Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Дашкевіч: Зьміцер напіша пра гарадзенскую турму пасьля вызваленьня


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Жонка Зьмітра Дашкевіча Наста Дашкевіч зноў атрымлівае ад яго лісты без затрымак.

«Магчыма, мае скаргі падзейнічалі ці нешта іншае адбылося, але лісты зараз даходзяць безь вялікіх перапынкаў», — паведаміла Наста Дашкевіч. На мінулым тыдні жонка палітвязьня заявіла, што вядзе ўлік лістам і будзе зьвяртацца з скаргай на пошту і ў адміністрацыю гарадзенскай турмы, каб разабраліся, хто зь іх парушае закон.

Што піша Зьміцер Дашкевіч?

«Лісты сталі ісьці, і гэта мяне ня можа ня радаваць. Настрой ў яго ў парадку. Не атрымоўвала яшчэ ад яго лісты пасьля гэтай сьнежнай буры, але ведаю, што вясну ён чакае гэтак сама, як і мы. Бо там усё роўна холадна. Калі холадна на вуліцы, то і ў камэры будзе халадней».

Ці працягвае Зьміцер Дашкевіч пісаць свае артыкулы пра турэмнае жыцьцё? Наста Дашкевіч патлумачыла, што ў гарадзенскай турме гэта немагчыма — іх ўсё роўна не прапусьцілі б на волю. Артыкулы, як той жа «Гумавы тапак», былі напісаныя да таго, як Дашкевіча зьмясьцілі ў турму з больш жорсткім рэжымам. «Ён апіша парадкі ў гарадзенскай турме, але пасьля вызваленьня», — мяркуе Наста Дашкевіч.

Зьміцер Дашкевіч адбывае дадатковы год да прысуду, зьвязанага, паводле праваабаронцаў, з падзеямі 19 сьнежня 2010 года. На волю палітвязень мусіць выйсьці праз паўгода.
XS
SM
MD
LG