Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 сакавіка: Гуканьне вясны ў Вязынцы, Гадзіна Зямлі, дзень нараджэньня Старога Ўласа


Гуканьне вясны ў Заслаўі, 1982 год.

Гуканьне вясны ў Заслаўі, 1982 год.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства разам з Дзяржаўным літаратурным музэем Янкі Купалы запрашаюць на Гуканьне вясны ў Вязынку. У праграме: традыцыйныя сьпевы, веснавыя карагоды, гульні і танцы + невялікі кірмашык рамёстваў. У сьвяце бяруць удзел гурты Паўночная Сухадроўка, Княжыч, Варган, Горынь, Guda, Кудмень, Dainava, клюб традыцыйнага танцу Sita ды музыкі Дзяніс Сухі, Стась Чавус, Раман Яраш, Яўген Барышнікаў.

Інстытут беларускай гісторыі і культуры ды Інстытут разьвіцьця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы праводзяць навукова-практычную канфэрэнцыю, прысьвечаную 150-м угодкам паўстаньня Кастуся Каліноўскага і 175-м угодкам з дня яго народзінаў. Офіс партыі БНФ, пачатак а 11.00.

У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры пройдзе двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя «Лягер сьмерці Трасьцянец ў эўрапейскай памяці». У фокусе канфэрэнцыі — абмеркаваньне праекту мэмарыялу ў памяць аб ахвярах нацызму ў гады Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі найбуйнейшага ў Беларусі лягеру сьмерці Трасьцянец ва ўрочышчы Благаўшчына. Паводле апошніх дасьледаваньняў у Трасьцянцы былі забітыя, пахаваныя, пазьней вынятыя з зямлі і спаленыя да 206,5 тысячы чалавек.

Фэстываль факультэтаў БДУ разгорнецца з 10.00 да 16.00 у галоўным корпусе ўнівэрсытэту (пр. Незалежнасьці, 4). Для ўсіх жадаючых будуць арганізаваны бясплатныя экскурсіі ў музэі БДУ і па унівэрсытэцкаму дворыку. Акрамя таго, абітурыенты змогуць наведаць факультэты радыёфізыкі і кампутэрных тэхналёгій (вул. Курчатава, 5) і фізычны (пр. Незалежнасьці, 2), дзе пазнаёмяцца з навучальнымі і лябараторнымі аўдыторыямі, даведваюцца пра асаблівасьці паступленьня і навучаньня.

23 сакавіка — Гадзіна Зямлі (Earth Hour). Гэта глябальная штогадовая міжнародная акцыя, арганізаваная Сусьветным фондам дзікай прыроды, якая праводзіцца штогод у адну з апошніх субот сакавіка. Яна заключаецца ў тым, што ў гэты дзень у прызначаны час людзі ў розных краінах сьвету на адну гадзіну адключаюць сьвятло і іншыя электрапрыборы. Сэнс гэтай акцыі — прыцягнуць максымальна шырокую ўвагу ўсёй сусьветнай супольнасьці да праблемы зьмены клімату нашай плянэты, паказаць сваю падтрымку ідэі неабходнасьці аб’яднаных дзеяньняў у вырашэньні гэтай экалягічнай праблемы. У гэтым годзе Гадзіна Зямлі назначана ад 19.30 да 20.30 паводле мясцовага часу ўдзельнікаў акцыі.

23 сакавіка — таксама Міжнародны дзень мэтэаралёгіі.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1793 — Сэнат Расейскай імпэрыі выдаў указ пра стварэньне Менскай губэрні.

1865 — нарадзіўся Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Ўлас), паэт, пісьменьнік, зьбіральнік беларускага фальклёру.

1933 — Адольф Гітлер атрымлівае дыктатарскія паўнамоцтвы ад Рэйхстагу Нямеччыны.

1978 — памёр Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор, грамадзкі дзяяч, у часы Заходняй Беларусі — сакратар Таварыства беларускай школы.

1983 — прэзыдэнт Рональд Рэйган выступае з гэтак званай Стратэгічнай абароннай ініцыятывай — доўгатэрміновай праграмай навукова-дасьледчых і канструктарскіх працаў. Асноўнай мэтай ініцыятывы зьяўлялася стварэньне навукова-тэхнічнага падмурку для распрацоўкі шырокамаштабнай сыстэмы супрацьракетнай абароны з элемэнтамі касьмічнага базаваньня, якое выключала б або абмяжоўвала б магчымае паражэньне наземных і марскіх мішэняў з космасу. Праграма выглядала настолькі неверагоднай, што сродкі масавай інфармацыі (з падачы сэнатара Эдварда Кэнэдзі) ахрысьцілі яе праграмай «Зорных войнаў», паводле назову вядомага фантастычнага кінапраэкту рэжысэра Джорджа Лукаса.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Такія паэты маюць у нашай паэзіі літаральна маральнае значэньне як песьняры з мазольнаю рукой, што ня толькі „з народу“, але і „сам народ“. Яго творы часам ня вельмі складныя, але чуецца ў іх сіла самае зямлі, непасрэдны павеў самога жыцьця беларускай вёскі. Яны — натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легенд і жартаў».

Максім Гарэцкі пра Старога Ўласа
XS
SM
MD
LG