Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск зьбіраецца далучыцца да шэрагу ўсясьветных сталіцаў, дзе закладзеныя плошчы дзяржаўнага сьцяга. Праўда, пры бліжэйшым разглядзе высьвятляецца: амаль усе гэтыя гарады месьцяцца ў азіяцкім рэгіёне, а кіроўныя рэжымы там маюць выразна аўтарытарныя рысы. Навошта беларускаму кіраўніцтву падкрэсьлена гіпэрбалізаваная дэманстрацыя дзяржаўнай сымболікі?

Будаўнічыя працы, якія тры гады таму разгарнуліся побач з выставачным комплексам «БелЭкспа» на скрыжаваньні праспэкту Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай, вядуцца ў рэжыме сакрэтнасьці — ніякай суправаджальнай дакумэнтацыі ці пашпарта аб’екта на агароджы, тэрыторыя ахоўваецца міліцыяй. Толькі падчас студзеньскай прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што пад патранажам Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта тут узводзіцца палац прыёмаў. А нядаўна на подступах да асноўнай будоўлі зьявіліся брызэнтавыя банэры, якія сьведчаць: ля палаца будзе закладзеная яшчэ і плошча дзяржаўнага сьцяга.

Галоўны атрыбут адкрытай прасторы перад будучым палацавым фасадам — вялізны флягшток — ужо змантаваны. Яго вяршыню ўпрыгожвае наверша з паліраванай зоркай. Усталяваны рухавік, які будзе падымаць сьцяг на верхатуру.

Флягшток на будучай плошчы дзяржаўнага сьцяга ў Менску

Флягшток на будучай плошчы дзяржаўнага сьцяга ў Менску



У параўнаньні з аналягічнымі канструкцыямі ў іншых частках сьвету менскі флягшток досыць сьціплы — мэтраў пад 70. Гэта нашмат ніжэй, чым у Таджыкістане (165 мэтраў), Азэрбайджане (162), Паўночнай Карэі (160), Туркмэністане (133), Ярданіі (130) ды іншых «соценьніках».

Шанаваньне сьцяга — традыцыя даўняя, найбольш выразна яна выявілася ў ЗША. А вось ставіць гіганцкія флягштокі пачалі досыць нядаўна. Гэта характэрна найперш для рэжымаў, якія ўсясьветная супольнасьць адносіць да праблемных.

Флягшток у Таджыкістане

Флягшток у Таджыкістане



Галоўны сьцяг Азэрбайджану каля канцэртнага палацу Baku Crystal Hall

Галоўны сьцяг Азэрбайджану каля канцэртнага палацу Baku Crystal Hall



Нядаўна галоўны сьцяг Азэрбайджану давялося пабачыць на ўласныя вочы. Другі ў сьвеце паводле вышыні флягшток усталяваны на штучнай высьпе, адмыслова насыпанай да леташняга конкурсу «Эўрабачаньня» ў Баку. Плошча гэтага палотнішча самая вялікая ў сьвеце — 2450 квадратных мэтраў (у Таджыкістане — 1800 кв.м). Каб утрымаць на ветры такі спэцыфічны груз, неабходная супэртрывалая канструкцыя. І хоць у беларускага кіраўніцтва размах заўважна меншы, для Эўропы гэта навіна. Зрэшты, як кажа першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, высілкі цяперашніх ідэолягаў не прападуць марна:

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

«Я думаю так: калі сапраўды закладаюць плошчу дзяржаўнага сьцяга, то да таго часу, пакуль яны яе пабудуюць, у нас ужо будзе прыстойны сьцяг. Таму чаго я буду з гэтай нагоды нейкі жаль выказваць? Тое, што ў нас гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг будзе, — у мяне няма ніякага сумневу. Ведаеце, пакуль гэтае адродзьдзе з камуністычнай мэнтальнасьцю, з тымі, хто іх дзесьці падтрымлівае ў сьвеце, будзе тут панаваць — дык што зробіш, пабудзе гэты сьцяг. А пасьля будзе прыстойны, наш гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг. Бо нешта ўбіць у галовы сёньняшняй так званай эліце немагчыма. І найперш прэзыдэнту, які хваліцца, што мае гістарычную адукацыю. У яго папросту мазгі не ўспрымаюць сапраўднай гісторыі Беларусі, яны ўспрымаюць толькі савецкую гісторыю. Ну, няхай ёю і жыве. Таму хай сабе чарнавую працу робяць, а мы пасьля сьцяг там прыстойны паставім».

За дзесяцігодзьдзі савецкага панаваньня беларусы ў масе сваёй так і не прызвычаіліся да навязанай сымболікі — чырвона-зялёныя сьцягі зьяўляліся на дзяржаўных установах збольшага падчас афіцыйных сьвятаў. Адноўлены за часамі Лукашэнкі беларуска-савецкі ўзор, «мадэрнізацыя» якога палягала хіба што ў зафарбаваных сярпе і молаце, мае ў грамадзтве той жа «посьпех». Першыя асобы вымушаныя прывіваць любоў да сучасных сымбаляў асабістым прыкладам. Так, нядаўна на штрыфелі пінжака Лукашэнкі зьявіўся значак у форме сьцяга. Падобны знак з канкрэтызацыяй сваіх паўнамоцтваў носяць і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Калі патрэба ў плошчы дзяржаўнага сьцяга ўспрымаецца неадназначна, то адмысловы палац прыёмаў патрэбны. Будынак адміністрацыі прэзыдэнта, дзе Лукашэнка сустракае сваіх гасьцей, спраектаваны ў савецкіх традыцыях паводле калідорна-кабінэтнай сыстэмы і мала адпавядае патрабаваньням часу. І хоць у Беларусь зь візытамі кіраўнікі іншых дзяржаў наведваюцца рэдка, але, як лічыць Станіслаў Шушкевіч, улады могуць паставіць аб’ект на камэрцыйныя рэйкі, здаючы палац пад дыпляматычныя прыёмы:

«Ведаеце, у многіх дзяржавах, у якіх я быў, ёсьць палацы прыёмаў. Напрыклад, апошні раз я быў ва Ўкраіне, там расейская амбасада ладзіла прыём з нагоды 80-годзьдзя Барыса Ельцына. Якраз у палацы прыёмаў. І я вам скажу, гэта зусім нядрэнна. У нас ладзяць амбасады прыёмы ў розных рэстарацыях — што, вядома, таксама нядрэнна. Але, мне здаецца, не заўсёды можна там выканаць усе працэдуры, неабходныя дзеля таго, каб адзначыць нечае нацыянальнае сьвята. А там, я думаю, будуць працаваць прафэсіяналы, якія змогуць дагаджаць тым амбасадам, якія захочуць у гэтым палацы ладзіць свае прыёмы. Думаю, што і ў камэрцыйным сэнсе будзе зручна, таму што за гэта будуць плаціць. Ну і, зразумела ж, калі не нацешыцца самалётам, не нацешыцца лядовымі палацамі, то патрэбны яшчэ палац прыёмаў. Але добра было б, каб яшчэ людзі адчулі нейкую дабрыню. Зьвярнуў бы ўвагу, што часы цяпер мяняюцца. Няхай хоць бы паглядзіць, як паступае сёньняшні папа Рымскі».



У якую суму абыдзецца бюджэту ўзьвядзеньне прэзыдэнцкага палаца прыёмаў — трымаецца ў такой жа таямніцы, як і ўласна будаўніцтва. Але факт, што грошай не хапае. Так, яшчэ летась кіраўніцтва Менгарвыканкаму адрапартавала, што знайшло дадатковыя рэсурсы на будоўлю «асабліва важных аб’ектаў», якія ўзводзяцца на даручэньне Лукашэнкі і знаходзяцца пад ягоным асабістым кантролем. У гэтым пераліку апынуўся і аб’ект, які афіцыйна праходзіць як «адміністрацыйны будынак на тэрыторыях у межах вуліца Арлоўская — праспэкт Пераможцаў — рака Сьвіслач». Туды дадаткова накіравана 50 мільярдаў рублёў — 6 мільёнаў даляраў у эквіваленце.
XS
SM
MD
LG