Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мапа Сусьвету ў «немаўлячым узросьце»


Эўрапейскае касьмічнае агенцтва (European Space Agency) апублікавала падрабязную цеплавую мапу Сусьвету, калі ён яшчэ знаходзіўся ў «немаўлячым узросьце», гэта значыць, 380 тысяч гадоў пасьля Вялікага Выбуху.

Калі параўнаць узрост Сусьвету з прасьцягам чалавечага жыцьця, дык згаданая мапа адпавядае здымку 80-гадовага чалавека, зробленаму ў першы дзень пасьля яго нараджэньня.

Мапа была выкананая пры дапамозе спадарожніка Плянк, які рэгістраваў дадзеныя з космасу цягам 15 месяцаў.

Жан-Жак Дардэн, дырэктар Эўрапейскага касьмічнага агенцтва, назваў мапу «гіганцкім скачком у разуменьні паходжаньня Сусьвету».

Мапа, якая ўяўляе сабою расклад каляровых плямаў, паказвае малюсенькія ваганьні ў гэтак званым касьмічным мікрахвалевым фоне — рэшткавым выпраменьваньні ад самага раньняга сьвятла, якое пачало разыходзіцца ў Сусьвеце 380 тысяч гадоў пасьля Вялікага Выбуху.

Зьмены ў інтэнсіўнасьці выпраменьваньня адпавядаюць абшарам рознай шчыльнасьці рэчыва і ўяўляюць сабою тое, што навукоўцы называюць «зародкамі», зь якіх вырасталі пазьнейшыя зоркі і галяктыкі.

Аналіз дадзеных са спадарожніка Плянк дазволіў навукоўцам дакладней ацаніць узрост нашага Сусьвету — ад Вялікага Выбуху да сёньняшняга дня мінула 13,8 мільярда гадоў.

Новая мапа таксама дазваляе зрабіць больш дакладную ацэнку складу Сусьвету. Паводле гэтай ацэнкі, 4,9% Сусьвету — гэта нармальная матэрыя, якую ў змозе ўбачыць або зарэгістраваць чалавек; 26,8% — гэта «цёмная матэрыя», якая адказвае за прыцягненьне ўнутры галяктык; 68,3% — гэта «цёмная энэргія», якая адпавядае за пашырэньне Сусьвету.

Але новыя спадарожнікавыя дадзеныя таксама паказваюць анамаліі, якія зьбянтэжылі астраномаў.

«Халодныя» і «цёплыя» абшары рэшткавага выпраменьваньня, як відаць на мапе, разьмеркаваныя ў Сусьвеце нераўнамерна. На мапе таксама знаходзіцца вялікая, невытлумачальная «халоднага пляма» ў яе цэнтры.
XS
SM
MD
LG