Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па выніках праверкі рэдакцыі часопіса «Архэ-Пачатак» адмоўлена.

Пра гэта рэдакцыі паведаміў яе адвакат, пасьля таго як зьвярнуўся ў Камітэт дзяржаўнага кантролю ў сувязі са сканчэньнем чарговага тэрміну праверкі дзейнасьці часопіса.

Алесь Пашкевіч

Алесь Пашкевіч

Рэдактар часопіса Алесь Пашкевіч зазначыў карэспандэнту Свабоды, што ніякіх дакумэнтаў і афіцыйных тлумачэньняў на гэты конт ён яшчэ ня мае. Чакаецца, што яны зьявяцца ў панядзелак:

«Усё залежыць ад таго, як будзе ўсё гэта пададзена ў афіцыйнай інфармацыі, бо часам д’ябал хаваецца ў дэталях. Таму якія ў нас зьявяцца пэрспэктывы, я казаць не бяруся. Будзем спадзявацца, што гэта скончыцца разблякаваньнем разьліковага рахунку і зьняцьцем усіх прэтэнзіяў да кіраўніцтва часопіса, і што мы будзем выходзіць у ранейшым рэжыме».

Паводле спадара Пашкевіча, рэдакцыя цяпер у працэсе перарэгістрацыі, бо памяняла выдаўца:

«Будзем спадзявацца, што калі ДФР здыме свае прэтэнзіі, то ў Міністэрстве інфармацыі гэты працэс пойдзе куды больш лёгка. У любым выпадку навіна пазытыўная».

Валер Булгакаў

Валер Булгакаў

Былы рэдактар «Архэ-Пачатак» Валер Булгакаў цяпер за мяжою. Пра навіну ён ведае, але пакуль не гатовы сказаць, як яна можа паўплываць на ягоны асабісты лёс.

«Буду глядзець паперу і раіцца з адвакатамі», — зазначыў спадар Булгакаў.

Рахунак «Архэ» быў заблякаваны 4 кастрычніка мінулага году. 14 верасьня 2012 году быў затрыманы тагачасны галоўны рэдактар «Arche» Валер Булгакаў. Супрацоўнікі міліцыі і падатковай інспэкцыі затрымалі яго ў Гародні і абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

21 верасьня супрацоўнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў прыйшлі ў друкарню, дзе выдаваўся часопіс, з праверкай. 24–28 верасьня з друкарні забралі ўсе дакумэнты за апошнія два гады дзейнасьці часопіса.

2 кастрычніка было арыштавана больш за 5 тысяч асобнікаў кніг з асабістай калекцыі Булгакава.

4 кастрычніка ва УДФР быў выкліканы заснавальнік часопіса «Arche» Андрэй Дынько. Пасьля гэтага было прынята рашэньне вызваліць Булгакава ад пасады галоўнага рэдактара «Arche», каб уратаваць выданьне.

18 кастрычніка Валер Булгакаў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць быў аштрафаваны на 500 тысяч рублёў.

У лістападзе мінулага году Валер Булгакаў пакінуў Беларусь, асьцерагаючыся крымінальнага перасьледу.
XS
SM
MD
LG