Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве публічна сьвяткаваць Дзень Волі не дазволілі


Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў адсьвяткаваць 24 сакавіка на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма» гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

З заяўкай да выканаўчай улады зьвярталіся трое жыхароў Магілёва: Зьміцер Салаўёў, Юры Новікаў і Сяргей Фамін. Адмову аргумэнтавалі тым, што «вызначаная дата для правядзеньня мерапрыемства не дазваляе ўзгадніць яго правядзеньне».

Як кажа старшыня абласной структуры партыі БНФ Зьміцер Салаўёў, каб разабрацца з фармулёўкай адмовы, заяўнікі хадзілі ў аддзел ідэалягічнай працы.

«Як патлумачылі нам, што ёсьць зацьверджаны плян мерапрыемстваў, які складаецца пры канцы году, і мы не паведамілі тады пра намеры правесьці сваё мерапрыемства, таму ня трапілі ў гэты плян. Адказ хітраваты і цікавы тым, што нас не паслалі з нашым мерапрыемствам на вуліцу Чалюскінцаў, на стадыён, дзе гарвыканкам вызначыў месца для правядзеньня публічных мерапрыемстваў, як тое было раней. Такім чынам, нам нібыта і не забаранілі — маўляў, трэба было раней зьвяртацца. Такі адказ нам далі, каб пазьбегнуць суду. Ня выключана, што туды мы будзем зьвяртацца. Чаму БРСМ можа праводзіць мерапрыемствы на плошчы Зорак, а мы — не?»
Чаму БРСМ можа праводзіць мерапрыемствы на плошчы Зорак, а мы — не?

У адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Мікалая Міхалені пазначана яшчэ адна прычыны адмовы: заяўнікі не заключылі дамоў зь міліцыяй, камунальнікамі і мэдыкамі. Апазыцыянэры зьбіраліся ладзіць 24 сакавіка на плошчы Зорак гістарычныя віктарыны і канцэрт бардаў, плянаваліся таксама экскурсіі па месцах, зьвязаных у Магілёве з Днём Волі.

Не дазволілі ўлады і пікет да Дня Волі і ў Клімавічах. Яго зьбіраліся правесьці трое жыхароў райцэнтру 23 сакавіка. І ў Магілёве, і ў Клімавічах фармат мерапрыемстваў пераглядаецца.
XS
SM
MD
LG