Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неабмежаваная ўлада, чорныя кашулі, тэрор, хаўрус зь Нямеччынай Гітлера, далучэньне да краінаў Восі, ганьба ў Афрыцы, захоп Альбаніі, правал на Ўсходнім фронце, Кляра Пэтачы, Рэспубліка Сало, здрада маршала Бадольё і — і ты, дзіця маё?... — роднага зяця, графа Чана, і, урэшце, некалькі фінальных стрэлаў у вёсцы Джуліна-ды-Мэцэгра... Усё гэта будзе потым. А пакуль што 23 сакавіка 1919, дзень, які быў такі доўгі, што, здавалася, ён ніколі ня скончыцца, ні праз дваццаць гадоў, ні праз трыццаць: у Міляне, на плошчы Сан-Сэполькра, у памяшканьні прамыслова-камэрцыйнага таварыства 36-гадовы журналіст і палітык Бэніта Мусаліні з паплечнікамі засноўвае «Fasci de Combattimento», свой уласны Саюз барацьбы.

Тут жа прымаецца і праграма новай арганізацыі, дзіўная мешаніна з сацыялізму, у якім будучы дучэ якраз пачаў расчароўвацца, і самых правых ідэяў. Яны, фашысты (якое сьвежае, яшчэ нявіннае слова ў 1919) маглі дазволіць сабе гэтую раскошу: рабіцца то тым, то другім, то трэцім, то арыстакратам, то дэгенэратам, у залежнасьці ад абставінаў, як карта ляжа — толькі на Апэнінах такое і было магчыма. З усімі супраць усіх за Італію. Патрабаваньні простыя, як заклён. Завалодаць сваім, законным — Фіюмэ і Далмацыяй. Даеш васьмігадзінны працоўны дзень, усеагульнае выбарчае права, новую канстытуцыю. У пекла верхнюю палатку гаварыльні пад назвай парлямэнт. Вярнуць былую рымскую веліч. Мусаліні адчувае сябе ў сваёй стыхіі і ў сваёй талерцы — неўзабаве зь яе будзе есьці ўся краіна. Якая пакуль што ўсё больш зацікаўлена слухае, што там кажа гэты пісака з такім бессаромным, але жвавым пяром.

Ужо да канца году ў фашыях — каля 900 чалавек, а яшчэ праз год — дваццаць тысяч, фашыі існуюць ужо ў 67 гарадах. За тую амаль чвэрць стагодзьдзя, якая дасталася фашызму ў ягоным італійскім варыянце, пасьпела выгадавацца пакаленьне, для якога часы Мусаліні былі не такім ужо і благім варыянтам маладосьці. Пакаленьне балілаў, юнакоў у чорным. Часам — даволі разумных. І ніколі — няшчасных.

«У 1942 годзе, калі мне было 10 гадоў, я заняў першае месца на алімпіядзе Ludi Juveniles, якая праводзілася для італійскіх школьнікаў-фашыстаў (то бок для ўсіх італійскіх школьнікаў). Я здолеў з рытарычным майстэрствам разьвіць тэму „Ці мусім мы памерці за славу Мусаліні і за несьмяротную славу Італіі?“ Я давёў, што мусім», — піша Умбэрта Эка ў сваім эсэ «Вечны фашызм». — «Я быў разумны хлопчык».

Фашызм — гэта калі ты мусіш паміраць, таму што дваццаць тры гады таму купка крыкуноў-дарослых сабралася, каб пасумаваць па былой велічы. І неістотна, як яны сябе называлі: арыстакратамі або дэгенэратамі, фашыстамі або дэмакратамі. Але фашызм — гэта яшчэ і неабходнасьць заўсёды быць «разумнымі хлопчыкамі». У абмен на прыгожую чорную форму. На якой можа быць усё, што заўгодна. Калі яны ня бачылі нічога іншага, як ім можа прыйсьці ў галаву, што нешта ня так?

...Васямнаццаць гадоў ужо мінула. Пайшоў дзевятнаццаты. Гэтае пакаленьне пакрысе вырасла, і яно давядзе табе ўсё, што захоча. Яно мае такую раскошу — жыць пры дыктатуры і не заўважаць яе. Вывучаць ідэалёгію і ня мець ніякай. У нейкім сэнсе яно нават вальнейшае — бо нішто так не замінае ў рухах, учынках і словах, як прысутнасьць свабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG