Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 cакавіка адновіцца працэс супраць кіраўніка Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юрыя Дорна.

Адбудуцца спрэчкі бакоў, пасьля пракурора будзе выступаць абарона.

28 лютага пракурорам было абвешчана новае абвінавачаньне Дорну, зь якога было прыбрана абвінавачаньне ў атрыманьні хабару.

Абарона разьлічвае на апраўдальны прысуд Юрыю Дорну.

«Шкода, калі яна і была нанесена, то яна кампэнсавана. Асноўная шкода — гэта ўхіленьне ад выплаты падаткаў, Br90 млн. Яны заплачаныя Юдэйскім рэлігійным аб’яднаньнем. Яшчэ ў мінулым годзе падаткі ўсе былі выплачаныя. Колькі налічылі падатковыя інспэктары, столькі і было заплачана. Пакараньне — гэта не кара за зробленае, гэта спосаб выпраўленьня. А з улікам таго, што
асноўнай шкоды па падатках няма, то і патрабаваць максымальнага
тэрміну пакараньня не бачу, за што», - сказаў Інтэрфаксу адвакат Аляксей Ярмошын.

Юрыя Дорна цяпер абвінавачваюць у перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў, ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. З абвінавачваньня прыбралі артыкул пра атрыманьне хабару.

Працэс над кіраўніком Юдэйскага рэлігійнага аб’яданьня Юрыем Дорнам выклікаў скандал спасярод габрэйскай грамадзкасьці. Яго затрымалі летась 13 сакавіка. Сьледчы камітэт паведамляў, што Юрыя Дорна вінавацяць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: апроч атрыманьня хабару, гэта яшчэ перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, ухіленьне ад выплаты падаткаў, выкраданьне альбо пашкоджаньне дакумэнтаў, штампаў, пячатак і службовы падлог, а таксама іншыя махінацыі са здачай маёмасьці ў арэнду.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, у 2001–2002 гадах Юрый Дорн незаконным чынам завалодаў домам у Радуні, у якім нарадзіўся Ісраэль Мэір Пупко, вядомы як Хафец Хаім. Гэты драўляны будынак разабралі з дапамогай мясцовых жыхароў, вывезьлі праз памежны пункт Беняконі, даставілі ў порт Клайпеды, а далей вывезьлі ў ЗША. Паводле сайту ешывы Хафеца Хаіма ў Нью-Ёрку, дом цяпер у іх. Камэнтароў ад ешывы атрымаць пакуль не ўдалося. Аднак на сваёй вэб-старонцы ешыва называе перанос дому Хафеца Хаіма у ЗША адным з галоўных сваіх праектаў. Цяпер будынак радунскай ешывы, гэтаксама, як і дом, належаць Рабіну Заксу з ЗША.

Хафец Хаім — адзін з самых аўтарытэтных асьветнікаў габрэяў у XX стагодзьдзі. Адна зь ягоных кніг, Мішна Брура, стала асноўным кодэксам жыцьця і паводзінаў рэлігійных габрэяў усяго сьвету. Хафец Хаім нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1838 годзе. У Радуні ён стварыў ешыву, будынак якой захаваўся і дагэтуль. Цяпер там клюб. У Радуні таксама і магіла Хафеца Хаіма.

Цікавасьць да працэсу выклікае і той факт, што адвакат Дорна Аляксей Ярмошын — сын старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG