Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвалюцыя Плошчы. 2001, 2006, 2010. Поўнае відэа і тэкст

абноўлена

Сем гадоў таму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Менску паўстаў намётавы лягер на Плошчы. Якой была эвалюцыя Плошчы ад прэзыдэнцкіх выбараў 2001, 2006 да 2010 году? Ці можа стаць выніковай беларуская Плошча?

Адметнасьці, высновы, памылкі, дасягненьні, удзельнікаў Плошчы ў «Свабодзе бяз гальштукаў» абмяркоўваюць аглядальнік «Свабоды» Юры Дракахруст, аўтар кнігі «Плошча», карэспандэнт «Свабоды» на пераважнай большасьці масавых акцый пратэсту Валер Каліноўскі і вядоўца Ганна Соўсь.









Фрагмэнты перадачы


Ганна Соўсь: Валер, вы як журналіст працавалі на Плошчы пасьля прэзыдэнцкіх выбарах у 2001, 2006 і 2010 гадах. Якое б кароткае вызначэньня вы далі кожнай Плошчы?

Валер Каліноўскі: Плошча 2001 году — стыхійная Плошча, хаця ў некаторай ступні стыхійнымі былі і наступныя плошчы. Людзі толькі спрабавалі знайсьці мэханізмы пасьлявыбарчых пратэстаў. У 2006 годзе хібы быў пік такіх пратэстаў, і я бы назваў гэтую Плошчу спробай паўтарэньня Майдану. У нашых суровых умовах яна не была ўдалая, але яна была досыць выніковая. Была іншая рэальнасьць, чым у 2001 годзе і нейкая яснасьць у грамадзтве. У 2010 годзе Плошча ўжо была, на мой погляд, безнадзейная, паколькі адрозна ад 2006 году, ўжо не разьлічвалі на перамогу, але хацелі сваім выхадам паказаць, што дастала гэтая ўлада, надакучыў Лукашэнка, што пара мяняць лысую гуму.

Соўсь: Юры, паспрабуйце стварыць мэтафары для гэтых трох Плошчаў?

Калі ты ідзеш на Плошчу, трэба мець прыгожую стратэгію сыходу зь яе...

Юры Дракахруст: Плошча 2001 году была самая малалікая. Прычым парадаксальна нягледзячы на тое, што электаральныя вынікі былі самыя лепшыя. Плошчы 2006 году была самая працяглая. Яна цягнулася амаль тыдзень, хаця ў 2001 гэта былі амаль суткі, у 2010 — некалькі гадзінаў. Я ведаю, што наконт Плошчы 2006 году на ўладным баку былі спрэчкі, былі людзі, якія казалі, што яе трэба здушыць адразу, інакш яна ператворыцца ў чын і духоўны палітычны фактар. Я бы сказаў, што Плошча 2010 году была самая шматлюдная і ў пэўным сэнсе яна была як бы палемікай з Плошчай 2006 году. Мы памятаем, як пасьля Плошчы 2006 году шмат хто казаў, што Мілінкевіч быў такі баязьлівец, нікуды не павёў. І лідэры Плошчы 2010 году яны як бы адштурхоўваліся ад пазыцыі Мілінкевіча: мы павінны зрабіць, як Мілінкевіч...

Соўсь: Давайце вернемся да падзеяў 7-гадовай даўніны. Праз дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 20 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, ці Плошчы Каліноўскага паўстае намётавы лягер, які пратрымаўся 5 дзён і быў разагнаны. Гэтыя пяць дзён і начэй амаль цалкам, Валер, вы былі на Плошчы, спаўшы па некалькі гадзінаў на дзень, вашыя рэпартажы і з раніцы, і ўвечары і ўначы гучалі ў эфіры Свабоды і вынікам гэтага стала кніга «Плошча» з сэрыі Бібліятэка Свабоды. Цяпер праз 7 гадоў , што б вы назвалі галоўным дасягненьнем Плошчы 2006 і галоўнай памылкай Плошчы 2006?

