Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: заява дэпутатаў пра прыватызацыю – слушная


Івонка Сурвіла

Івонка Сурвіла

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Івонка Сурвіла сказала, што падзяляе занепакоенасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія на сваёй нядаўняй нарадзе ацанілі тэндэнцыі ў прыватызацыі агульнанароднай уласнасьці як пагрозу эканамічнай самастойнасьці краіны і заявілі, што пры зьмене ўлады зьдзелкі з маёмасьцю могуць быць перагледжаныя.

Сурвіла: «Рада БНР неаднаразова выказвала занепакоенасьць, што няздольнасьць Лукашэнкі праводзіць самастойную, незалежную ад Масквы палітыку можа стварыць пагрозу для эканамічнай самастойнасьці краіны, і давядзецца расплочвацца тым, што належыць народу. Тое, пра што цяпер заявілі дэпутаты Вярхоўнага Савету, на мой погляд, адпавядае сэнсу «Віленскага Мэмарандуму», які быў падпісаны ў лістападзе 2012 году кіраўніцтвам Рады БНР і кіраўнікамі шэрагу беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацый. Працытую пункт 2-гі Мэмарандуму: «Лукашэнка і дзяржаўныя органы пад ягоным кантролем, пры адсутнасьці дэмакратычнай легітымнасьці, ня ёсьць правамоцным і дзеяздольным прадстаўніцтвам Беларусі, асабліва ў разе прыняцьця ад імя Беларусі абавязкаў і пагадненьняў з наступствамі, якія абмяжоўваюць ці абцяжарваюць яе сувэрэнітэт або датычаць распродажу дзяржаўнай маёмасьці. Гэткія пагадненьні ня будуць абавязковыя для дэмакратычнай беларускай дзяржавы ў будучыні, а стануць прадметам перагляду і магчымага скасаваньня або карэкцыі».

Разам з тым, цяперашняя палітыка Лукашэнкі ў сфэры прыватызацыі – толькі частка ягонай агульнай палітыкі, якая накіраваная, як мы даўно пераканаліся, на зьнішчэньне ўсяго таго, што складае ўмовы існаваньня беларускага народа як нацыі – мовы, культуры, адукацыі. І ў супрацьстаяньні такой палітыкі хацелася б бачыць намаганьні ўсіх тых, хто лічыць сябе беларускімі патрыётамі – незалежна ад іх партыйнай прыналежнасьці».

Заява дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня «Намэнклятурная прыватызацыя – пагроза эканамічнаму сувэрэнітэту Беларусі» была прынятая на нарадзе, якая адбылася 15 сакавіка 2013 году.

Мэмарандум «Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі» быў прыняты з ініцыятывы Рады БНР ў Вільні 3 лістапада 2012 году, пад ім, акрамя Івонкі Сурвілы, паставілі подпісы лідэры шэрагу палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, у тым ліку – Уладзімер Барадач, Вінцук Вячорка, Аляксандар Дабравольскі, Вольга Карач, Уладзімер Колас, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Зянон Пазьняк, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, Станіслаў Шушкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG