Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дух часу


Найперш хачу шчыра падзякаваць усім сваім крытыкам, якія выказалі рашучую нязгоду з тэзамі, што я выклаў у апошнім блогу. Яны, спрабуючы аспрэчыць мяне, дакладна сфармулявалі тыя высновы, якія хацеў выкласьці я сам. Але значна больш прыемна, калі твае высновы вымушаныя сьцьвярджаць твае апанэнты.

Калі б я ад пачатку сказаў, што фармальныя, інстытуцыйныя ўмовы выбараў — справа больш чым другасная, што галоўнае — дух часу, настрой народу, настрой, які перадаецца і людзям улады, што менавіта дух часу і робіць нявыбары, якія ладзяць аўтарытарныя рэжымы, сапраўднымі выбарамі і нават такімі, на якіх перамагае апазыцыя — колькі б цікавага пра сябе даведаўся. І наймітам Лукашэнкі б апынуўся, і агентам Лубянкі, і носьбітам яшчэ безьлічы грахоў.

Але я сам пра тое казаць ня стаў, проста параўнаў тыя самыя фармальныя, юрыдычныя ўмовы выбараў — у 1989-1990 гадох і цяпер. І паказаў, што калі даваць ацэнку ўдзелу ў выбарах на падставе гэтых умоваў, то і тагачасны, і цяперашні ўдзел павінны ацэньвацца адной меркай: калі цяпер гэта здрада і ганьба, то значыць, і той удзел быў здрадай і ганьбай, калі тады гэта было гераічным чынам і змаганьнем за дэмакратыю і незалежнасьць, то і цяпер… ну, прынамсі, ня здрада і ня ганьба. І што ж пачуў у адказ?

А тое, што тады быў іншы дух часу, іншы настрой народу, які перадаваўся і людзям улады, і які прымушаў, скажам, тагачасных ярмошыных, якія па жыцьці зусім не былі маці Тэрэзамі, лічыць галасы больш-менш сумленна. Залатыя словы. Сам бы так не сказаў, як мае апанэнты, справакаваныя той пасткай, у якую я іх запрасіў.

Але з гэтай, абсалютна правільнай, дарэчы, канстатацыі насамрэч шмат што вынікае. Па-першае, што ўсе размовы пра «выбараў няма» — размовы не пра тое. Не, юрыдычна іх сапраўды няма, але гэты чыньнік не перашкаджаў беларускім дэмакратам канца 80-х-пачатку 90-х удзельнічаць у такіх самых «нявыбарах» і нават перамагаць.
Ня хоча народ пераменаў. Ці, дакладней, хоча, але неабавязкова зьвязвае іх з альтэрнатывай існай уладзе.

Па-другое, з думкі, што галоўнае — дух часу, настрой народу, вынікае недарэчнасьць усіх цяперашніх заклінаньняў, што рэжым ледзь трывае, трымаецца адно на штыхах, што перажывае агонію і крах (пра што вядомы рэвалюцыйны сайт паведамляе чытачам з частатой прыкладна раз на месяц). Трэба глядзець праўдзе ў вочы: гэта ня так. Той, савецкі рэжым часоў Гарбачова, сапраўды быў такім. Як высьветлілася заднім лікам. Хаця штыхі і тады былі, пра што сьведчаць прыгаданыя мной прыклады — Тбілісі, Баку, Вільня. Але дух народу ў цэлым тады быў іншы — не такі, як цяпер. А цяпер ён такі, як цяпер. І рэжым мае на сваім баку ня толькі штыхі, але і пэўны драйв, давер ці хаця б абыякавасьць пераважнай часткі народу.

Ня хоча народ пераменаў. Ці, дакладней, хоча, але неабавязкова зьвязвае іх з альтэрнатывай існай уладзе. Ці не любой цаной хоча. Вось у 1989-1990 годзе хацеў, а цяпер ня надта. І менавіта таму (і толькі таму) сьціплая чыноўніца Лідзія Ярмошына выглядае цяпер д’ябаліцай-дэміюргам. Ды як жа ўдзельнічаць у выбарах, калі страшная і ўсёмагутная Ярмошына ўсё сфальсыфікуе? Ды ня ў ёй, шаноўнае спадарства, справа. А ва ўсё тым жа духу часу. Будзе ён іншым, і будзе спадарыня Лідзія трэскай у бурным палітычным патоку. І абвесьціць перамогу «сапраўдных народных дэмакратычных сілаў», і распавядзе нават, як пакутавала пад пятой дыктатуры. Не яна першая — тады, напрыканцы перабудовы, такія «празрэньні» (ці сапраўды празрэньні) мелі масавы характар. А спадарыня Ярмошына хто заўгодна, толькі ня дура.

Словам, усё паводле бесьсьмяротнага ленінскага вызначэньня рэвалюцыйнай сытуацыі — «нізы ня хочуць жыць па-старому, вярхі ня могуць кіраваць па-старому». Прычым, тут важныя абодва чыньнікі: тое, што ў 1989-1990 гадах тагачасныя ярмошыны раптам (упершыню за прынамсі 70 гадоў) пачыналі лічыць галасы больш-менш сумленна, было проста адной з праяваў другой часткі ленінскай формулы — дух часу ахапіў ня толькі нізы, але і вярхі, ножкі трону, тых, на кім трымаўся рэжым.
Дух часу вызначаецца пасьля. А ўнутры працэсу — гэта немагчыма прадказаць

Але ў гэтым кантэксьце прэтэнзіі да сучаснай улады выглядаюць недарэчнымі. Хто — Лукашэнка павінен арганізаваць грамадзкі пад’ём, спарадзіць дух часу позьняй перабудовы? А ён можа, калі б нават хацеў? А зь якой радасьці мусіць хацець? Ён жа дыктатар, а не самазабойца. Ну ня хоча ён быць Гарбачовым.

У дыскусіях на гэтую тэму на розных пляцоўках ужо неаднойчы даводзілася спасылацца на працу беларускага палітоляга Віталя Сіліцкага «Выбары ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў — фарс ці шанец для пераменаў?», якая ўяўляе сабой камэнтар да кнігі клясыка амэрыканскай паліталёгіі Самуэля Гантынгтана «Трэцяя хваля: дэмакратызацыя напрыканцы ХХ стагодзьдзя». Абодва аўтары аналізуюць шмат прыкладаў у самых розных краінах сьвету — ад Чылі і Паўднёвай Карэі да Польшчы і перабудовачнага СССР, калі наладжаныя аўтарытарнымі ўладарамі псэўдавыбары сканчаліся іх, уладароў, частковай ці нават поўнай паразай. І чаму тое адбывалася? Ці таму, што там насамрэч былі лібэральныя выбарчыя сыстэмы, а Лукашэнка зь Ярмошынай — змрочныя геніі фальсыфікацыі? Піначэт, паводле самых сьціплых падлікаў, толькі забіў больш за 2 тысячы чалавек — куды да яго Лукашэнку (прынамсі, пакуль), але галасы на выбарах лічыў, дурань, сумленна? Лухта гэта. Адказ у сваіх пярэчаньнях мне далі мае шаноўныя апанэнты, гаворачы пра савецкія выбары 1989-1990 гадоў: у духу часу справа. Аўтарытарыі на 4 кантынэнтах праводзілі і праводзяць выбары прыкладна гэтак жа, як і іх беларускі калега — адрозьненьні насамрэч непрынцыповыя. І пакуль усё ціха, дык і ў тых краінах выбары адбываліся «элегантна», лацінаамэрыканскія, азіяцкія, афрыканскія і эўрапейскія ярмошыны сваю справу ведалі.

Тут ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік: што дух часу вызначаецца пасьля. А ўнутры працэсу — гэта немагчыма прадказаць. Ці маглі быць выбары 1989-1990 году ў БССР пасткай, ці мог стаць іх вынікам круглы нуль незалежных, апазыцыйных кандыдатаў? А маглі. Вось кандыдатуру Зянона Пазьняка на выбарах дэпутатаў СССР «зарэзалі» на акруговым сходзе (было тады такое электаральнае вынаходніцтва). Маглі і іншых «зарэзаць», маглі інакш не прапусьціць, маглі і прайграць недзе апазыцыйныя кандыдаты (а некаторыя і прайгралі). Гэта потым, па выніках, стала вядома і зразумела, што прыйшлі новыя часы.

У нас на радыё за пару дзён да выбараў у Сэрбіі ў 2000 годзе на нарадзе дырэктар югаслаўскай службы (чалавек, добра абазнаны ў справах сваёй краіны) ўпэўнена казаў, што, на жаль, усё на прэзыдэнцкіх выбарах перадвызначана — пераможа Мілошавіч. Там усё «схоплена», там такая сыстэма фальсыфікацыі, там такая кругавая парука чыноўнікаў, ваенных, бізнэсоўцаў і крымінальнікаў, казаў знаўца. Ну, а Каштуніца і Джынджыч рызыкнулі. Хто меў рацыю — цяпер мы ведаем. Грукалі ў дзьверы — і аднойчы яны адчыніліся. А на папярэдніх выбарах — не адчыніліся. А чаму адчыніліся на гэтых і не адчыніліся на тых? Ну, да Бога пытаньне. Ці да народу. А не грукалі б — дык і пэўна не адчыніліся б. Калі дзьверы адчыняцца — гэта не акадэмічнае пытаньне, яно вырашаецца практыкай, грукам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG