Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дні Беларусі прайшлі ў Стакгольме


Стэфан Эрыксан, Лявон Вольскі, Тацяна Равяка, Юлія Слуцкая, Андрэй Бандарэнка, Жана Літвіна

Стэфан Эрыксан, Лявон Вольскі, Тацяна Равяка, Юлія Слуцкая, Андрэй Бандарэнка, Жана Літвіна

У парлямэнце Швэцыі ў рамках «Дзён Беларусі» 21 сакавіка адбыўся сэмінар «Грамадзянская супольнасьць Беларусі: барацьба за выжываньне».

Паводле арганізатараў сустрэчы, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 года выкананьне правоў чалавека ў Беларусі пачало выклікаць трывогу.


«Нягледзячы на няспынныя пратэсты ад імя міжнароднай супольнасьці, Беларусь трымае палітзьняволеных, рэжым Лукашэнкі працягвае скарачаць свабоду асацыяцый, сходаў і выказваньня. Эўразьвяз зрабіў шмат дзеяньняў у адказ, але галоўная праблема застаецца: знайсьці адпаведныя захады і інструмэнты ўзьдзеяньня, якія паспрыялі б дэмакратычнаму разьвіцьцю краіны. Тым часам беларуская грамадзянская супольнасьць знаходзіцца на мяжы зьнясіленьня», — гэтак гаварылася ў суправаджальным тэксьце да гэтай падзеі ў праграме сэмінару.

У ім прынялі ўдзел прадстаўніца Праваабарончага цэнтра «Вясна» Тацяна Равяка старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, былы амбасадар Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан.

Як паведамляе прэсавая служба БАЖ, у праграме «Дзён Беларусі» таксама круглы стол на тэму ўмоваў утрыманьня ў беларускіх турмах з удзелам Андрэя Бандарэнкі (інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Платформа»), швэдскага праваабаронцы Томаса Хамарберга, а таксама прадстаўнікоў Amnesty International.

Яшчэ ў праграме «Дзён Беларусі» — дыскусія на тэму цэнзуры і самацэнзуры ў розных сфэрах беларускага жыцьця з удзелам Лявона і Ганны Вольскіх, Юліі Слуцкай, а таксама канцэрт Лявона Вольскага і прагляд мастацкага фільму «Жыве Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG