Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памер Барыс Беразоўскі. Сыходзіць эпоха.

Недзе напаткаў думку, што насамрэч тое — італійскае — Адраджэньне было пры бліжэйшым разглядзе не такой ужо мілай зьявай, як здаецца з пэрспэктывы стагодзьдзяў — бесьсьмяротны жывапіс, вальнадумства там. Чалавек — мера ўсіх рэчаў у грамадзтве, якое выломвалася са строгіх рэлігійных правілаў, азначала: я — мера ўсіх рэчаў, я — закон для сябе і для сьвету. Вось гэта — пра Беразоўскага. Першы алігарх Расеі, той, хто нагой адчыняў дзьверы ў крамлёўскія кабінэты, той, хто у 1996 годзе сабраў каманду, якая забясьпечыла перамогу Ельцына, той, хто зрабіў Пуціна, а потым стаў ягоным хіба ня самым галоўным і сур’ёзным ворагам, чалавек, каго найбольш ненавідзелі ў Расеі — гэта ўсё пра Барыса Беразоўскага. У адным з інтэрвію на пытаньне, якая галоўная якасьць рускага чалавека, ён адказаў: экстрым. Гэта і сапраўды пра рускіх, але найперш пра сябе. І тое, што па крыві быў габрэям, гэта значыць у Расеі, «в этом христианнейшем из миров», у нечым чужым, ізгоем — штурхала быць у экстрыме рускім з рускіх: дакажу, перамагу.

Як у стужцы Лунгіна «Алігарх», калі герой, сьпісаны зь Беразоўскага, зьбіты, ледзь не забіты, выходзіць на шашу і сутыкаецца з кавалькадай машын, на якіх ягоная каманда ўцякае ў Шармец’ева ад разгрому бізнэс-імпэрыі боса. Герой сядае ў машыну і загадвае: «У Маскву!» Кепскі чалавек? Так, кепскі, кепскі, пытаньняў няма. Грэшны? Ну так, хаця аўтар гэтых радкоў ня рабін, ня ксёндз і ня поп. Але калі ў 1996 годзе ўсе рыхтаваліся да ўвацарэньня Зюганава, не ў апошнюю чаргу дзякуючы волі і энэргіі Беразоўскага гэты трэнд быў зламаны і «чырвоныя» да ўлады ў Расеі не вярнуліся. Ці ў 1999 годзе, калі Расея чакала на Крэмль Прымакова, менавіта Беразоўскі зрабіў зь нікому невядомага былога шэфа ФСБ нацыянальнага героя і пераможцу. Ну, а пазьней — хіба ня мог ён ціха дажываць свае дні, купаючыся ў грашах, заробленых (а і накрадзеных) у такіх памерах, што хапала і на ўнукаў? Ды мог, зразумела. Не захацеў. Хаця калі б хацеў, дык ня стаў бы тым, кім стаў, яшчэ тады, напачатку 90-х. Бо для таго, каб у тыя гады выйграць у гангстэрскім сьвеце рускага капіталізму, які тады нараджаўся, патрэбныя былі выключныя якасьці — волі, розуму, характару. У каго іх не было — той ці разарыўся, ці сеў, ці атрымаў кулю.

Некалі Сьвятлана Алексіевіч, атрымаўшы прэмію «Трыюмф», спансараваную Беразоўскім, і паўдзельнічаўшы ў прыёме, які той ладзіў у гонар ляўрэаткі, на якім быў увесь маскоўскі бамонд, казала мне: «Я ня ведаю яго справы і ўплывы, але ён там быў проста самым глыбокім, цікавым і разумным». Наўрад ці тое была адно ўдзячнасьць — Алексіевіч казала тое мне прыватна.

Стасункі Беразоўскага з Лукашэнкам — асобная і цікавая тэма. Была і вайна — тая ж справа Шарамета, у якой Лукашэнка абвінавачваў менавіта Беразоўскага, было і сяброўства супраць Пуціна ўжо пасьля эміграцыі Беразоўскага. Матывам сяброўства было, мяркую, ня толькі супадзеньне інтарэсаў, але і падабенства тыпаў асобаў. Беразоўскі, пасварыўшыся з Пуціным, палюбіў дэмакратыю? Лукашэнка любіць Расею? Кіньце дурное. Я — мера ўсіх рэчаў, я дыктую гэтаму сьвету закон — вось вышэйшая асалода для людзей такога кшталту. Нават ня іхныя мільёны ці мільярды. А гульня па вышэйшых стаўках, экстрым, як і было сказана. Гульню тую Беразоўскі па вялікім рахунку прайграў. А жыцьцё... А хіба што і выйграў. Пражыў так, што не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады, як пісаў клясык савецкай літаратуры. А сышоў, калі вакно фантастычных магчымасьцяў, адкрытае крахам «чырвонай» імпэрыі, зачынілася канчаткова. Сышоў час, які ў той жа Брытаніі, дзе скончыліся дні Беразоўскага, быў, калі Фрэнсіс Дрэйк — пірат і рабаўнік — рабіўся каралеўскім адміралам і лордам. А потым эпосе рамантычнага амаралізму прыйшоў канец і «людзям Флінта» стала не да песенек.

Сьмерць сабрата па зброі — кепскі сыгнал і для беларускага партнэра Барыса Абрамавіча. Насамрэч Аляксандар Лукашэнка, пры ўсёй яго ідэалягічнай «савецкасьці» — таксама дзіця 90-х, часу «флібусьц’ераў і авантурыстаў».

Ну а вяртаючыся да нябожчыка, стаць сымбалем эпохі — мяркую, таксама заслуга. Тым больш, што эпоха тая — усё ж эпоха вызваленьня. Ды і наагул наша, мая эпоха.

Так што — мір праху.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG