Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Сурапін: Не хачу згадваць пра арышт


Антон Сурапін
Антон Сурапін

Антон Сурапін дагэтуль ня ведае, што адбываецца зь ягонай крымінальнай справай.

Магчыма, цяпер, калі швэдзкая пракуратура распачала справу аб нелегальным перасячэньні літоўска-беларускай мяжы, пра яго ізноў згадаюць. А пакуль Сурапін кажа, што нават ня памятае, калі апошні раз ім цікавіліся праваахоўныя органы.

Сурапін: «З маёй справай нічога не адбываецца, абвінавачаньне ня зьнятае. Усё заціхла, але не на тым моманце, на якім хацелася б».

Антон Сурапін быў арыштаваны неўзабаве пасьля «мядзьведжага дэсанту» і правёў у СІЗА КДБ больш за месяц. Падставай, каб абвінаваціць студэнта, сталі фатаздымкі плюшавых мядзьведзікаў, якія ён разьмясьціў на сваім рэсурсе ў інтэрнэце. Беларускае правасудзьдзе палічыла, што Сурапін мог ведаць пра пляны швэдаў, і абвінаваціла яго ў спрыяньні нелегальнаму перасячэньню мяжы.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International, падводзячы вынікі 2012 году, назвала арышт Антона Сурапіна самым абсурдным арыштам за год.

Паводле швэдзкага заканадаўства такое правапарушэньне, якое зрабілі швэдзкія пілёты, пераляцеўшы празь літоўска-беларускую мяжу, ня лічыцца сур’ёзным. За яго ім пагражае штраф. А вось Антону Сурапіну паводле абвінавачаньня, выстаўленага яму ў Беларусі, могуць прысудзіць зьняволеньне.

Пра справу Сяргея Башарымава Антон Сурапін таксама ня мае інфармацыі. «Зь ім нават і на сувязь ня выйшлі», — кажа ён. З дапамогай Башарымава швэдзкія пілёты наймалі альбо нават толькі хацелі наймаць кватэру ў Менску. Гэтага таксама выявілася дастаткова, каб пратрымаць Башарымава ў СІЗА некалькі тыдняў. Ад кантактаў з прэсай хлопец адмаўляецца, таму даведацца, што зь ягонай справай, немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG