Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плошча яшчэ адбудзецца»


Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

19 сакавіка 2006 году, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пачаліся падзеі менскай вясны. Як склаліся лёсы арганізатараў і ўдзельнікаў Плошчы 2006 году?

19 сакавіка 2006 году, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пачаліся падзеі менскай вясны: на Кастрычніцкай плошчы адбыўся шматтысячны мітынг супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. А 20 сакавіка на «Плошчы Каліноўскага» ўзьнік намётавы гарадок. Як склаліся лёсы арганізатараў і ўдзельнікаў Плошчы 2006 году?

Адзін з арганізатараў намётавага лягера Вячаслаў Сіўчык ужо два гады ў вымушанай эміграцыі ва Ўкраіне. Ён зьехаў туды пасьля падзеяў Плошчы-2010. Вячаслаў Сіўчык, старшыня беларускага цэнтру ва Ўкраіне, кажа, што вяртаньню перашкаджае хваля рэпрэсіяў, якая не спыняецца ў Беларусі. Дагэтуль застаюцца за кратамі яго паплечнікі Мікола Статкевіч і Зьміцер Дашкевіч. «Плошчу Каліноўскага» 2006 году ў Менску Вячаслаў Сіўчык называе «гераічным беларускім чынам» і віншуе з чарговай гадавінай гэтай падзеі:

«І цяпер у даволі цяжкой сытуацыі менавіта падзеі 2006 году даюць пэўную надзею беларускай нацыі. Тады ўвесь сьвет мог пабачыць моц беларускай нацыі, тое, што беларусы заслугоўваюць права выбіраць уладу, таго права, якога яны пазбаўлены. Я спадзяюся, што больш масавыя падзеі ў Беларусі будуць. Бо цяпер склалася такая парадаксальная сытуацыя, калі дыктатар пры ўладзе ўжо больш, чым Леанід Брэжнеў у Савецкім Саюзе. І ўсё гэта даўно ўжо даведзена да маразму, і іншага варыянту, як праз масавыя вулічныя акцыі, для зьмены ўлады проста не існуе. Абарона „Плошчы Каліноўскага“ была вельмі масавай. На жаль, падчас падзей 1200 чалавек было арыштавана і асуджана, шмат хто быў зьбіты. Канечне, гэта ахвяры, якіх нікому не хацелася б несьці, але ж іншага шляху проста няма. Лёс абаронцаў Плошчы ўжо пасьля Плошчы склаўся па-рознаму. Але абсалютная большасьць — гэта людзі, якія ні ў чым не расчараваліся і якія будуць дзейнічаць у наступных беларускіх падзеях».

Валянціна Палевікова
Валянціна Палевікова
Адна з удзельніц намётавага гарадка Валянціна Палевікова цяпер мэнэджэр Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў. Гэта праект Рады Эўропы. Афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі школа не атрымала. Спадарыня Валянціна адзначае, што Плошча 2006 году ніколі не забудзецца:

«Вопыт 2006 году прыдаўся ў жыцьці кожнага, хто там быў. Была ў асноўным моладзь. Яны выбралі шлях на дэмакратычныя перамены. На жаль, многія зьехалі і не вярнуліся ў Беларусь, гэта была „праграма Каліноўскага“ і іншыя. Але ў сваёй большасьці гэта адукаваныя людзі, якія любяць Беларусь, размаўляюць па-беларуску. Пасьля Плошчы тыя, хто трапіў на Акрэсьціна, хто, як мы, быў у Менскай вобласьці, — турма нас таксама аб’яднала. Гэты сьмелы крок запомніўся ня толькі тым, хто быў на Плошчы, але і тым, хто ёй спачуваў. Было мноства людзей, якія прыносілі ежу, дапамагалі чым маглі. Вось гэта была нейкая кропка аб’яднаньня, і яе беларусы бачылі. Важна, што яна адбылася і яна жыве ў сэрцах. Таму ёсьць надзея, што Плошча яшчэ адбудзецца. Адбудзецца новая Плошча, бо перамены не адбыліся».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG