Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 сакавіка 2003 году сілы міжнароднай кааліцыі на чале са Злучанымі Штатамі пачалі баявыя дзеяньні супраць рэжыму дыктатара Іраку Садама Хусэйна.

Нагодай для пачатку вайны сталі падазрэньні, што Багдад распрацоўвае зброю масавага зьнішчэньня. З прычыны закрытасьці ірацкага грамадзтва і таму, што Хусэйн адмаўляўся даць доступ міжнародным інспэктарам на ўсе падазроныя аб'екты, кіраўнікі краін кааліцыі суб'ектыўна былі ўпэўненыя, што Ірак валодае зброяй масавага зьнішчэньня, падчас вайны салдаты кааліцыі трымалі пры сабе адмысловыя строі для абароны ад хімічнай ці бактэрыялягічнай атакі.
Аднак пасьля перамогі высьветлілася, што да 2003 году запасы ірацкай зброі масавага зьнішчэньня былі ўжо зьнішчаныя, а ірацкі дыктатар адмаўляўся ад поўнага супрацоўніцтва зь міжнароднай інспэкцыяй зь меркаваньняў прэстыжу.

Між тым раней Ірак сапраўды меў зброю масавага зьнішчэньня, прынамсі, хімічную, і ўжываў яе супраць цывільнага насельніцтва, у прыватнасьці, супраць курдзкіх паўстанцаў ў 1983-м і ў 1987-88 гадах. Дзеяньні сілаў рэжыму супраць курдаў і шыітаў мелі прыкметы генацыду.

Вайна паклала канец аднаму з самых рэпрэсіўных рэжымаў у сьвеце. Пасьля яе былі знойдзеныя шматлікія масавыя пахаваньні іракцаў, забітых спэцслужбамі і сіламі бясьпекі рэжыму.

У 1990 годзе Ірак Хусэйна кінуў выклік міжнароднай бясьпецы, акупаваўшы суседні Кувэйт. І толькі апэрацыя міжнароднай кааліцыі, праведзеная пад эгідай ААН, тады спыніла агрэсію, разграміўшы ірацкія акупацыйныя сілы.

Скіданьне рэжыму Хусэйна адкрыла шлях для фармаваньня дэмакратычнага Іраку, які не нясе пагрозы міжнароднай бясьпецы. Цяжкасьці станаўленьня новага грамадзтва і новай дзяржавы аказаліся большымі і больш балючымі, чым можна было меркаваць, але за 10 гадоў новая ўлада ў Іраку дасягнула пэўнай кансалідацыі.

Насуперак абвінавачваньням, якія былі папулярныя 10 гадоў таму, ЗША і іх саюзьнікі, пачынаючы вайну, ня мелі на мэце ні вечную акупацыю Іраку, ні поўнага кантролю над ягонымі прыроднымі багацьцямі, найперш нафтай. Летась войскі кааліцыі былі выведзеныя з Іраку, застаўся невялічкі кантынгент для трэнінгу і садзеяньня ірацкім сілам правапарадку і бясьпекі. Ірацкая нафта засталася ўласнасьцю ірацкага народу і ірацкага ўраду, амэрыканскія кампаніі спаборнічаюць на роўных за нафтавыя кантракты ў Іраку з канкурэнтамі зь іншых краінаў, у тым ліку з тых, якія выступалі супраць вайны і падтрымлівалі шчыльныя стасункі з рэжымам Хусэйна.

Сучасны Ірак мае роўныя стасункі з усімі суседзямі і пагроза агрэсіўнай вайны больш не сыходзіць ад яго.


ПЕРАДГІСТОРЫЯ ВАЙНЫ



Згодна з рэзалюцыяй №687 Рады бясьпекі ААН, пасьля завяршэньня вайны 1991 году ў затоцы ў Ірак прыбыла спэцыяльная камісія ААН для нагляду за ліквідацыяй ірацкай зброі масавага зьнішчэньня і спыненьнем праграм распрацоўкі хімічнай, ядзернай, бактэрыялягічнай зброі і ракет вялікай дальнасьці. Камісія пасьпяхова выконвала свае функцыі да 1998 году, калі была вымушаная пакінуць Ірак з-за адмовы ірацкага боку ў далейшым супрацоўніцтве.

Іншым доўгачасовым наступствам вайны 1991 году і рэзалюцыі №687 было ўвядзеньне паветраных зон, у якіх забараняліся палёты баявой авіяцыі Іраку – non-fly зонаў. Гэтыя зоны былі створаныя на поўначы і поўдні краіны для абароны курдаў і шыітаў, якія зазналі рэпрэсіі з боку ўраду Садама Хусэйна. Патруляваньне зон ажыцьцяўлялася амэрыканскай і брытанскай авіяцыяй. Ірацкая сыстэма СПА рэгулярна абстрэльвала самалёты брытанскіх і амэрыканскіх ВПС, якія патрулявалі non-fly зоны, што прыводзіла да зваротных удараў. Узброеныя інцыдэнты ў ірацкім небе пэрыядычна адбываліся са сьнежня 1998 году па сакавік 2003 году, іх колькасьць прыкметна вырасла зь сярэдзіны 2002 году.

На працягу 1990-х гадоў працэс ліквідацыі зброі масавага паражэньня пэрыядычна сутыкаўся з цяжкасьцямі, зьвязанымі зь нежаданьнем ірацкіх уладаў супрацоўнічаць са спэцыяльнай камісіяй. Пад ціскам з боку ЗША і пасьля прыняцьця Радай бясьпекі ААН рэзалюцыі №1441 у лістападзе 2002 году Садам Хусейн нарэшце даў згоду на вяртаньне міжнародных інспэктараў у краіну. Камісія прыбыла ў Ірак і праводзіла пошук зброі масавага паражэньня аж да пачатку ірацкай вайны, аднак ня выявіла ніякіх сьлядоў.
XS
SM
MD
LG