Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўстагодзьдзя дзёрзкага дэбюту


22 сакавіка 1963 году ў музычных крамах Вялікабрытаніі зьявіўся дэбютны альбом групы «The Beatles» пад назвай «Please Please Me».

Зьмешчаныя ў ім песьні й дагэтуль гучаць на радыёхвалях і падчас канцэртаў. Але на той час нават самі музыкі, відаць, ня думалі пра тое, што патрапяць з гэтымі песьнямі ў гісторыю сусьветнай музыкі...

Увэртура

Пачну здалёк. Недзе на пачатку 80-х гадоў у адной з букіністычных крамаў Менску мне патрапілася на вочы кніга мастацкага кіраўніка Маскоўскага мюзык-холу Аляксандра Конікава «Мир эстрады», датаваная 1980 годам. Магчыма, я й пакінуў бы гэтую кнігу на паліцы, калі б ня тое, што на адваротным баку вокладкі я неспадзявана ўбачыў фота ўдзельнікаў «The Beatles». Гэта мяне, мякка кажучы, заінтрыгавала: у тыя гады практычна ўся друкаваная інфармацыя пра замежную рок-музыку даходзіла ў СССР выключна праз выданьні сацыялістычных краінаў. Здымак «The Beatles» у выдадзенай у краіне саветаў кнізе, прызнацца, мяне ледзь не шакаваў.

Пагартаў кнігу — і рашуча забраў сабе. Хоць бы з тае прычыны, што пачыналася яна з успамінаў пра гастролі калектыву Маскоўскага мюзык-холу ў славутай залі парыскай «Алімпіі», куды трупу запрасіў сябра Конікава і гаспадар гэтай залі знакаміты прамоўтар Бруна Какатрыс. І так здарылася, што напярэдадні першага спэктаклю савецкіх артыстаў Бруна Какатрыс зрабіў свайму маскоўскаму калегу падарунак, запрасіўшы таго паглядзець выступленьне групы «The Beatles». Я й цяпер дакладна памятаю ўражаньні Конікава ад выступу «Жукоў», па якіх крыху пазьней, калі бітляманія набыла маштабы эпідэміі, зьедліва прайшоўся ў савецкай прэсе кампазытар Мікіта Багаслоўскі. Праўда, хутчэй за ўсё, ягоным імем быў падпісаны тэкст зусім іншага аўтарства... Спадар Багаслоўскі ўсё ж быў здольны адрозьніць сапраўднае ад сэканд-хэнду...

Аляксандр Конікаў жа быў надзвычай уражаны тым, што пабачыў у 1964 годзе і вельмі прафэсійна апісаў тое, што ён пабачыў. У сваёй кнізе ён згадвае, што «The Beatles» гралі бяз паўз каля 40 хвілінаў, пасьля чаго сышлі са сцэны і нават не адгукнуліся на «біс». І за кулісамі, як пісаў рэжысэр, ён пабачыў музыкаў, якія ў зьнямозе сядзелі на падлозе, — змораныя, мокрыя ад поту, аддаўшы публіцы ўсё, што яны мелі, на сцэне.

Прызнаюся: такога шчырага, праўдзівага расповеду аб прадстаўніках «гнілой імпэрыялістычнай музыкі» (ці як там тады яшчэ ў нашай прэсе пісалі) да таго часу сустракаць у савецкіх кнігах не даводзілася. Дый шмат пазьней — таксама... Вось чаму, моцна ўражаны абсалютна не савецкай па зьместу кнігай, я і забраў яе. І не пашкадаваў, таму што прачытаў у ёй яшчэ шмат чаго вельмі цікавага і пра савецкіх, і пра замежных артыстаў, зь якімі ў розныя гады даводзілася сустракацца Аляксандру Конікаву. Прафэсійнае выданьне сапраўднага артыста! Калі будзе магчымасьць — настойліва раю азнаёміцца з гэтай кніжкай! Якім чынам і дзякуючы чаму (каму?) тая незвычайная кніга пабачыла сьвет у застойныя савецкія гады — можна толькі здагадвацца.



Як тое рабілася

А, між іншым, згаданы ў кніжцы «Мир эстрады» канцэрт адбываўся недзе літаральна праз год пасьля таго, як «The Beatles» выдалі свой дэбютны альбом. Запісаны ён быў пад кіраўніцтвам прадусара Джорджа Марціна па цяперашніх мерках фантастычна хутка. Цягам адных толькі сутак 11 лютага 1963 году былі запісаны 14 песень, пры гэтым амаль палова зь іх была, як цяпер такія называюць, кавэрамі: песьнямі, напісанымі іншымі, ня ўдзельнікамі калектыву, аўтарамі. Як па сёньняшніх мерках, запісаць цягам сутак 14 песень — сытуацыя проста неверагодная! Праўда, калі зважаць на тагачасныя тэхналёгіі гуказапісу, многае робіцца зразумелым. Паводле завядзёнкі тых часоў, усё пісалася на дзьве дарожкі: на адну — партыі інструмэнтаў, на другую — вакальныя партыі. Гэта ўжо пазьней, з увядзеньнем новых прынцыпаў запісу гуку, іншага абсталяваньня, праца ў студыі над чарговым альбомам таго ці іншага калектыву забірала часам па некалькі месяцаў. Тады ж, на пачатку 60-х, усё было значна прасьцей і адначасова — куды больш шчыра і праўдзіва. Гэта ў наш час кожны інструмэнт запісваецца на асобную дарожку, і такіх дарожак падчас запісу толькі адной песьні можа быць больш за сотню. Тады ж дзьве дарожкі ў выніку зводзіліся ў адну асноўную, і на падставе зробленага тыражаваўся альбом. І зусім ня грошы, інакш кажучы — кошт праведзенага ў студыі часу дыктавалі ўмовы. Такія былі варункі працы. Усьмешка лёсу: роўна праз 20 гадоў пасьля запісу «Please Please Me» у сутарэньнях цяперашняй Акадэміі мастацтваў у Менску група «Сузор’е» запісала першы айчынны рок-альбом, маючы ў наяўнасьці толькі два магнітафоны «Тэмбр». І тыя песьні дагэтуль вярэдзяць душу.

А пасьля запісу альбому ў 1963 годзе Джордж Марцін згадваў: «Яны ігралі 12 гадзінаў запар з поўнай аддачай. У перапынках, каб зьберагчы галасы, елі мятныя ледзянцы і літрамі пілі малако».

Як бачыце, аніякіх стымулюючых сродкаў кшталту LSD, пра якія ў тыя часы гэтак ахвотна пачынала згадваць савецкая прэса, побач з музыкамі не было. Малако і нешта накшталт цукерак «Взлётные». Сьмяротны допінг прыйшоў у рок-музыку крыху пазьней і пачаў зьядаць найперш найбольш таленавітых і няўрымсьлівых. Эпоха «Вудстаку» паказала іх усяму сьвету і хутка забрала лепшых зь іх з тым, каб стварыць легенды.

Альбом

Найбольш вядомай зь ліку «староньніх» песень у гэтым альбоме была «Twist and Shout», напісаная Філам Мэдлі і Бэртам Расэлам і ўжо вядомая на той час па выкананьню іншымі артыстамі. Гэтая песьня запісвалася апошняй з той простай прычыны, што была занадта складанай для выкананьня, у першую чаргу па вакалу. Зьнешне просьценькая, калі не сказаць — прымітыўная, песенька патрабавала тым ня менш моцнага, пранізьлівага голасу. Але Джон Ленан, які саліраваў у ёй, такім голасам усё ж не валодаў. Сам ён згадваў: «Мы заўсёды пакідалі „Twist and Shout“ на заканчэньне канцэрту. Я проста ня мог сьпяваць гэтую чортаву песьню, я заўсёды зрываў голас».

І вось 11 траўня 1963 году альбом «Please Please Me» (мона-варыянт, стэрэафанічная вэрсія альбому была выдадзена крыху пазьней за монафанічную, 26 красавіка) рашуча ўварваўся на першае месца брытанскага хіт-параду і пратрымаўся на ім цягам 30 тыдняў! Загалоўная песьня альбому, выдадзеная сінглам, зрабілася першай аўтарскай песьняй удзельнікаў «The Beatles», якая таксама дасягнула першага месца ў хіт-парадзе Вялікабрытаніі. Дарэчы, выдадзены ў фармаце CD, гэты альбом у 1987 годзе зноў трапіў у брытанскі хіт-парад, дасягнуўшы 32 месца. А славуты часопіс «Rolling Stone» у сьпісе 500 найлепшых альбомаў усіх часоў паставіў «Please Please Me» на 39 пазыцыю.

Час гучаньня альбому па тых мерках быў стандартны: крыху больш за паўгадзіны. Ніводная з песень не гучала больш за тры хвіліны. Аранжаваньні былі вельмі простыя, аніякіх накладаньняў іншых інструмэнтаў, апроч трох гітар ды барабанаў, не было. Ці не таму нават у нашы часы гэтая музыка працягвае прывабліваць да сябе многіх і многіх музыкаў і слухачоў, што ўсё было зроблена надзвычай проста? Ці не таму, што разьвіцьцё тэхналёгій гуказапісу пазьней пачало адмоўна адбівацца на самой сутнасьці музыкі, адным з найбольш істотных складнікаў якой зьяўляецца тое, што можна акрэсьліць адным кароткім словам — шчырасьць?

Цікавы факт: у гэтым альбоме аўтарства песень, напісаных удзельнікамі калектыву, значылася як МакКартні/Ленан. А вось пачынаючы з наступнага альбому на вокладках можна было ўжо бачыць адваротнае: Ленан/МакКартні... З тым яны і ўпісаліся ў гісторыю.

Пасьляслоўе

У канцы 60-х мой аднакляснік, сусед па парце, вядомы цяпер мастак-дызайнэр Сяргей Саркісаў, маляваў часам на ўроках алоўкам партрэты музыкаў «The Beatles». Тыя партрэты, вельмі падобныя да арыгіналаў, карысталіся сярод аднаклясьнікаў вялізным попытам, не раўнуючы як разоў з пяць перазьнятыя і рэдкія тады фотаздымкі ўдзельнікаў калектыву. Мы ж у той час плацілі ўладальнікам арыгінальнага альбому фірмы «Parlophone» важкія савецкія тры рублі, каб перагнаць музыку на магнітафонную стужку фірмы «Свема». І на танцавальных вечарынах у школе слухалі песьні і з гэтага альбому, якія гучалі з дынаміка цяжкога, амаль «замежнага», рыскага вырабу, магнітафона «Aidas». Стужкі тыя рваліся, мы клеілі іх воцатам і наўрад ці думалі, што зьяўляемся сьведкамі нараджэньня новай музыкі, якая перавярне ўвесь сьвет і будзе суправаджаць нас праз усё жыцьцё. Так, паўстагодзьдзя — гэта яшчэ далёка ня вечнасьць. Але ўжо і не імгненьне.

23 сакавіка ў Менску ў Маладзёжным тэатры эстрады чатыры беларускія калектывы адзначаць юбілей альбому «Please Please Me» вялікім канцэртам. Сярод удзельнікаў канцэрту будзе і група «Flat», якая ў 2007 годзе была першай беларускай камандай, што дала ў Лівэрпулі восем канцэртаў у рамках штогадовага сусьветнага фэсту «Beatles Week». Музыкі ганарыліся сваімі пашпартамі, у якіх былі штампы з назваю «The Beatles». Між тым лідэр «Flat» бас-гітарыст Алег Вінакураў, такі ж леварукі выканаўца, як і сэр Пол МакКарні, нарадзіўся толькі праз тры з паловай гады пасьля выданьня «Please Please Me»...

P.S. Калі толькі не памыляюся, на інтэрнэт-аўкцыёне www.popsike.com кошт асобных арыгінальных выданьняў гэтага альбому сягае часам 10 і больш тысячаў фунтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG