Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Кіргізстану: аснова краіны — кіргізы, мову павінны ведаць усе


Алмазбек Атамбаеў

Алмазбек Атамбаеў

Прэзыдэнт Кіргізстану заявіў, што ў краіне немагчымая стабільнасьць з абыякавым стаўленьнем некаторых грамадзян да дзяржаўнай мовы. Алмазбек Атамбаеў адзначыў, што незалежна ад нацыянальнасьці грамадзяне павінны валодаць кіргіскай мовай.

«Аснова шматнацыянальнага Кіргізстану — кіргізы. Падабаецца гэта ці не, валодаць дзяржаўнай мовай неабходна. Вядома, мы павінны стварыць умовы. Толькі захацелі ўвесьці дакумэнтаабарот на кіргіскай мове ў адным сяле ў Нарынской вобласьці, як у газэтах пачалі пісаць усякае. Некаторыя жыхары Кіргізстану, палітыкі, не саромеючыся ўздымаюць шум, зьвяртаючыся ў Расею і яе амбасаду ... Гэта ганебна», — сказаў прэзыдэнт.

Гэтае выказваньне прагучала ў часе пасяджэньня Рады абароны Кіргіскай Рэспублікі, дзе абмяркоўвалася канцэпцыя ўмацаваньня міжэтнічных дачыненьняў.
На мінулым тыдні парлямэнт краіны ў другім чытаньні ўхваліў папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай мове». З-за гэтага парлямэнт пачалі крытыкаваць этнічныя расейцы і расейскамоўныя прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.

Згодна з папраўкамі, дзяржаўныя службоўцы будуць павінны здаваць іспыт на веданьне дзяржаўнай мовы, а афіцыйныя сустрэчы павінны будуць праводзіцца на кіргіскай мове. Акрамя таго, законапраект патрабуе, каб у вышэйшых органах улады і органах мясцовага самакіраваньня арыгіналы дакумэнтаў рыхтаваліся на дзяржаўнай мове.

Канцэпцыя ўмацаваньня міжэтнічных адносін, ухваленая Радай абароны, была распрацаваная на аснове некалькіх праектаў, прапанаваных дэпутатамі і Асамблеяй народу Кіргізстану. Асноўная мэта канцэпцыі — «забесьпячэньне нацыянальнага адзінства праз паляпшэньне міжэтнічных адносін, захаваньне культурнай спадчыны і этнічнай разнастайнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG