Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: 3,5 мільёна штрафу за бел-чырвона-белы сьцяг


Яўген Хазіяметаў (зьлева) і Ўладзіслаў Бароўскі ля будынку суду

Яўген Хазіяметаў (зьлева) і Ўладзіслаў Бароўскі ля будынку суду

Берасьцейскія актывісты стваранай партыі БХД Яўген Хазіяметаў і Андрэй Шарэнда пакараныя штрафамі 1 мільён і 2,5 мільёна адпаведна за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга 18 сакавіка.

Трэцяга актывіста — Уладзіслава Бароўскага чакае разбор у камісіі па справах непаўналетніх.

Трох хлопцаў затрымалі ў часе акцыі «Хваля салідарнасьці», пасьля таго як яны вывесілі сьцяг на бронетранспарцёры ля парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У судзе Яўген Хазіяметаў сваёй віны не прызнаваў, кажучы, што быў ня ўдзельнікам акцыі, а проста здымаў яе на тэлефон, знаходзячыся ўбаку.

Міліцыянты-сьведкі даводзілі, што пасьля вывешваньня сьцяга хлопцы стаялі побач, «размахваючы рукамі» і выкрыкваючы нейкія заклікі. Праўда, якія заклікі выкрыквалі актывісты, ніводзін міліцыянт ня чуў.

Адзін зь міліцыянтаў, які заявіў, што ў часе акцыі проста выгульваў сабаку ў парку, прадставіў у судзе відэа вывешваньня сьцяга, зьнятае ім на мабільны тэлефон. Яўген Хазіяметаў падкрэсьліў, што ён таксама проста здымаў на тэлефон, аднак яго прыцягваюць за ўдзел у акцыі, а сьведку-міліцыянта — не.

Судзьдзя Маскоўскага суду Берасьця Раіса Лабачэўская, абапіраючыся на паказаньні сьведак-міліцыянтаў, палічыла вывешваньне сьцягу масавай акцыяй.

Андрэй Шарэнда быў прызнаны арганізатарам акцыі, таму атрымаў большы штраф — 2,5 мільёна. Яўгена Хазіяметава аштрафавалі на 1 мільён.

Пасьля суду Яўген Хазіяметаў завіў, што ня згодны з выракам і будзе абскарджваць яго ў вышэйшых інстанцыях.

Каардынатар стваранай партыі БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай выказаў Свабодзе меркаваньне, што «затрыманьне хлопцаў было сплянаванае» і што ён ня верыць, што ўсе міліцыянты апынуліся на месцы акцыі выпадкова, як яны сьцьвярджалі ў судзе.
XS
SM
MD
LG