Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гесэн: Палітычны ўплыў Хадаркоўскага вызначаецца яго ўплывам на Пуціна


Дырэктар расейскай службы Радыё Свабода Маша Гесэн днямі была ўганараваная амэрыканскай прэміяй «Мэдыя для свабоды» за артыкул «Гнеў Пуціна», надрукаваны год таму ў часопісе Vanity Fair. Артыкул прысьвечаны справе Міхаіла Хадаркоўскага, а дакладней, яго двубою з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

«Прэмія „Мэдыя для свабоды“ даецца за выдатныя журналісцкія творы, якія апісваюць сувязь паміж эканамічнай і палітычнай свабодай. Маша распавяла ў сваім артыкуле пра складаны характар эвалюцыі расейскага бізнэсу і яе ўплыў на правы і свабоды чалавека,» — заявіў старшыня журы прэміі Джон Мэлоўн.

Пра прэмію і пра значэньне Хадаркоўскага для Расеі Свабода папрасіла распавесьці ляўрэатку.

РС: Спадарыня Гесэн, можа гэтае пытаньне хутчэй да журы, але на ваш погляд, чым ваш артыкул быў цікавым для заходняга чытача, для чальцоў журы прэміі? Хадаркоўскі быў арыштаваны за 9 гадоў да зьяўленьня вашага артыкулу, усе факты даўно вядомыя. Што новага тут можна было сказаць?

Гесэн: Насамрэч я люблю рабіць такога кшталту тэксты, гэта адна з маіх спэцыялізацый, калі сапраўды шмат вядома, але за безьліччу дэталяў губляецца расповед. І можна вярнуцца на пачатак, распавесьці гісторыю, як гэта пачыналася, чаму гэта адбылося, чым гэта скончылася, што адбываецца зараз — атрымліваецца цікава. Бо гэта сапраўды драматычная гісторыя. Мне невядомыя выпадкі спробы напісаць такую эпічную, прабачце за ўзьнёсласьць, карціну.

РС: Наколькі актуальны гэты двубой паміж Пуціным і Хадаркоўскім зараз, наколькі Хадаркоўскі — сьцяг для рускага пратэсту, для рускай альтэрнатывы?

Гесэн: Калі я пісала гэты тэкст, яшчэ не пачаўся пратэстны рух, калі артыкул быў надрукаваны, ён быў у самым разгары. Тады не было яшчэ ніводнай палітычнай справы, якая была б такой жа знакавай, як справа Хадаркоўскага. Мне здаецца, што зараз зьявіліся і іншыя справы, гэта справа Pussy Riot, гэта «балотная» справа, па якой праходзіць 21 чалавек, і гэты сьпіс расьце.
У гэтым сэнсе Хадаркоўскі быў прадвесьнікам. На прыкладзе яго справы стала зразумелым, як будзе разьвівацца велізарная колькасьць іншых: справаў з аднаго боку палітычных, кшталту справы Pussy Riot, калі бярэцца знакавая асоба, праводзіцца відавочна абсурдны працэс і потым абвяшчаецца пакараньне, якое ўражвае сваёй жорсткасьцю. Упершыню гэты сцэнар адбыўся з Хадаркоўскім.

З другога боку, справа Хадаркоўскага — гэта пралёг, узор велізарнай колькасьці судоў над прадпрымальнікамі, я пра гэта ў сваім артыкуле і пісала. Паводле некаторых ацэнак, да 15% асобаў, якія зараз адбываюць пакараньне ў расейскіх месцах пазбаўленьня волі — гэта людзі, якія так ці інакш патрапілі за краты з-за бізнэсу. І вось гэтая схема адбіраньня бізнэсу была ўпершыню адпрацаваная на справе Хадаркоўскага і яшчэ пары сотняў «юкасаўцаў».

РС: А ці можна казаць пра палітычную ролю Хадаркоўскага? Тры гады таму ў інтэрвію http://khodorkovsky.ru/mbk/articles_and_interview/13565.html
нямецкаму часопісу Der Spigel на пытаньне, ці не былі прычынай яго, Хадаркоўскага, канфлікту з Крамлём яго прэзыдэнцкія амбіцыі, палітвязень адказаў: «У Расеі чалавек з габрэйскімі каранямі ня можа разглядацца як рэальны канкурэнт у гэтых пытаньнях — гэта азбучная ісьціна. І я ніколі не заяўляў пра такое жаданьне, паколькі я ня блазан».

Гесэн: Каб мець палітычны ўплыў і быць маральным аўтарытэтам, неабавязкова балятавацца ў прэзыдэнты. Мне здаецца, што палітычны ўплыў Хадаркоўскага велізарны, бо велізарны ягоны ўплыў на Пуціна і непрыязь Пуціна да яго.

РС: А можа, Пуцін проста патрапіў у пастку? Вядома, у тым ліку і з найноўшай гісторыі Беларусі, што маўчаньне з-за кратаў (а Хадаркоўскі да таго ж і не маўчыць) часам гучней за словы, якія прамаўляюцца на волі. Можа, менавіта трымаючы Хадаркоўскага за кратамі, Пуцін робіць зь яго палітычную і грамадзкую фігуру?

Гесэн: Цалкам магчыма. Але зараз позна ў гэтым разьбірацца. Гэта ўжо ўмоўны лад, бо Хадаркоўскі за гады, што ён правёў за кратамі, заваяваў велізарны маральны аўтарытэт.

РС: Калі не сакрэт — як вы зьбіраецеся распарадзіцца грашовай часткай прэміі, якая складае 50 тысяч даляраў?

Гесэн: У мяне трое дзяцей. Грошы сыходзяць хутка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG