Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чарговы арышт высокага чыноўніка МУС


Затрыманы начальнік галоўнага ўпраўленьня ўласнай бясьпекі МУС падпалкоўнік міліцыі Ўладзімер Кротаў.

«На падставе сабраных і накіраваных у Сьледчы камітэт матэрыялаў у дачыненьні да Кротава пачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці)», — паведамілі Інтэрфаксу ў МУС Беларусі.

16 сакавіка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвергла інфармацыю пра затрыманьне Кротава, якая зьявілася на сайце «Хартыі».

«16 сакавіка 2013 году ў інтэрнэце на дэструктыўных рэсурсах было разьмешчана паведамленьне пра нібыта затрыманьне і арышт начальніка галоўнага ўпраўленьня ўласнай бясьпекі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь падпалкоўніка міліцыі Ўладзімера Кротава», — гаварылася ў паведамленьні на сайце МУС.

Міністэрства ўнутраных спраў паведамляла, што «распаўсюджваньне недакладнай, а часам і лжывай інфармацыі на так званых „апазыцыйных“ інтэрнэт-рэсурсах носіць пастаянны характар». Аднак цяпер гэтае паведамленьне зьнікла з сайта МУС.

Гэта ўжо ня першы арышт высокапастаўленых міліцэйскіх начальнікаў. Напрыклад, 8 сьнежня 2011 году арыштавалі былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўгена Полудня. Прысуд яму абвесьцяць 25 сакавіка.
XS
SM
MD
LG