Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Італіі: увесь сьвет чакае вызваленьня палітвязьняў


Вызваленьня беларускіх палітвязьняў «чакае ня толькі Эўразьвяз, але і ўвесь сьвет», — заявіў амбасадар Італіі Арнальда Абеці журналістам 22 сакавіка ў Менску.

Ён адзначыў, што Эўразьвяз, працягваючы настойваць на вызваленьні палітвязьняў, шукае таксама «іншыя каналы для выпраўленьня сытуацыі, якая нікому не прыносіць карысьці».

«Я згодны зь меркаваньнем, што ўсё ж неабходны дыялёг. Гэта не азначае, што я ня бачу існуючых нэгатыўных момантаў. Але паколькі я арыентуюся на пошук рашэньня, якое задаволіць абодва бакі, то я на баку захаваньня крытычнага дыялёгу. Нельга зачыняць дзьверы, неабходна выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасьці. Але вызваленьне палітвязьняў абавязкова павінна адбыцца», — цытуе БелаПАН амбасадара Абеці.

Паводле дыплямата, да жорсткага разгону акцыі пратэсту пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году Беларусь і Эўразьвяз вялі даволі пасьпяховы дыялёг. Таму цяпер ЭЗ «асьцерагаецца рабіць нейкія крокі і дзеяньні да таго, як будуць адпушчаныя палітвязьні».

«Сама ідэя, што падобныя падзеі могуць зноў паўтарыцца, успрымаецца вельмі нэгатыўна», — адзначыў Абеці.

Таксама ён выказаўся за тое, каб міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея выключылі са сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ, «каб была магчымасьць вядзеньня дыялёгу». Амбасадар адзначыў, што гэта думка «ня толькі Італіі».

Дыплямат назваў двухбаковыя беларуска-італьянскія стасункі «ў цэлым добрымі». «Ёсьць перашкоды палітычнага характару, пра якія ўсе ведаюць і якія на афіцыйным узроўні затармазілі разьвіцьцё адносін, — сказаў Абеці. — Але ні ў якім выпадку яны не замарозілі адносіны паміж людзьмі. У 2012 годзе Італія выдала больш за 40 тысяч візаў, зь іх 18 тысяч — дзецям, якія прыяжджаюць па аздараўленчых праграмах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG