Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашырэньне кругагляду: Лукашэнкі ў Інданэзіі


Пакуль беларускія чыноўнікі на суботніку грабуць сьнег з засьнежаных менскіх вуліц, Аляксандар Лукашэнка разам з сынам праводзяць час у трапічнай Інданэзіі.

У Джакарце Сусіла Бамбанг Юдаёна і Аляксандар Лукашэнка абмяркоўвалі кантракты на пастаўку ў гэту краіну ўгнаеньняў, грузавой тэхнікі, абсталяваньня і харчовай прадукцыі. Між тым незалежныя экспэрты перасьцерагаюць, што пры маральна састарэлым мэнэджмэнце агучаныя мільёны могуць застацца толькі на паперы.

Многія інданэзійскія выданьні 19 сакавіка падалі фотарэпартажы пра тое, як афіцыйныя асобы сустракаюць у Джакарце кіраўніка Беларусі ля трапу самалёта. Тут жа Лукашэнку на шыю павесілі бела-чырвоную гірлянду — дарэчы, гэты малай з кветак язьміну атрымаў ва ўсёй дэлегацыі толькі ён. Аўтарытэтная The Jakarta Post зьмяшчае фота, як Лукашэнка, трымаючы за руку малодшага сына Мікалая, наведвае могілкі Герояў у раёне Калібата ў Паўднёвай Джакарце. У іншых СМІ — справаздачы па выніках перамоў прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў, а таксама з цырымоніі падпісаньня двухбаковых кантрактаў на пастаўку беларускай прадукцыі ў Інданэзію.

Эканамічны ўздым дазваляе ўладам адной з найбуйнейшых па колькасьці насельніцтва дзяржаў сьвету траціць значныя сродкі на мадэрнізацыю. Калі Джакарта купляе ў ЗША і Францыі больш за 600 сучасных авіяляйнэраў Airbus і Boeing за 50 мільярдаў даляраў, то на гэтым тле пару сотняў адзінак беларускай тэхнікі на некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў выглядаюць зусім сьціпла.

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан вітае дывэрсыфікацыю эканамічнага вэктару, але непакоіцца, што ўсё можа скончыцца яшчэ на этапе падпісаньня дамоваў:

«Усе ведаюць, што нельга класьці яйкі ў адзін кошык, трэба дывэрсыфікаваць. Пра гэта ўжо шмат гадоў ідуць размовы. Таму калі на палітычным узроўні робяцца крокі, каб знайсьці новыя рынкі і ўсталяваць там дыпляматычныя, дзелавыя кантакты, то гэта добра. Але іншая справа, як рэалізоўваць пляцдармы, пачынаючы ад Вэнэсуэлы і заканчваючы Інданэзіяй і Сынгапурам. Самае важнае — ня трэба сядзець дома. Бо ніякага хуткага экспарту празь мясцовых дылераў ня будзе.

Трэба саджаць туды сваіх спэцыялістаў, якія будуць вывучаць рэгіён, працаваць там гадамі, жыць там сем’ямі. Як гэта было яшчэ за савецкім часам, калі былі замежныя кадры. То бок — сачыць за інтарэсамі нашых вытворцаў на канкрэтным рынку. Вось гэта трэба асэнсаваць. Седзячы дома, у Беларусі, экспарту ня зробіш. Гэта павінны рабіць самі прадпрыемствы. Яно так калісьці і было, забыліся ўжо проста. Канкрэтна зь БелАЗу, з МАЗу, з МТЗ там мусіць сядзець прадстаўнік і працаваць. І жыць там, прыяжджаючы сюды толькі ў адпачынак. Я баюся, каб іншага не было: падпісалі на 500 МАЗаў рамачныя кантракты, першыя паўсотні нават адгрузяць, але на гэтым усё і скончыцца. Калі іх раптам не задаволіць якасьць ці яшчэ нешта. Вось у чым можа быць праблема».
Канкрэтна зь БелАЗу, з МАЗу, з МТЗ там мусіць сядзець прадстаўнік і працаваць. І жыць там, прыяжджаючы сюды толькі ў адпачынак

Пад канец знаходжаньня ў Інданэзіі і перад адлётам у Сынгапур Аляксандар Лукашэнка мае павячэраць на прыёме, які ў ягоны гонар дасьць інданэзійскі калега Сусіла Бамбанг Юдаёна. Тост за ўдалы візыт беларускі прэзыдэнт ужо прарэпэціраваў перад мясцовымі і беларускімі журналістамі, сказаўшы, што падпісаныя кантракты перавысілі 400 мільёнаў даляраў.

Разам з бацькам на інданэзійскія выспы выправіўся і 8-гадовы сын Мікалай — нягледзячы на тое, што школьная чвэрць яшчэ ня скончылася. На відэакадрах ня бачна, ці прысутнічаў ён на перамовах вышэйшага ўзроўню (што да гэтага ўжо неаднаразова здаралася), але як бацька езьдзіў па Джакарце, то сын заўсёды быў пры ім.

Можна згадаць, што ў лютым абодва Лукашэнкі два тыдні адпачывалі ў Сочы, у сакавіку хавалі ў Каракасе сябра сям’і Уга Чавэса, цяпер вось дзяржаўныя візыты ў Інданэзію і Сынгапур. У трэцяй чвэрці другаклясьнік Коля Лукашэнка больш быў у разьездах, чым сядзеў за партай. Калі кіравацца беларускім заканадаўствам, то чым пагражае пачаткоўцу раньняя палітычная актыўнасьць на шкоду заняткам? Тлумачыць сябра канцылярыі Таварыства беларускай школы Вольга Мазурава:

«На сёньняшні дзень Кодэкс Рэспублікі Беларусь „Аб адукацыі“ і статуты навучальных устаноў досыць ляяльна ставяцца да навучаньня дзяцей паводле індывідуальнага пляну. Гэта значыць, што асобы, якія нясуць адказнасьць за дзіця, так званыя законныя прадстаўнікі непаўналетніх навучэнцаў, маюць права напісаць заяву і атрымаць такім чынам адказнасьць за навучаньне свайго дзіцяці ў межах індывідуальнага пляну».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, калі мы бачым па тэлебачаньні, што Коля Лукашэнка падчас навучальнага году выяжджае за межы краіны, трэба меркаваць, што ён вучыцца індывідуальна?»

«Выглядае, што так, індывідуальнае навучаньне. Але паколькі працэдура падачы заявы і атрыманьня права школьніка Колі на навучаньне паводле індывідуальнага пляну не была агучаная, мы можам толькі здагадвацца, як там усё адбываецца. Магчыма, ёсьць чалавек, які езьдзіць разам з хлопчыкам і забясьпечвае яму навучаньне. Тут ужо пытаньне, хутчэй, пратакольнае, дыпляматычнае. Ну, і пытаньне, якое хвалюе нас як падаткаплатнікаў — хто забясьпечвае Колю навучаньне? Ці сам тата, ці нейкія асобы, якія за гэта адказныя?»

Ужо бліжэйшым часам Лукашэнкі чакаюць інданэзійскага лідэра Сусілу Бамбанга Юдаёна зь візытам у адказ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG