Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ліпені Беларусь наведае папскі легат, які будзе ўдзельнічаць у сьвяткаваньні 400-годзьдзя абраза Маці Божай Будслаўскай.

Пра гэта паведаміў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які вярнуўся з Ватыкану. Кандрусевіч прысутнічаў на цырымоніі інтранізацыі новага папы рымскага Францішка.

Простасьць, сардэчнасьць і адкрытасьць — галоўныя асаблівасьці цырымоніі інтранізацыі новага папы Францішка, паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Новы пантыфік нават быў у тых жа сьвятарскіх шатах, у якіх адпраўляў сьвятую імшу ў Буэнас-Айрэсе. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама прадэманстраваў свой крыж мітрапаліта і падкрэсьліў, што гэткі ж крыж носіць і новы папа Рымскі Францішак — гэта значыць, вельмі просты, як для пантыфіка. Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў таксама іншыя асаблівасьці:

«Першае казаньне папы — яно было такое праграмнае. І галоўнае ў ім — ягоны вялікі заклік: „Ня бойцеся чуласьці“. Гэтыя словы — „Ня бойцеся быць чулымі да праблемаў іншых людзей“ — усе цяпер параўноўваюць са словамі Яна Паўла ІІ „Ня бойцеся“, „Ня бойцеся адчыніць дзьверы Хрысту“. І сёньня ўжо ёсьць зьвесткі, што на імшу Апошняй Вячэры ў базыліку Сьвятога Пятра папа запрасіў некалькі тысяч бедных з Рыму. Такога таксама яшчэ ніколі не было. Магчыма, што прыходзяць новыя часы, новы пантыфікат простага служэньня чалавеку пантыфіка з Богам».
Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсьліў, што ягоны крыж арцыбіскупа — гэткі самы, як і ў новага папы Францішка, то бок для пантыфіка ён вельмі просты.

Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсьліў, што ягоны крыж арцыбіскупа — гэткі самы, як і ў новага папы Францішка, то бок для пантыфіка ён вельмі просты.


Тадэвуш Кандрусевіч таксама падкрэсьліў, што ўрачыстая малітва на плошчы сьвятога Пятра гучала на некалькіх мовах, у тым ліку ўпершыню на кітайскай і расейскай. Гэта азначае, што пантыфік зьвяртае ўвагу на краіны, далёкія ад каталіцкай Эўропы, у тым ліку праз расейскую мову на прасторы былога Савецкага Саюзу. Адзін з такіх знакаў увагі — заплянаваны ўдзел папскага легата ў сьвяткаваньні 400-годзьдзя зьяўленьня абраза Маці Божай у Будславе, якое адбудзецца ў ліпені. Пра пэрспэктывы візыту папы Францішка ў Беларусь Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў наступнае:

«Напэўна, умацаваньне далейшых адносін паміж Беларусьсю і Апостальскім пасадам вельмі важнае. Я асабіста, і ня толькі я, бо спаткаўся зь біскупамі Ўкраіны, Казахстану і Літвы, — усе чакаюць, што папа ў гэты бок паедзе. Калі гэта здарыцца, я ня ведаю, трэба маліцца, малітва праб’е нябёсы».
Тадэвуш Кандрусевіч паказвае выяву пярсьцёнка Рыбака — сымбаля папскай улады, які для новага пантыфіка вырабілі ня з золата, а з срэбра.

Тадэвуш Кандрусевіч паказвае выяву пярсьцёнка Рыбака — сымбаля папскай улады, які для новага пантыфіка вырабілі ня з золата, а з срэбра.


Паводле афіцыйнай інфармацыі, пратакольную сустрэчу ў дзень інаўгурацыі з папам Францішкам мела дэлегацыя ўладаў Беларусі на чале са старшынём Савету Рэспублікі Анатолем Рубінавым. Назаўтра зь Дзяржаўным сакратаром Ватыкану кардыналам Тарчызыё Бэртонэ сустрэўся амбасадар Рэспублікі Беларусь пры Сьвятым Пасадзе Сяргей Алейнік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG