Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1935 годзе газэта «Праўда», тая самая, у якой, як вядома, не было «ізьвесьцій» (а ў «Ізьвесьціях», адпаведна, не было праўды), вырашыла правесьці свой савецкі гіт-парад — конкурс на найлепшую песьню.

Дапамагчы вызначыць, чыя песьня «аб жызьні вясёлай» сёлета лепш за ўсё дапамагае жыць і будаваць і з чыёй «нікагда і нідзе не прападзёш», рэдакцыя «Праўды» запрасіла прафэсіяналаў: Саюз кампазытараў і Саюз пісьменьнікаў. Ну, а самы творчы з усіх творчых саюзаў, які займаўся адразу і музыкай, і літаратурай, і жывапісам, а заадно ратацыяй музыкаў, літаратараў і мастакоў, каб не занадта пладзіліся, гэтым разам выступіў у ролі слухача. Уважлівага такога, сур’ёзнага, пільнага...

Сачыў за конкурсам і Галоўны Слухач. Пра якога любяць казаць, што ён быў апошні кіраўнік СССР, абазнаны ў музыцы. Па-першае, таму што ў дзяцінстве сьпяваў у царкоўным хоры, а па-другое, таму што прымаў музыку надта ўжо блізка да сэрца. Так блізка, што пісаць яе было рызыкоўна: а раптам схопіць? Бо што такое, таварышы, пэсьня? Яна, таварышы, бывае выдатная і добрая. Менавіта такім чынам былі пазначаныя ўсе кружэлкі на сталінскай дачы. Вось так, выдатная і добрая, а не які-небудзь там Шастаковіч, які, дарма што пяціразовы сталінскі ляўрэат, а часам «адмаўляе прастату, рэалізм, зразумеласьць вобразу, натуральнае гучаньне...», карацей, суцэльны «лявацкі сумбур замест прыроднай чалавечай музыкі», якая «прыносіцца ў ахвяру дробнабуржуазным фармалістычным патугам». На такой кружэлцы не напішаш: выдатная або добрая. На такой толькі мацернае слова напісаць можна. А наогул, самая лепшая песьня, любімая песьня Галоўнага Слухача — «Волская бурлацкая», да якой кампазытару Аляксандраву нават было загадана прырабіць якую-небудзь прыгожую канцоўку. Яна ў конкурсе ня ўдзельнічала, бо народная, а ў геніяльнасьці народнай і так ніхто не сумняваецца.

Але ўсё гэта: Шастаковіч, Аляксандраў, сумбур — будзе потым. А пакуль што 29 сакавіка 1936 году «Праўда» публікуе вынікі свайго амаль дзевяцімесячнага конкурсу. Народную песьню не пераплюнуў ніхто — і першую прэмію вырашылі не прысуджаць. А вось другую за тэксты аддаць двум аўтарам: М. Галоднаму за песьню пра чалавека, які ішоў на Адэсу, а выйшаў чамусьці да Хэрсону, і Я. Купалу за «Матка сына праважала».

Можна толькі спадзявацца, што сын той да Хэрсону ня выйшаў, ён жа быў усё-ткі не адзін, а з маці, якая, магчыма, лепш за яго арыентавалася ў геаграфіі. Гэтую загадкавую песьню «Матка сына праважала» я, да свайго сораму, ніколі ня чуў, але мяркую, што яна або выдатная, або добрая. Хаця хутчэй добрая, чым выдатная, інакш наўрад ці была б адзначаная другой, а ня першай прэміяй. Кепскай яна, як вядома, апрыёры быць ня можа, бо яе стварыў Купала, а гэта ўжо 99 адсоткаў посьпеху для любога мастацкага твора, нават для яйка-пісанкі. У наш час гэтую песьню беларусы чамусьці стараюцца не сьпяваць прылюдна — усё больш па закутках, па кухнях. Берагуць, напэўна, для Славянскага базару-2050. Які адрозьніваецца ад конкурсу газэты «Праўда» 1936 году тым, што... А чым ён, уласна кажучы, адрозьніваецца?.. Ёсьць над чым задумацца.

Так, гэтую песьню на вуліцах не пачуеш, але 1936 год у купалаўскай творчасьці і безь яе уявіць сабе можна даволі няблага. Запомніўся ён збольшага іншай Купалавай песьняй: «Песьняй будаўніцтву». Якую дзякуючы добрым людзям можна пачуць у выкананьні самога аўтара. Вось яна, тут.

Вось гэта музыка. Ня тое што нейкія там партызан Жэлязьняк і фармаліст Шастаковіч. Выдатная песьня. А можа, і добрая. Галоўнае, што Яму спадабалася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG