Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска з Кіпру: «Так, крызіс... Але ж не такі, як у Беларусі»


Беларусаў на Кіпры ня так шмат, як расейцаў ды ўкраінцаў, але таксама нямала. Як яны ўспрымаюць праблемы, зь якімі давялося сутыкнуцца краіне і якія пры нэгатыўным разьвіцьці сытуацыі пагражаюць Кіпру дэфолтам і выхадам з эўразоны?

Марыя працуе на адзінай расейскамоўнай FM-радыёстанцыі «Русская волна» з офісам у Лімасоле. Яна родам зь Менску, на Кіпры жыве пяць гадоў. Цікаўлюся: ці зьмянілася нешта за апошнія дні ў звыклым рытме жыцьця?

«Ды нармальна ўсё. На самой справе тут няма нейкіх асаблівых жарсьцяў, як падаюць мэдыі. Зразумела, ёсьць эканамічны крызіс — зрэшты, як і ўсюды. Магчыма, Кіпр крыху ў больш складанай сытуацыі, чым усе астатнія, але, зноў жа, ніякіх асаблівых жарсьцяў няма. Проста чакаем рашэньня ўраду, тых захадаў, якія будуць прымацца дзеля выхаду з крызісу. Збольшага ўсё на гэтым».

Паводле суразмоўніцы, цяперашняя сытуацыя на Кіпры насьпявала даўно, і афшорны рай раней ці пазьней павінен быў завяршыцца «фінансавым землятрусам»:

«У прынцыпе, такая пагроза насьпявала даўно. Мне здаецца, магчымасьць падобнай разьвязкі была ўжо некалькі гадоў таму. Бо ў любым выпадку пра Кіпр заўсёды гаварылі як пра нейкі фінансавы камень спатыкненьня — ці гэта афшорная зона, ці яшчэ нешта. То бок у гэтым сэнсе Кіпр заўсёды быў на слыху ў эканамічных колах. І ён ніколі не выпадаў адтуль».

Разам з тым Марыя перакананая, што Кіпр пад цяжарам праблемаў ня зваліцца, бо ахвотных дапамагчы тамтэйшай эканоміцы хапае як на Захадзе, так і на Ўсходзе:

«Мне здаецца, сытуацыя неўзабаве стабілізуецца, адназначна. Нават калі не Эўразьвяз будзе дапамагаць, то нават на гэты момант дастаткова ахвотных дапамагчы Кіпру, прычым іх шмат і з розных бакоў. Той жа Эўразьвяз ужо ідзе на саступкі. У мясцовых, вядома, асноўнае спадзяваньне на Расею, што яна дапаможа, будзе наладжвацца больш шчыльнае супрацоўніцтва. Як ні круці, тут газ, тут нафта, распрацоўкі якіх толькі пачаліся. Таму Кіпру ёсьць што абмяркоўваць. Проста патрэбен час, каб усё стабілізавалася. Цяпер усё залежыць ад кіпрскага ўраду, якое рашэньне і ў які бок ён прыме. Насельніцтва спадзяецца, што на карысьць Расеі, таму што тут вельмі многа расейскамоўных, тут вялізны расейскі капітал, і, цалкам натуральна, калі рашэньне будзе прынятае, каб дагадзіць Расеі, то для звычайных абывацеляў, прынамсі, нічога асабліва ня зьменіцца».

Калі прадстаўнікі іншых краінаў, якія стала ці часова пусьцілі карані на высьпе, неяк гуртуюцца паміж сабой, то беларусы традыцыйна раствараюцца ў расейскім асяродку. Колькі суайчыньнікаў пасялілася на Кіпры, Марыя ня можа прыкінуць нават прыблізна:

«Я б не сказала, што беларусаў няма зусім, але натуральна, што абсалютна большая частка — гэта Расея. Потым, мабыць, ідуць Украіна, Малдова. Але, у прынцыпе, хапае і беларусаў. Іх не такая вялікая колькасьць, але дастаткова. Вядома, я не магу сказаць у працэнтных суадносінах, якая канкрэтна. Працуюць, зарабляюць на жыцьцё. Хто хоча, той працу заўсёды знойдзе, было б адпаведнае жаданьне. Цяпер, зразумела, стала складаней у зьвязку з крызісам, але, па вялікім рахунку, усё рэальна. Можна сабе працу знайсьці, як і ўсюды. Дакладна гэтак жа, як і ў Беларусі — нягледзячы на яшчэ большы крызіс, шалёна нізкія заробкі і такія ж кошты, як у нас тут. Вы ж самі працуеце і ведаеце: калі чалавек атрымлівае 200 эўра, то гэта вельмі добры заробак для Менску».

Фінансавы складнік — ня толькі немалаважная, а, мабыць, асноўная прычына, якая штурхае беларусаў шукаць шчасьця на чужыне. Марыя гэта адчула на ўласным досьведзе і на прыкладзе сваёй сям’і:

«Калі я была апошні раз у Менску, была вельмі адчувальная розьніца паміж
Тут мінімальны заробак 800 эўра, гэта як пражытковы мінімум. То бок ніжэй за 800 эўра працадаўца плаціць ня мае права

далярам і эўра, даляр быў нашмат ніжэйшы. Таму ў статыстыцы і чапляюцца за тое, што ніжэйшае ў вартасьці. Магчыма, дзесьці па афіцыйных зводках і праходзяць заробкі ў 500 даляраў, але пакажыце таго чалавека, які сапраўды атрымлівае такія грошы? Я вельмі хацела б паглядзець. Нават у Менску. На якой пасадзе могуць столькі плаціць? Калі ты дырэктар ці ўмоўны „топ-мэнэджэр“, то яшчэ можа быць. А на якую яшчэ пасаду могуць нацягнуць? Таму, каб не зарабляць столькі ж, давялося зьехаць і перакваліфікавацца (увогуле тут я не дыджэй, а сакратар). У мяне мама пэнсіянэрка, яна ў Беларусі атрымлівае 100 эўра. Я ўвогуле ў шоку, як за такія грошы можна выжыць. Тут мінімальны заробак 800 эўра, гэта як пражытковы мінімум. То бок ніжэй за 800 эўра працадаўца плаціць ня мае права. Калі гэта нармальны, поўны працоўны дзень, не парт-тайм, пры поўнай занятасьці».

Беларуская афіцыйная прапаганда пастаянна падкрэсьлівае, што заходняя цывілізацыя «псуе чалавека». Вось і Марыя кажа, што ўсяго за пяць гадоў так надыхалася паветрам свабоды, што ўжо не разумее, як жывуць людзі ў Беларусі:

«Розьніца, безумоўна, адчуваецца. Але ведаеце, у якім найперш аспэкце? Апошні раз я была дома ў кастрычніку мінулага году. Я заўсёды прыяжджала ў Менск з задавальненьнем. Але тут прыехала і зразумела, што людзі навокал проста азлобленыя. Яны не ўсьміхаюцца, усе вельмі злыя; і ўся гэтая напруга, уся агрэсія проста лунае ў паветры. Дзе ні паходзіш па горадзе, гэта адчуваеш. То бок людзі ў Беларусі сталі вельмі агрэсіўнымі. Маю на ўвазе, у цэлым — ня хтосьці канкрэтна, а ўсё грамадзтва (можа, хутчэй, усё ж не агрэсіўныя, а азлобленыя). Прынамсі, калі доўга там не бываеш, то вельмі кідаецца ў вочы. Зразумела, што ад усяго стаміліся, але, тым ня меней, трэба ж штосьці рабіць. Уся Эўропа вунь у мітынгах, пратэстах, адна Беларусь толькі ціха сядзіць».

Апроч афшору, прывабнага для дзелавых людзей, і месца жыхарства для заможных ці няўрымсьлівых, Кіпр яшчэ і курорт, куды зьбіраюцца мільёны турыстаў з усяго сьвету. У іх ліку і беларусы. Ці варта спадзявацца, што іміджавыя страты ў банкаўскай сфэры прымусяць турапэратараў зьніжаць кошты, каб прыцягнуць замежнікаў? Экспэрт у галіне турызму Лілія Кобзік лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі наўрад ці трэба разьлічваць на зьніжкі:

Лілія Кобзік

Лілія Кобзік

«Думаю, што ніяк цяперашняя сытуацыя на цэньнік не паўплывае — гэта калі ацэньваць турыстычны напрамак, пра палітыку казаць ня будзем. Дый ранейшы досьвед сьведчыць: калі нешта здараецца — і нават форс-мажорныя бываюць абставіны — на турызм гэта мала ўплывае. Бадай, адзінае выключэньне — ваенныя дзеяньні, і то калі яны адбываюцца непасрэдна ў курортных зонах. А так амаль ніяк не адбіваецца. Возьмем той жа Эгіпет, Туніс, іншыя напрамкі. Амаль нічога на турызм не ўплывае.

Таму калі казаць, што яны там павінны ці могуць патэнцыйна зрабіць зьніжкі, то, мне здаецца, Кіпру, наадварот, была зробленая своеасаблівая рэкляма як напрамку. Бо мы ведаем, што напрамак шыкоўны, сувязі з Кіпрам у нас вельмі шчыльныя. І кошты там добрыя, стабільныя. Калі адчуваем і бачым, што кожны год Турэччына на 10–15% падвышае кошты, то пра Кіпр можна сказаць іншае — пануе поўная стабільнасьць. Спадзявацца, скажам, турыстам, што зараз яны зробяць нейкія зьніжкі, то з чаго раптам? З таго, што людзі здымаюць грошы з рахункаў? Але ж і грошы, здаецца, немагчыма забраць, пакуль не прынятае ніякае рашэньне. Таму збольшага сытуацыя нейкага чаканьня».

Пакуль у розных частках сьвету вырашаюць, як дапамагчы Кіпру пазьбегнуць дэфолту, банкаўскі сэктар краіны па-ранейшаму спаралізаваны. Экспэрты пры гэтым канстатуюць, што пры любым раскладзе капітал з выспы будзе вымывацца ў іншыя краіны, а іміджу «афшорнага раю» нанесена сур’ёзная шкода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG