Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Большасьць краінаў ЭЗ схіляюцца, каб выключыць Макея з чорнага сьпісу»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

22 сакавіка стала вядома, што ўлады вырашылі не завадзіць крымінальную справу супраць часопіса «Архэ-Пачатак». Ня так даўно была спыненая справа супраць журналіста Анджэя Пачобута. Пра што сьведчаць такія крокі ўладаў і ці зьвязаныя яны з імкненьнем афіцыйнага Менску зноў наладзіць стасункі з Захадам? Пра гэта наш аглядальнік Віталь Цыганкоў пагутарыў з палітолягам Аляксандрам Класкоўскім.

— Ці зьвязаныя паміж сабой паведамленьні пра спыненьне справаў супраць «Архэ» і Пачобута? Што гэтымі крокамі хочуць сказаць улады?

— Я мяркую, натуральна, што гэта не выпадковасьць. Калі дзьве такія аднародныя справы запар — то гэта тэндэнцыя. У беларускай рэпрэсіўнай сыстэме, дзе вельмі дакладная і строгая гіерархія, ня можа быць самавольства выканаўцаў. Я думаю, гэта пэўная новая лінія — тое, што Анатоль Лябедзька трапна назваў «пазбаўленьнем ад кепскіх актываў». Беларуская ўлада падчышчае тыя «хвасты», якія могуць перашкаджаць падчас перамоваў з Захадам.

— Літаральна сёньня амбасадар Італіі Арнальда Абеці заявіў: «Я вельмі паважаю спадара Макея, лічу яго разумным чалавекам. Мяркую, што яму трэба дазволіць уезд у ЭЗ, каб была магчымасьць вядзеньня дыялёгу». Ці выключаць Макея з «чорных сьпісаў» яшчэ да таго, як будуць вызваленыя ўсе палітвязьні?

— Я ведаю, што гэтае пытаньне актыўна дыскутуецца эўрапейскімі палітыкамі. Больш за тое, ёсьць такая інсайдэрская інфармацыя, што толькі некалькі краінаў супраць, а астатнія схіляюцца да таго, каб Макея выключыць са сьпісаў. Таму гэта цалкам імаверна, але гэта застаецца прадметам торгу, бо абодва бакі не давяраюць адзін аднаму. Таму тут патрэбнае нейкае пакетнае пагадненьне, і яно, відаць, выпрацоўваецца, бо абодвум бакам важна захаваць твар. Тая ж Эўропа ня можа цалкам адмовіцца ад сваіх ранейшых патрабаваньняў.

— Чаму паляпшэньне стасункаў з Захадам раптам стала такім важным для афіцыйнага Менску? Два гады пасьля выбараў Лукашэнка і бяз гэтага абыходзіўся.

— Вядома, не таму, што Лукашэнка раптам загарэўся ідэаламі дэмакратыі. Адказ банальны — патрэбныя грошы. Гэтая патрэба толькі абвастраецца напярэдадні выбараў 2015 году, калі трэба будзе зноў напампоўваць рэсурсамі эканоміку, каб купіць ляяльнасьць электарату. Таму ляціць Лукашэнка ў Пецярбург па крэдыт, а Ермакова пацьвярджае, што будуць прасіць грошы ў МВФ. А для гэтага трэба размарозіць палітычныя адносіны з Захадам.

Надзея ёсьць, што палітвязьні сёлета будуць вызваленыя, і нехта зь беларускага кіраўніцтва паедзе ў Вільню на саміт «Усходняга партнэрства». Аднак гэты намёк на пацяпленьне можа быць у любы момант спынены, і можа быць адкат назад.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG