS
SM
MD
LG