Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недахоп сну можа прывесьці да павелічэньня вагі


Леў ня сьпіць

Леў ня сьпіць

Шматгадовыя дасьледаваньні засьведчылі, што дарослыя, якія сьпяць менш за пяць-шэсьць гадзін за суткі, маюць больш высокую рызыку лішняй вагі. У дзяцей вага павялічваецца, калі яны сьпяць менш за 10 гадзін за суткі.

Цяперашняе новае дасьледаваньне паказвае, што гэтая сувязь можа быць яшчэ больш падступнай, чым лічылася раней. Нястача ўсяго толькі некалькіх гадзінаў сну некалькі начэй запар можа прывесьці амаль адразу да павялічэньня вагі.

Дасьледчыкі сну з Унівэрсытэту Каларада выбралі 16 здаровых мужчынаў і жанчынаў і на працягу двух тыдняў экспэрымэнту адсочвалі іх сон, абмен рэчываў і харчаваньне.

Мэтай было вызначыць, як недастатковы сон на працягу толькі аднаго тыдня падобны на тое, што можа адбыцца, калі студэнты рыхтуюцца да іспытаў ці калі службоўцы позна кладуцца спаць – уплывае на вагу чалавека, паводзіны і фізіялёгію.

На працягу першага тыдня дасьледаваньня палове людзей было дазволена спаць дзевяць гадзінаў на суткі, а другая палова ўдзельнікаў экспэрымэнту заставалася бадзёрай да паўночы, а затым яны маглі спаць да пяці гадзін. Кожны атрымаў неабмежаваны доступ да ежы. На працягу другога тыдня тым, хто спалі дзевяць гадзінаў на дзень, абмежавалі сон да пяці гадзінаў на суткі, а другім удзельнікам дазволілі дадаткова чатыры гадзіны сну.

У прыватнасьці, дасьледчыкі выявілі, што класьціся спаць позна і мець усяго пяць гадзін сну – гэта павышае мэтабалізм чалавека. Пазбаўленыя сну ўдзельнікі фактычна спальвалі дадаткова 111 калёрый за дзень.

Але нават калі мы спальваем больш калёрый, калі ня сьпім, губляць сон ня ёсьць вельмі добрым спосабам схуднець. Тыя, хто мала спалі, скончылі тым, што зьелі значна больш за тых, хто меў дзевяць гадзінаў сну, і пры канцы першага тыдня набралі ў сярэднім каля кіляграму.

На працягу другога тыдня ўдзельнікі экспэрымэнту, якія першапачаткова спалі дзевяць гадзінаў, калі ім абмежавалі сон пяцьцю гадзінамі, таксама набралі вагу.

А вось некаторыя ўдзельнікі першай групы за другі тыдзень пачалі губляць вагу, набраную ў першы, пазбаўлены сну тыдзень.

Дасьледчыкі кажуць, што частка зьменаў зьвязаная з паводзінамі. Позьняе няспаньне і эканомія сну прыводзяць ня толькі да спажываньня больш ежы, але і да зьменаў тыпу харчаваньня.

Было выяўлена, што калі людзі не атрымліваюць дастаткова сну, то яны спажываюць болей вугляводаў, менш ядуць на сьняданак і нашмат болей пасьля абеду.

На самай справе, пазбаўленыя сну спажывалі болей калёрый падчас пасьляабедзенных перакусаў, чым падчас любой іншай ежы на працягу дня. У цэлым, людзі спажывалі на 6 працэнтаў больш калёрый, калі яны атрымалі занадта мала сну.

Як толькі яны пачалі больш спаць, то пачалі есьці больш здаровую ежу, спажываючы менш вугляводаў і тлушчаў.

Дасьледнікі выявілі, што з-за недастатковага сну мяняюцца ўнутраныя гадзіны чалавека, што ў сваю чаргу мяняе звычкі харчаваньня. Гэты эфэкт падобны на зьмену біярытмаў, якая адбываецца, калі чалавек падарожнічае ў розных гадзінных паясах.

Мінулай восеньню дасьледчыкі ўнівэрсытэту Чыкага выявілі, што недахоп сну прыводзіць да зьмены біялёгіі тлушчавых клетак. У невялікім дасьледаваньні – усяго сем здаровых добраахвотнікаў – дасьледчыкі адсочвалі зьмены, якія адбыліся, калі 8,5-гадзінны сон скарацілі да 4,5-гадзіннага. Пасьля чатырох начэй меншага сну іх тлушчавыя клеткі былі меней адчувальныя да інсуліну, мэтабалічныя зьмены былі зьвязаныя з цукровым дыябэтам і атлусьценьнем.

Дасьледчыкі адзначаюць, што паколькі дасьледаваньне доўжылася ўсяго некалькі дзён, было няясна, як доўгатэрміновае пазбаўленьне сну ўплывае на вагу, і ці цела прыстасоўваецца да недахопу сну.
XS
SM
MD
LG