Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Складкі бяруць, а дапамагаць ня хочуць


22 працаўнікі «Гомельхлебпраму» й гандлёвага таварыства «Дабрабыт» уступілі ў Беларускі незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці. Яны просяць абараніць іх ад ціску з боку адміністрацыі, якая патрабуе сплаціць вялікія сумы нястачы. У незалежны прафсаюз людзі вырашылі ўступіць пасьля таго, як не знайшлі падтрымкі ў прафсаюзе афіцыйным.

Ахоўнік гандлёвага таварыства «Дабрабыт» спадар Аляксандар апавёў, што напачатку зьвяртаўся па дапамогу ў мясцовы афіцыйны прафсаюз гандлю:

«Нам сказана было: ідзіце й зьбярыце копіі дакумэнтаў. Магчыма, і дапаможам, хоць гарантыі няма, бо звычайна ўсе плацяць».

Пра такое ж стаўленьне з боку афіцыйнага прафсаюзу кажа й касір-кантралёр адной з крамаў «Дабрабыту» спадарыня Натальля:

«У прафсаюзе гандлю проста далі раздрукоўку і культурна патлумачылі: шукайце ўсё самі. Патрэбна незалежная камісія — шукайце самі камісію, схадзіце самі па дакумэнты. Самі ўсё вазьміце, а тады яны, магчыма, неяк і дапамогуць».

Не знайшоўшы ўвагі да сваёй праблемы, працаўнікі гандлю й пачалі шукаць дапамогі ў незалежным прафсаюзе. Ніхто зь іх ня мог узяць у толк, якім чынам маглі ўтварыцца астранамічныя нястачы. Ні пакупнікі, ні самі шараговыя гандляры пры татальным кантролі ня могуць вынесьці прадуктаў на такую суму.

Натальля: «Такія нястачы ня могуць быць. Гэта нерэальна, каб такая нястача была. Ад дзясятага месяца таго году, калі я ўладкавалася, было два пераўлікі — і вось агульная сума нястачы каля 80 мільёнаў».

Гандляры не пажадалі сплачваць па 4–5 мільёнаў рублёў пры ўдвая меншым месячным заробку. Спадарыня Натальля ды іншыя гандляры, на каго адміністрацыі падалі ў суд, лічаць, што прычыны нястачаў трэба шукаць у бухгальтарскіх дакумэнтах і маніпуляцыях кіраўнікоў крамаў з пратэрмінаванымі прадуктамі:
Пратэрмінаваны тавар прасьцей выкінуць і „павесіць“ на краму, чымсьці самім сплачваць яго кошт

«Пратэрмінаваны тавар прасьцей выкінуць і „павесіць“ на краму, чымсьці самім сплачваць яго кошт. А такога тавару было шмат. Я асабіста спускала тавар у падсобку — і каўбасу, і мяса. І рыба была пратэрмінаваная. А калі прыйшла праз тыдзень зь бюлетэню пасьля праведзенай ужо інвэнтарызацыі, нічога гэтага не было. Куды падзелася — пытаньне».

Усё гэта й вымусіла гандляроў шукаць дапамогі ў незалежным прафсаюзе РЭП. Ягоны рэгіянальны кіраўнік Віктар Казлоў кажа:

«Гэта ўжо сёмы выпадак, калі ў наш прафсаюз прыходзяць прадстаўнікі гандлю, а цяпер яшчэ й „Гомельхлебпраму“, з просьбай абараніць іх ад наймальніка — ад патрабаваньняў сплаціць вялікія памеры нястачаў. Што тут зьдзіўляе? Складкі яны плацяць у афіцыйны прафсаюз гандлю, а па абарону ідуць да нас. Мы, вядома, дапамагаем і дапаможам, калі чалавек з праблемай уступае ў наш прафсаюз».

Прававую дапамогу сябрам незалежнага прафсаюзу пры адстойваньні інтарэсаў у судах, у спрэчках з наймальнікам аказвае юрыст Леанід Судаленка:
Траціну ад сумы нястачы суд ужо скасаваў

«У судзе мне ўдалося даказаць, што выстаўленая „Дабрабытам“ сума нястачы разьлічаная няправільна. Неабгрунтавана ў гэтую суму ўключана гандлёвая надбаўка, што забараняецца Працоўным кодэксам. У выніку траціну ад сумы нястачы суд ужо скасаваў».

Юрыст кажа, што яго надзвычай насьцярожваюць і буйныя сумы нястачаў, якія адміністрацыя імкнецца «раскінуць» на шарагоўцаў, зьвязаных калектыўнай дамовай аб матэрыяльнай адказнасьці:

«Буйныя сумы нястач утвараюцца за лічаныя месяцы. У „Дабрабыце“, напрыклад, за няпоўных паўгода на шараговых гандляроў „павесілі“ каля 80 мільёнаў рублёў. Складана паверыць, што столькі прадуктаў скралі пакупнікі ці тыя ж гандляры. Таму памерам нястачы па заявах адказчыкаў, цяпер ужо нашых сябраў прафсаюзу РЭП, займаецца міліцыя».

Незалежны прафсаюз дапамог сваім чальцам напісаць заявы ў міліцыю, каб адпаведныя службы ўсё ж разабраліся, якім чынам утвараюцца астранамічныя сумы нястачаў і чаму за гэта павінны найчасьцей адказваць шараговыя працаўнікі.
XS
SM
MD
LG