Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэградацыя... 30 сакавіка 1976, калі яшчэ не было ніякіх іракезаў, чацьвёра беспрацоўных маладзёнаў, якія чамусьці вырашылі, што ўмеюць граць на музычных інструмэнтах, упершыню выступаюць у знакамітым лёнданскім клюбе «100». І гэта былі сапраўды ўжо ня bullocks, у сэнсе — ня жартачкі. Гэта былі Sex Pistols.

Жахлівая прыгажосьць у сваім канцавым пункце, Арцюр Рэмбо, даведзены да абсурду... Вось што адбылося ў той вечар у 100’х. Ацанілі гэтую падзею не адразу — а між тым, выбухнула маленькая музычная рэвалюцыя. Ці вялікае махлярства — The Great Rock ‛n’ Roll Swindle? На сцэну, дзе выступалі некалі клясыкі сусьветнага джазу, дзе гралі Animals, The Who, The Kinks, дзе пачыналі Rolling Stones, вылезьлі брудныя, ваяўнічыя дылетанты бяз слыху і музычных здольнасьцяў. Піларама з чатырма галовамі. Хаця зь піларамай некалі параўноўвалі і Джэніс Джоплін, так што слова тут недарэчы. Лепш так: бензапіла «Дружба». Бо на сяброўстве там сапраўды шмат што трымалася.

Дагэтуль яны давалі канцэрты пераважна ў актавых залях розных каледжаў, для чулай і рамантычнай пэтэвэшнай публікі, якая паўсюль аднолькавая: што ў Лёндане, што на Аўтазе. У новай банды гэта атрымлівалася не бяз посьпеху, да таго ж у іх быў добры прадусар на імя Макларэн — чалавек, якога вабіла ўсё новае, вар’яцкае і вычварэнскае. Пра гурт неўзабаве загаварылі, расьпісваючы іх як піянэраў новага стылю. Хаця ад пачатку хлопчыкі ні пра што такое ня марылі: «касілі» сабе паціху пад зорак, гвалтуючы крадзеныя гітару і барабаны...

Але стыль склаўся сам сабой. Сутнасьць панку заўжды была ў тым, што чым горай, тым лепей — а гэта ў Sex Pistols атрымлівалася вельмі няблага. Ніколі яшчэ прынцып «граць трэба гучна і проста» не ўспрымаўся гомам сапіенсам з такой літаральнасьцю. Нават такім прадстаўніком гэтага роду, як «дзядуля панку» Ігі Поп, які ў параўнаньні са сваімі лёнданскімі нашчадкамі выглядаў Бэтговэнам. Сьпеў мусіў быць адпаведны: вакаліст гурту Джоні Ротэн, інтэлектуал, які ўдаваў зь сябе гопніка, вельмі любіў Някрасава, асабліва вершык пра тое, што «гэты стогн у іх песьняй завецца». Калі ён год перад тым прыйшоў на праслухоўваньні, зялёнавалосы і з надпісам «Ненавіджу Пінк Флойд» на футболцы, дык ня змог трапіць ні ў адну ноту. «Гэта тое, што трэба», сказаў Макларэн і Джоні быў узяты. А самым бяскрыўдным у новым гурце быў басіст Глен Мэтлак, якога неўзабаве выгналі за тое, што ён любіў Бітлз.

Панк як музыка пачаў паміраць у той самы дзень, калі толькі зьявіўся. Ён паміраў імкліва, як ад перадазіроўкі — і на некалькі гадоў адрадзіўшыся ў СССР ды іншых краінах сацлягеру (у выглядзе такога сабе «панка Тадэвуша»), канчаткова сканаў. Не лічыць жа панкам усіх гэтых цяперашніх прафэсіяналаў зь іхнымі інструмэнтамі за $10000, фрызурамі з модных салёнаў прыгажосьці, шпількамі з спэцыялізаваных крамаў, тэкстамі, якія можна ўключаць у любую паэтычную анталёгію, і музычнай адукацыяй, якая напісаная ў іх на паголеных ілбах. Панк як лад жыцьця бяз музыкі ня мае сэнсу — бо тады ён ператвараецца ў звычайнае тупое самаруйнаваньне. З усіх удзельнікаў Sex Pistols маладым загінуў толькі Сід Вішэс, які акурат такімі рэчамі і займаўся. Астатнія ператварыліся ў сапраўдных музыкаў і часам зьбіраюцца, каб прыгадаць мінулыя вясёлыя часы і падзарабіць крыху. А панк — ды ну, панк застаўся там, на сцэне клюбу «100», дзе яны апынуліся сакавіцкім вечарам 1976-га, дурныя, п’яныя, каб прыглушыць страх, і такія новыя, што ім самім займала дух.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG