Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Сіўчыкаў — пра кнігі легенд і паданьняў


Уладзімер Сіўчыкаў

Уладзімер Сіўчыкаў

«Сьвіцязянка» і «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага, «Магіла льва» і «Нікому» Янкі Купалы, «Страцім-лебедзь» Максым Багдановіча, «Лябірынты» Вацлава Ластоўскага, «Дзікае паляваньне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі» Уладзімера Караткевіча — асноваю і крыніцай натхненьня гэтым і многім іншым шэдэўрам паслужылі легенды і паданьні нашага краю. Але пры бяздонным багацьці нашага фальклёру кніг легенд і паданьняў параўнаўча нямнога. Розьняцца тэксты ступеньню апрацоўкі — ад дылетанцкіх да навуковых запісаў, ад сухога фіксаваньня да літаратурнай містыфікацыі, ад філігранна пераказаных да асэнсаваных па-мастакоўску. Некаторыя з гэтых кніг рэпрэзэнтуе пісьменьнік Уладзімер Сіўчыкаў.

Легенды і паданьні. Складальнікі М. Я. Грынблат і А. І. Гурскі. Менск, «Навука і тэхніка», 1983

Гэты фаліянт — адзін з больш чым паўсотні ў сэрыі «Беларуская народная творчасьць», якой мы мусім ганарыцца, Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук. Пад яго вокладкаю ўпершыню найбольш поўна сабраныя асноўныя жанры няказкавай прозы нацыянальнага эпасу. У легендах пададзеныя старажытныя міталягічныя ўяўленьні пра паходжаньне сусьвету, зямлі, чалавека, жывёл і расьлін, а таксама пра Бога і сьвятых. Паданьні апавядаюць пра гістарычныя падзеі і гістарычных асобаў, пра паходжаньне гарадоў, вёсак, курганоў і ўрочышчаў, рэк і азёраў і іх назваў, пра прозьвішчы і мянушкі людзей.

Выданьне папраўдзе грунтоўнае, акадэмічнае — да тэкстаў дададзеныя ўступны артыкул-дасьледаваньне, камэнтары, паказальнік прадметаў, зьяў, імёнаў і міталягічных істот, альфабэтны сьпіс зьбіральнікаў і геаграфічны паказальнік. Том гэты будзе зусім ня лішнім на кніжных паліцах у інтэлігентаў і ўсіх, хто цікавіцца культурай і творчасьцю свайго народу.

Млын на сямі колах: Беларускія народныя легенды і паданьні. Запіс і літаратурная апрацоўка Ірыны Масьляніцынай. Менск, «Юнацтва», 1998

«Карона Міндоўга», «Выбар веры», «Таямніца глыбінь сьвіцязянскіх», «Сьлёзы Рагнеды», «Судзіслаў, праўнук Перанега», «Прымадонна яго яснавяльможнасьці», «Рыцарская пальчатка», «Бутрым Няміра», «Легенда пра князёўну Соф’ю», «Прыўкрасная Юдзіта» — ужо толькі ад «апэтытных» найменьняў павінны былі б пацячы сьлінкі ў кінасцэнарыстаў і ў лібрэтыстаў. Адна толькі Радзівіліяда (паданьні «Чорная дама Нясьвіжа», «Пане Каханку» і інш.) дала апошнім часам беларускай сцэне п’есы «Чорная панна Нясьвіжа» Аляксея Дударава, «Барбара Радзівіл» Раісы Баравіковай, «Пане Каханку» Андрэя Курэйчыка, «Выкраданьне Эўропы, альбо Тэатар Уршулі Радзівіл» паводле твораў Францішкі Ўршулі Радзівіл, узноўленую опэру «Чужое багацьце нікому ня служыць» Яна Давіда Голанда... А патэнцыйныя аўтары коміксаў павінны былі б згадаць фэнамэнальны посьпех легенды ў малюнках паводле аповесьці Ўладзімера Караткевіча «Дзікае паляваньне» з ягоным фантастычным як на сёньняшні дзень тыражом у 250 000 асобнікаў.

Меншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданьняў. Складаньне, запіс, апрацоўка А. М. Ненадаўца. Менск, Беларусь, 1998

Аўтар выпусьціў у сьвет ажно шэсьць тамінаў, па адной на беларускую вобласьць! У кожнай, якая ўтрымлівае па сотню-паўтары тэкстаў, патлумачыў ён паходжаньне тапонімаў — назваў гарадоў, мястэчак і вёсак. Часам здаецца, што Ненадавец-літаратар нястрымнай фантазіяй перамагае Ненадаўца-навукоўца. Мяркую па нарысе пра сваё роднае Жодзіна, колішнюю Жодзіну Слабаду. Толькі мімаходзь аўтар завязвае этымалёгію на мітычнага пчаляра-бортніка Жодзіна. Ані знаку няма пра сапраўды папулярныя вэрсіі — ні пра французскага салдата Жадэна, ні пра рачулку Жодзінку, ні пра заснавальніка горада князя Багуслава Радзівіла, у гонар якога паселішча іменавалася і Багуслаў-полісам!

Кастусь Цьвірка. Гісторыя Беларусі паводле паданьняў і легендаў. Менск, «Сучаснае слова», 2006

Нездарма аўтар мае навуковыя ступені кандыдата гістарычных навук і кандыдата філялягічных навук! І тут задзейнічаны выйгрышны брэнд «Легенды і паданьні». Выйгрышны таму, што інтрыгуе чытача ўсё патаемнае і загадкавае, і таму, што пашанотна давярае ён захаванаму і пераказанаму далёкімі продкамі. Абапіраецца спадар Цьвірка ня толькі на легенды і паданьні — тэкст перасыпаны спасылкамі на летапісы, Статуты ВКЛ, цытатамі з дасьледаваньняў аўтарытэтных айчынных і замежных гісторыкаў, мініятурамі, гравюрамі, мастацкімі рэканструкцыямі і выявамі дакумэнтаў. Ня будзе перабольшаньнем назваць выданьне навукова-папулярным курсам гісторыі (ад быліннага зачыну «Краіна арыяў, альбо Адкуль мы родам» да публіцыстычнага артыкула «Барацьба беларускага народа за дзяржаўную незалежнасьць»), у якім аддадзеная даніна і пэўнай стылізацыі нават у загалоўках кшталту «Уся слава Ўсяслава, або Герой народных паданьняў, летапісаў, былін, паэм, раманаў» ці «Як беларусы аддалі сваю гістарычную назву Літва, а з ёю сталіцу сваёй жа старажытнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага Вільню і ўвесь Віленскі край жамойтам».

Сіні калодзеж. Сто беларускіх легенд і паданьняў. Пераказ Уладзімера Ягоўдзіка. Менск, Выдавец М. Ягоўдзік, 2012

Бліскучы выдавецкі праект, які ажыцьцявіла сваімі высілкамі адна сям’я! Бацька, вядомы беларускі празаік Уладзімер Ягоўдзік па-майстэрску пераказаў тэксты, якія некалі рупліва зьбіралі і запісвалі фальклярысты і этнографы Еўдакім Раманаў, Міхал Федароўскі, Павал Шэйн, Адам Ганоры Кіркор, Павал Дземідовіч, Аляксандр Сержпутоўскі, Павал Шпілеўскі, Майсей Грынблат, Мікола Гайдук, Уладзімер Васілевіч, Лія Салавей ды іншыя. Кніжку гожа аздобілі дочкі пісьменьніка, мастачка Юлія і дызайнэрка Вера. Ну а да друкарскага варштата, а потым і да чытачоў парупілася данесьці яе жонка Марыя. Той, хто прачытае гэты томік, сапраўды нап’ецца зорнай і крынічнай вады са сьвятога Сіняга калодзежа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG