Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папулярны відэа-партал Youtube можа перайсьці на платную падпіску. Гэтую сэнсацыйную навіну падалі адразу некалькі інфармацыйных агенцтваў.


Паводле БЕЛТА, навіну агучыў віцэ-прэзыдэнт Google Роберт Кінцл, які дадаў, што платныя каналы падпіскі надзвычай важныя і могуць прынесьці дадатковы даход распрацоўнікам і стваральнікам кантэнту.

У Google Кінцл курыруе праект Youtube, які кампанія Google (Уладальнікі Сяргей Брын і Лары Пэйдж) набыла ў 2006 годзе за 1,76 мільярда даляраў.

Аўдыторыя Youtube, створанага ў 2005 годзе, перавышае 1 мільярд карыстальнікаў. «Падатак» на падпіску, які, паводле дадзеных спэцыялістаў, складзе ад 1 да 5 даляраў, можа прынесьці кампаніі дадатковы прыбытак і не павінен адпудзіць карыстальнікаў.

Навінны сайт CNET News прыводзіць выказваньне Дуэйна Бэла, часовага кіраўніка аддзелу маркетынгу і ад’юнкт-прафэсара маркетынгу з Унівэрсытэту Нэбраска-Лінкальна. Ён сказаў, што рэакцыя на завядзеньне аплаты — гэта заўсёдная праблема з прадуктам або паслугай. «Ніхто ня ведае, што здарыцца з гледачамі Youtube, калі запрацуе мадэль цэнаўтварэньня», — сказаў Бэл.

CNET News паведамляе са спасылкай дасьведчаныя ўнутраныя крыніцы з Youtube, што кампанія Google, уладальнік Youtube, ужо распрацавала праграмнае забесьпячэньне для платнай падпіскі каналаў. Гэта азначае, што карыстальнікам давядзецца плаціць за падпіску і глядзець відэа на некаторых каналах Youtube.

Агенцтва таксама прыводзіць выказваньне некалькіх людзей, якія заявілі, што плаціць за падпіску, каб глядзець відэа-ролікі зь Youtube, ня будуць.
XS
SM
MD
LG