Каліноўскі: Гэта суровыя ўспаміны. Гэтыя дні забыць немагчыма. Гэты быў гераічны ўчынак беларусаў, якія выйшлі на Плошчу і тое, што Плошча пратрымалася так доўга, што такая была маральная перамога, што пра беларусаў даведаліся ва ўсім сьвеце, што хваля спачуваньня ішла на адрас гэтага пятачка ў Менску. Гэта, відаць, галоўнае дасягненьне. Галоўная памылка — не саміх удзельнікаў, якія гэты пляцдарм захапілі і гэты кавалак пяць дзён утрымлівалі, а памылка была грамадзтва, якое не прыйшло на гэты пляцдарм. А магчымасьць была. Нейкі шанец быў. Калі б у апошнюю ноч не 500 чалавек там заставалася, а каб былі дзясяткі тысяч чалавек, тады б нешта магло зьмяніцца... Тады Аляксандар Лукашэнка на сваёй скуры адчуў гэты пратэст і перанёс на 2 тыдні інаўгурацыю. І, відаць, ён вырашыў, што ў 2010 годзе ўжо не вытрымае гэтага...

Соўсь: Ці вы згодныя з Валерам, што гэта была памылка грамадзтва?

Дракахруст: Я б не назваў гэта памылкай. Кожная Плошча была пэўным люстэркам, лакмусавай паперкай, станам грамадзкіх настрояў і прагі да пераменаў у грамадзтве і здольнасьці грамадзтва адстойваць гэтыя перамены...

Соўсь: Юры, стала распаўсюджанай зьявай разьбіраць так званую працу над памылкамі Плошчы (што цяпер спрабаваў ініцыяваць палітвязень Мікола Статкевіч з-за кратаў), аналізаваць памылкі Плошчы. У 2006 годзе адзінаму кандыдату Аляксандру Мілінкевічу закідалася, што 19 сакавіка адразу пасьля выбараў ён не заклікаў людзей застацца. У 2001 годзе, адзінаму кандыдату Ўладзімеру Ганчарыку закідалася, што ён увогуле не да чаго не заклікаў людзей, якія прыйшлі на Плошчу. Нават улічваючы ўсе памылкі, як вы лічыце ці рэальна ў Беларусі праз Плошчу зьмяніць уладу?

Плошча 2010 году была самая шматлюдная і ў пэўным сэнсе яна была як бы палемікай з Плошчай 2006 году

Дракахруст: Плошча — індыкатар грамадзкіх настрояў у грамадзтве, калі Плошча паказвае, што грамадзтва сасьпела да пераменаў, калі Плошча адчувае за сабой велізарную мільённую моц, то ў прынцыпе любая стратэгія пераможная. І наадварот, калі гэтай моцы няма, то што не рабі... Усе казалі: во Мілінкевіч баязьлівец, трэба было б рабіць інакш, і тады б мы перамаглі. У 2010 годзе зрабілі інакш, але перамогі не было. І таму я б сказаў, што няма залатога ключыка. Для будучыні гэта мае значэньне. Калі ты ідзеш на Плошчу, трэба мець прыгожую стратэгію сыходу зь яе...

Соўсь: Валер, апошнія выбары праца журналіста на масавых пасьлявыбарчых акцыях выглядала як такі суровы канвэер: шэсьце, мітынг, разгон, сьледчы ізалятар, турма, суд. І толькі на выхадзе з турмы можна пачуць «Слава героям». Што для вас, як журналіста найбольш складана на Плошчы?

Каліноўскі: Самае цяжка было мне перанесьці, хаця мяне гэта ня тычылася, бачачы гэтую брутальнасьць, жорсткасьць, зьбіцьцё, зьдзекі з пратэстоўцаў. Гэтыя енкі, плач і кроў цяжка было перанесьці. Часам самому хацелася крычаць на іх, заступацца за людзей, магчыма часам плакаць. Гэта было самае складанае ў той момант, і я згадваю, што вяртаючыся з Плошчы дадому на нейкі час паспаць, я часам проста плакаў, і мяне жонка супакойвала. Гэта было эмацыйна вельмі складана. І безнадзейнасьць была, разумееце. Гэта складаней за ўсё. Не холад, не мароз...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG