Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар ёсьць: Даволі! Да Волі...


Сёньня ў Кіеве чэскай кінастужкай «Крэпасьць» адкрыўся 10-ы Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно пра правы чалавека.

Рэжысэры Клара Тасовска і Лукаш Кокеш праводзяць сваесасаблівую экскурсію па Прыднястроўю як па музэі таталітарызму, дзе час нібыта спыніўся, дзе жыцьцё працягвае існаваць у каардынатах колішняга СССР зь ягонымі страхамі і галечай.

Цэнтральныя тэмы сёлетніх конкурсных і пазаконкурсных паказаў — абарона свабоды слова і мірных сходаў, доступ да інфармацыі і права на свабоднае выказваньне сваіх поглядаў. Чаму таталітарызам такі жывучы? Хто кіруе людзьмі і куды яны іх вядуць? Адказы на гэтыя пытаньні, якія асабліва актуальныя ў шэрагу постсавецкіх краінаў, гледачы будуць шукаць разам зь вядомымі кінематаграфістамі, праваабаронцамі і дэмакратычнымі актывістамі з трох дзясяткаў краінаў сьвету — ЗША, Канады, Кітаю, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Аргентыны, Эгіпту, Нямеччыны, Польшчы, Тунісу, Расеі і іншых.

Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла
Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла
Беларусь на фэстывалі прадстаўляюць рэжысэры Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла. Іх фільм «Даволі! Да Волі...» ўключаны ў спэцыяльную праграму «Выбар ёсьць!». Карціна асэнсоўвае падзеі, якія адбыліся ў Менску 19 сьнежня 2010 году, калі брутальна была разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, а яе ўдзельнікаў кінулі за краты, пазвальнялі з вучобы і працы. Стужка ўжо брала ўдзел у кінафэстывалях у Італіі, Шатляндыі, Польшчы, а на фэстывалі ў Опузэне (Харватыя) атрымала прыз за «лепшы дакумэнтальны фільм». 24 сакавіка адбудзецца яе ўкраінская прэм’ера.



У кіеўскім Доме кіно (вуліца Саксаганскага, 6) фільм прадставяць рэжысэры Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла. Пасьля паказу мае адбыцца абмеркаваньне з удзелам аўтараў, украінскіх і замежных журналістаў, палітыкаў, правабаронцаў, кінематаграфістаў.

Разам зь беларускім фільмам у праграме «Выбар ёсьць» таксама будуць паказаныя амэрыканскі і расейскі фільмы. Тэатралізаваны дакумэнтальны фільм "Ад шопату да крыку«вядомага амэрыканскага рэжысэра Бена Мозэса дасьледуе гераічныя змаганьні за дэмакратыю ў пяці краінах — Эгіпце, Малазіі, Украіне, Вэнэсуэле і Зымбабве. Расейцы Павал Кастамараў, Аляксандар Растаргуеў і Аляксей Півавараў прадставяць свой скандальны дакумэнтальны інтэрнэт-праект «Тэрмін: Выбраныя эпізоды», у якім аўтары пішуць пратэстную хроніку сучаснай Расеі і спрабуюць зразумець, куды вядзе краіну абраны на новы прэзыдэнцкі тэрмін Ўладзімер Пуцін і куды хочуць павесьці расейцаў новыя лідэры апазыцыі.

Беларусь прысутная на фэстывалі і ў конкурснай праграме, але ня фільмам, а асобай. У працы журы конкурсу DOCU/ПРАВА бярэ ўдзел праваабаронца зь Віцебску Павал Левінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG