Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкі на Кіпры закрытыя да аўторка, ля банкаматаў чэргі


Плякаты на акцыях пратэсту супраць падатку на ўклады
Плякаты на акцыях пратэсту супраць падатку на ўклады

Улады Кіпру прадставілі парлямэнту альтэрнатыўны антыкрызісны пакет, які павінен дазволіць атрымаць экстраную фінансавую дапамогу і пазьбегнуць банкруцтва краіны. Сярод прапанаваных мер — продаж дзяржаўных актываў і рэструктурызацыя банкаў.

Галасаваньне па антыкрызісным «пляне Б» у кіпрскім парлямэнце прызначана на пятніцу.

Ва ўладаў Кіпра застаецца ўсё менш часу да панядзелка — тэрміну, пасьля якога Эўрапейскі цэнтральны банк пагражае спыніць экстранае фінансаваньне.

Лічыцца, што па меншай меры траціна банкаўскіх укладаў на Кіпры — расейскага паходжаньня. Паводле ацэнкі рэйтынгавага агенцтва Moody’s, на рахунках кіпрскіх банкаў знаходзіцца 31.000.000.000 даляраў з Расеі: 12 млрд. зь іх — банкаўскі капітал, і 19 млрд. даляраў належаць кампаніям і прыватным асобам.

У аўторак парлямэнт Кіпру адхіліў антыкрызісны плян, узгоднены кіпрскім урадам з Эўразьвязам і МВФ, які прадугледжваў увядзеньне разавага падатку на дэпазыты ў якасьці ўмовы атрыманьня 10 млрд. эўра экстранай фінансавай дапамогі. Замест падатку на дэпазыты ўлады прапануюць стварыць «інвэстыцыйны фонд салідарнасьці», удзельнічаць у якім будуць арганізацыі і прыватныя асобы. Кіпрскія ўлады спадзяюцца таксама атрымаць дадатковыя сродкі за кошт прыватызацыі і павелічэньня падаткаў на прырост капіталу.

Найбуйнейшы банк Кіпру папярэдзіў, што кіпрская эканоміка знаходзіцца «на мяжы», і ёй неабходна неадкладна фінансавая дапамога Эўропы.

Эўрапейскі цэнтрабанк заявіў, што калі да панядзелка ўлады Кіпра ня прымуць антыкрызісны «плян Б», то ЭЦБ можа спыніць падтрымліваць кіпрскія банкі, што, у сваю чаргу, прывядзе да каляпсу фінансавай сыстэмы Кіпру і магчымага выхаду з эўра.

Усе кіпрскія банкі закрытыя да аўторка, ля банкаматаў выстраіліся доўгія чэргі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG