Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: затрыманьні на «Хвалі салідарнасьці»


Берасьцейскія актывісты стваранай партыі БХД Улад Бароўскі, Яўген Хазіаметаў і Андрэй Шарэнда былі затрыманыя падчас спробы вывесіць сьцягі ў гонар палітвязьняў.

Акцыя адбывалася ў межах акцыі «Хваля салідарнасьці», якая праходзіць у розных гарадах краіны. Маладзёны плянавалі вывесіць бел-чырвона-белыя сьцягі каля парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў у Берасьці. Іх затрымалі супрацоўнікі ў цывільным.

Як апавёў каардынатар БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай, хлопцаў пратрымалі ў пастарунку больш за тры гадзіны, пасьля чаго адпусьцілі, не складаючы пратаколаў:

«Іх затрымалі апоўдні людзі ў цывільным, якія, хутчэй за ўсё, сачылі за імі. Хлопцаў завезьлі ў Маскоўскі РАУС Берасьця, дзе іх пратрымалі больш за тры гадзіны, што парушае іхнія правы. Праз чатыры гадзіны без складаньня пратаколу іх адпусьцілі. На гэты раз міліцыянты абмежаваліся гутаркай».

Зьміцер Шурхай ня лічыць затрыманьне выпадковым:

«У нас ёсьць інфармацыя, што акцыю ў Берасьці чакалі. „Хваля салідарнасьці“ была анансаваная ў інтэрнэце, у СМІ, сёньняшні дзень прыпадаў на Берасьце, таму ў горадзе былі разьмеркаваныя міліцыянты ў цывільным, у цывільных машынах, якія займаліся прадухіленьнем акцыі».

Акцыя «Хваля салідарнасьці» адбываецца з ініцыятывы БХД. На Берасьцейшчыне затрыманьні ў часе яе былі толькі ў Баранавічах, калі міліцыянты зблыталі з актывістамі звычайных мінакоў. Баранавіцкія актывісты таксама казалі, што на момант правядзеньня акцыі міліцыянты ўжо былі на месцы.
XS
SM
MD
LG