Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1871 годзе праз гэтую вёску ў Люксэмбургу праяжджаў сам Віктар Гюго, які незадоўга перад тым вярнуўся ў Францыю з свайго выгнаньня. Мэтр пашпацыраваў па ваколіцах, моўчкі агледзеў тутэйшы замак і ад няма чаго рабіць намаляваў яго. Малюнак ён хацеў выкінуць, але шэнгенцы ўгаварылі яго захаваць паперку — раптам прыдасца.

Больш чым на стагодзьдзе гэта зрабілася адзінай значнай гістарычнай падзеяй, якая тут адбылася і якой жыхары вёскі вельмі ганарыліся. Пакуль у васьмідзясятых гадах ня здарылася нешта, што трохі пазьней прымусіць усю Ўсходнюю Эўропу вымаўляць назву люксэмбурскай вёсачкі зь любоўным прыдыханьнем і шчырым эратычным стогнам. Бо вёскі на сьвеце бываюць розныя. Адна, напрыклад, завецца Наябарскае, да 1959 году — Гнойнікі, а другая мае назву Шэнгенка, да 1995 году — Schengen, і гаворка цяпер ідзе акурат пра другую.

Такім чынам, у 1985 годзе на прыгожым караблі, што паволі праплываў міма вёскі Шэнген па Мозэлі, было падпісанае папярэдняе Шэнгенскае пагадненьне, а ў 1990 тут жа — Шэнгенская канвэнцыя. Была створаная прастора, якую яшчэ нядаўна цяжка было сабе ўявіць: Шэнгенская зона, куды ўвайшлі Бэльгія, Люксэмбург, Нідэрлянды, Францыя і Нямеччына. Такога, каб можна было эўрапейскаму чалавеку спакойна блукаць сабе і не пераймацца наконт візы і замежнага пашпарта, не было ў прымозэльскіх лясах з часоў старажытных германцаў. І вось, на табе — у межах новастворанай Шэнгенскай зоны плянавалася цалкам адмяніць рэгулярны пашпартны кантроль для грамадзян пяці дзяржаваў-удзельніц. Праўда, мінула яшчэ пяць гадоў, перш чым канвэнцыя запрацавала — але ўрэшце здарылася і гэта: 26 сакавіка 1995 году канвэнцыя нарэшце ўступіла ў дзеяньне для сямі краін (на той момант да краінаў Бэнілюксу, а таксама Францыі і Нямеччыны далучыліся Гішпанія і Партугалія). Вось хто сапраўды паслаў візы і граніцы к д’яблу і сказаў людзям, што, маўляў, вашы тут гоні, бары, а не працаўнікоў памежнай службы зь іхнымі сабакамі, кукардамі і штэмпелямі...

Дажыць бы да такога і на родных гонях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG