Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік Казлоў: магчыма, у затрыманьні Кротава ўдзельнічаў КДБ


У Сьледчым камітэце і МУС ня кажуць, за якія канкрэтна злоўжываньні затрымалі кіраўніка ўправы ўласнай бясьпекі МУС Уладзімера Кротава. Сярод вэрсіяў, пра якія кажуць назіральнікі, — «крышаваньне» бізнэсу ды помста пакрыўджаных калегаў.

Паводле кіраўніка прэсавай службы МУС Канстанціна Шалкевіча, Уладзімер Кротаў быў затрыманы 19 сакавіка. МУС паведаміў пра затрыманьне празь дзень на афіцыйным сайце. Між тым зьвесткі пра затрыманьне кіраўніка ўправы ўласнай бясьпекі пратачыліся ў недзяржаўныя мэдыі яшчэ 16 сакавіка і спачатку афіцыйна абвяргаліся. Прычыну затрымкі з інфармацыяй у міліцыі не тлумачаць.

Якая служба затрымала начальніка галоўнай управы ўласнай бясьпекі МУС? Афіцыйны сайт МУС паведамляе, што гэта зрабілі супрацоўнікі цэнтральнага апарату міністэрства. У Сьледчым камітэце таксама кажуць, што гэта рабілі супрацоўнікі міліцыі.

Былы міліцыянт, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў не ўяўляе, якая структура ў МУС можа ўзяць на сябе «апэратыўную распрацоўку і затрыманьне» начальніка ўправы ўласнай бясьпекі. Мікалай Казлоў не выключае датычнасьці КДБ да затрыманьня Кротава. Што да ролі ўправы ўласнай бясьпекі ў сыстэме МУС, то, паводле Мікалая Казлова, яна блізкая да надзвычайнай.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў
«Вядома, гэта ўплывовая структура, бо ў іх ёсьць сур’ёзныя рычагі адносна любога міліцыянта. Бо ад іхніх праверак залежыць лёс ня толькі таго, каго яны правяраюць, але і службовы лёс іх начальнікаў. Бо можна зьвязаць рашэньне, якое прыняў супрацоўнік, з рашэньнем ягонага начальніка, а можна гэта не зьвязаць. Таму вельмі ўплывовая структура».

Уладзімера Кротава затрымалі паводле крымінальнай справы аб перавышэньні ўлады ці службовых паўнамоцтваў, якое ўчынена з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці. Ані ў міліцыі, ані ў Сьледчым камітэце ня кажуць, у чым канкрэтна падазраецца падпалкоўнік Кротаў.

Былы міліцыянт Мікалай Казлоў не выключае розных вэрсіяў, спасылаючыся на службовыя магчымасьці кіраўніка ўправы ўласнай бясьпекі:

«Што заўгодна. Усё, што можа любы міліцыянт, і значна больш. Бо ён у стане ўплываць на любую структуру МУС, бо са службай уласнай бясьпекі ніхто ня хоча зьвязвацца. Яму ж нават патрабаваць нічога ня трэба, дастаткова папрасіць. За кагосьці, прыкладам. Прадставіць чыесьці інтарэсы, прыкладам, нейкай камэрцыйнай структуры. Адмяніць праверку ці неяк перагледзець яе вынікі. Поўна магчымасьцяў. Гэта ж міліцыянт, памножаны на два, паводле магчымасьцяў. Бо ён сам міліцыянт, ды яшчэ з магчымасьцю паўплываць на іншага міліцыянта».

Пра Ўладзімера Кротава вядома, што ён каля трох гадоў узначальваў галоўную ўправу ўласнай бясьпекі МУС. Ці верагодна, што падпалкоўніку адпомсьцілі за тое, што раней ён і ягоная служба кагосьці вывелі на чыстую ваду ці камусьці перайшлі дарогу?

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук
Незалежны журналіст Сяргей Сацук, які спэцыялізуецца ў праблемах барацьбы са злачыннасьцю, не выключае і такой вэрсіі. Пры гэтым Сяргей Сацук заўважае, што за мінулы год асабліва гучных спраў з ініцыятывы ўправы ўласнай бясьпекі МУС не заводзілася:

«У адносінах да сур’ёзных асоб зусім няшмат было спраў, у асноўным драбяза. Як справа лейтэнанта міліцыі зь Менску, які „крышаваў“ прастытутак — гэтую справу тая ж управа ўласнай бясьпекі пачынала. З больш гучных спраў можна згадаць пра Воршу, дзе быў арыштаваны падпалкоўнік міліцыі, а іншы міліцыянт застрэліўся. А больш значных спраў і ня памятаю».

21 сакавіка Ўладзімеру Кротаву яшчэ не было выстаўлена абвінавачаньне, ён дагэтуль лічыцца затрыманым, а не арыштаваным. Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Травулька. Прадстаўнік Сьледчага камітэту не адказаў на пытаньне, дзе трымаюць Уладзімера Кротава — у ізалятары КДБ ці ў Менскім сьледчым ізалятары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG