Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч: расейцы не знайшлі грошай на крэдыт Беларусі


Расейскі Мінфін пакуль ня ведае, дзе ўзяць 2 мільярды даляраў, каб пазычыць Беларусі.

Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Пётар Пракаповіч.

Ён заявіў, што Расея ня супраць даць Беларусі гэты крэдыт:

«Прынцыповых пярэчаньняў з боку Расеі няма, але расейскі Мінфін пакуль ня ведае, як гэта зрабіць, паколькі ў бюджэце не прадугледжаны гэтыя сродкі», — цытуе Інтэрфакс заяву Пракаповіча.

Грошы неабходна пазычаць дзеля стабільнасьці ў эканоміцы і рэструктурызацыі зьнешніх даўгоў. А менавіта на 2013 год у Беларусі прыпадае пік плацяжоў па зьнешнім доўгу.

Пытаньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту абмяркоўвалася падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Санкт-Пецярбургу. Аднак да пагадненьня справа не дайшла. Расейскі міністар фінансаў Антон Сілуанаў нагадаў, што ў мінулым годзе Беларусь павінна была прыняць меры па прыватызацыйных зьдзелках на суму 2,5 млрд даляраў, аднак гэтага не зрабіла. І калі ў гэтым годзе беларускі бок зможа рэалізаваць маёмасьць на гэтую суму, то крэдыт не спатрэбіцца, заявіў Сілуанаў.

Размова пра гэты крэдыт пачалася яшчэ ў мінулым годзе. На сустрэчы са студэнтамі Беларускага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі ў Менску Лукашэнка заявіў, што будзе прасіць у Расеі пару мільярдаў даляраў «недарагіх грошай» на мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Ён тады прызнаўся, што ў сьнежні вёў «цяжкія перамовы» з Уладзімерам Пуціным і «было шмат пытаньняў». Расейскі бок, паводле Лукашэнкі, не адказаў адмоўна і прапанаваў прадставіць сьпіс прадпрыемстваў для мадэрнізацыі і стварыць сумесныя прадпрыемствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG