Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная пракуратура Швэцыі абвясьціла пра пачатак расьсьледаваньня па справе аб незаконным перасячэньні ў ліпені 2012 году літоўска-беларускай мяжы самалётам, якім кіраваў швэдзкі экіпаж.

З борта гэтага самалёта над Беларусьсю былі скінутыя сотні плюшавых мішак, да якіх былі прымацаваныя запіскі зь лёзунгамі ў падтрымку свабоды слова.

На пачатку студзеня 2013 году літоўская Генпракуратура, якую беларускія ўлады заклікалі расьсьледаваць інцыдэнт, заявіла, што правяла ўсе магчымыя дзеяньні ў рамках крымінальнага працэсу, але далейшае крымінальны перасьлед магчымы толькі ў Швэцыі.

Літоўскія пракуроры прызналі падазраванымі двух чалавек, жыхароў Швэцыі. У сувязі з гэтым Літва зьвярнулася ў Швэцыю з просьбай працягнуць крымінальнае расьсьледаваньне.

«У адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі паміж Швэцыяй і Літвой існуе прававая база для правядзеньня расьсьледаваньня швэдзкім бокам, улічваючы тое, што гаворка ідзе пра швэдзкіх грамадзян», — цытуе агенцтва АФП сёньняшнюю заяву швэдзкай генпракуратуры.

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 плюшавых медзьведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Нягледзячы на тое, што ваенныя і памежнікі спачатку адмаўлялі парушэньне мяжы, па дадзеным факце была ўзбуджаная крымінальная справа. 13 ліпеня ў яе рамках быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў. Пазьней стала вядома пра затрыманьне рыэлтара Сяргея Башарымава, у якога швэды маглі або плянавалі здымаць жыльлё. 31 ліпеня за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў кіраўніка Дзяржпамежкамітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швэцыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, пасьля чаго выбухнуў беларуска-швэдзкі дыпляматычны скандал. 17 жніўня КДБ зьмяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

У лютым 2013 году старшы прапаршчык памежнай службы, які не паведаміў аб перасячэньні мяжы швэдзкім самалётам раніцай 4 ліпеня 2012 году, быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG