Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі праваабаронца: Непаслухмяным беларускім вайскоўцам пагражае лёс апазыцыі


Сьцяпан Захарчанка. Photo DELFI.lt

Сьцяпан Захарчанка. Photo DELFI.lt

Сьцяпан Захарчанка, былы беларускі вайсковец, атрымаў статус уцекача (на неабмежаваны тэрмін) і пасьведчаньне аб часовым дазволе жыць у Літве на тэрмін цягам 5 гадоў пасьля паўторнага разгляду ягонай проcьбы ў Дэпартамэнце міграцыі.

Летась Літва адмовіла Захарчанку ў прытулку, і яго чакала экстрадыцыя ў Беларусь, якой патрабавалі беларускія улады. Справай зацікавіліся літоўскія праваабаронцы і СМІ, і летась у кастрычніку Віленскі акруговы адміністрацыйны суд абавязаў Дэпартамэнт міграцыі перагледзець заяву беларуса, які прасіў прытулак. Адказ Дэпартамэнту, які чакаўся напрыканцы студзеня, зьявіўся са спазьненьнем на два месяцы.


Кіраўнік аддзелу па пытаньнях уцекачоў Дэпартамэнту міграцыі Літвы Віктар Астраўной (Viktor Ostrovnoj) зьвярнуў увагу на памылку журналістаў: «тэрмін „палітычны прытулак“ не ужываецца ні ў дакумэнтах ЭЗ, ні ў Літве, трэба казаць проста „прытулак“».

Віктар Астраўной патлумачыў, што статус уцекача выдаецца на неабмежаваны тэрмін:

«А пасьведчаньне аб часовым дазволе жыць у Літве дзейнае цягам 5 гадоў, але гэта не тэрмін, які абмяжоўвае статус ці ахову, якую дае Літва ўцекачу. Пасьля 5 гадоў дакумэнт мяняецца ў звычайным парадку і асоба далей жыве ў Літве. Ён не губляе грамадзянства сваёй краіны, але можа атрымаць падарожны дакумэнт уцекача і наведваць іншыя краіны».

Камэнтаваць канкрэтную справу Сьцяпана Захарчанкі Дэпартамэнт міграцыі адмовіўся, паколькі гэта можа закранаць асабістую інфармацыю.

С. Каўшыніс: «Вайсковец, які прадэманстраваў непаслухмянасьць уладзе, фактычна сам зрабіўся апазыцыяй»

Першая адмова Дэпартамэнту міграцыі ЛР на прозьбу Сьцяпана Захарчанкі аб прытулку тлумачыцца тым, што чыноўнікі папросту не мелі поўнай інфармацыі, мяркуе Стасіс Каушыніс, кіраўнік літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў, які дапамагаў беларускаму уцекачу.

«Станоўчае рашэньне было пасьля паўторнага разгляду заявы Сьцяпана Захарчанкі, калі Дэпартамэнт міграцыі атрымаў дадатковую, больш дэталёвую інфармацыю аб тым, як абыходзіцца ўлада ў суседняй краіне з апазыцыяй, як гвалтоўна разганяюцца мірныя дэманстрацыі. Вайсковец, які адмовіўся выконваць загады такой улады, зьбег ў іншую краіну, прадэманстраваў непаслухмянасьць уладзе і фактычна сам зрабіўся апазыцыяй. У такім выпадку, зразумела, што яму пагражае такі самы лёс, які маюць іншыя непаслухмяныя ўладам асобы ў Беларусі, — яны ў турмах», — кажа Стасіс Каўшыніс.

Літоўскі праваабаронца мяркуе, што ў Беларусі няма падставаў крыўдаваць на Літву за адмову выдаць ўцекача.

«Вельмі розныя ў гэтых краінах прававыя сыстэмы, хаця яны і суседкі. У Літве — адныя законы, канвэнцыі, у Беларусі — іншыя, а асноўная канвэнцыя ЭЗ аб правах чалавека там зусім не ратыфікаваная. Выказваць нейкія незадавальненьні з прававога пункту гледжаньня (з боку Беларусі) будзе ніяк не абгрунтавана юрыдычна. Такія рашэньні — цалкам натуральныя рэчы. Напрыклад, Фінляндыя не выдае Літве Гатаева. Здавалася б, немагчымая рэч, мы ў Эўразьвязе, а вось так. А што ўжо казаць пра Беларусь, дзе так адрозьніваецца прававая сыстэма ад літоўскай,» — адзначае Стасіс Каўшынс.

Гэтае рашэньне аб прытулку беларускаму ўцекачу наўрад ці будзе уплываць цяпер на літоўска-беларускія дачыненьні, мяркуе магістр палітялёгіі Артур Юдзіцкі, палітычны ўцекач у Літве.

«Тут будзе уплываць макрапалітычны чыньнік, пасьля няўдачы Беларусі ў перамовах з Расеяй рэжым будзе шукаць сяброўства з краінамі Эуразьвязу, а не сварыцца зь імі зь-за уцекачоў», — адзначае палітоляг.

Беларусам у прытулку ў Літве часьцей за ўсё адмаўляюць

Летась 19 грамадзянаў Беларусі падалі просьбы аб прытулку ў Літве, каля дзясятка просьбаў заставаліся з мінулага году. Зь іх ліку толькі двое атрымалі статус уцекачоў, 14 — дадатковую ахову (замест статусу). Прытулак беларускім грамадзянам Літва дае досыць рэдка, а ці пачуваюцца беларускія ўцекачы ў Літве ў небясьпецы?

«Небясьпека залежыць ад паводзінаў самога ўцекача», — кажа палітоляг Артур Юдзіцкі, які атрымаў статус уцекача ў Літве 5 гадоў таму.

«Тыя, хто сапраўды былі ў небясьпецы ў Беларусі, яны сябе паводзяць вельмі асьцярожна, жывуць сьціпла, для іх тут бясьпячна. Ёсьць тыя, хто прыехалі сюды рабіць бізнэс, займацца палітыкай, ці рабіць бізнэс на палітыцы — гэта іншая катэгорыя, яны прыцягваюць да сябе увагу і часам нэгатыўнае стаўленьне нават з боку мясцовых жыхароў. І ёсьць такія уцекачы, якія сюды прыехалі выконваць заданьні сваіх куратараў КДБ зь Менску, яны, можа тут і ў небясьпецы, але, натуральна, да іх вельмі дрэннае стаўленьне старой беларускай дыяспары. Становішча ў Вільні складанае, напружанае. Адносна спадара Захарчанкі адзначу, што ён не кантактаваў тут з беларускай дыяспарай, ніколі не зьвяртаўся», — кажа Артур Юдзіцкі, палітоляг, актывіст Таварыства беларускай культуры ў Літве.
XS
SM
MD
LG